Страляць нельга пашкадаваць

«Супрацоўнікі ўнутраных справаў і вайскоўцы ўнутраных войскаў у выпадку неабходнасці будуць ужываць спецсродкі ды баявую зброю», – заявіў намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Генадзь Казакевіч, адзначыўшы што «пратэсты сталі арганізаванымі і вельмі радыкальнымі».

Цікава, што заява выйшла напярэдадні распачатых Маршаў пенсіянераў. Дзядулі ды бабулі ці яшчэ не паспелі ўбачыць відэазаявы, ці не спужаліся пагрозаў.

Марш пенсіянераў
Марш пенсіянераў у Менску. 12 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

У заяве пералічваюцца «камяні, бутэлькі, нажы і заточкі», якія выкарыстоўваліся супраць сілавікоў 11 кастрычніка. Згадваюцца барыкады і спаленыя аўтамабільныя пакрышкі. Для незаангажаванага слухача выглядае ўсё сапраўды брутальна. Радыкалы захопліваюць вуліцы: можа, сапраўды трэба іх спыніць максімальна жорстка?

Што гэта: акт запалохвання ці рэальнае абяцанне пачаць страляніну на вуліцах? Давайце разбірацца. Найперш адзначым радыкалізацыю дзеянняў з боку саміх сілавікоў. З 9–11 жніўня не было такіх брутальных разгонаў. Паводле афіцыйных звестак, 11 кастрычніка – 713 затрыманых па ўсёй краіне, пераважна ў Менску. Падчас затрыманняў, людзей зноў моцна збівалі, маральна здзекаваліся. Падчас халоднага надвор’я актыўна выкарыстоўвалі вадамёты. Некаторыя вадамёты палівалі людзей пафарбаванай вадой, каб пазначыць пратэстоўцаў. Не абышлося і без святлошумавых гранатаў. Можна прагледзець дзясяткі відэа, дзе бачна, што гвалт выкарыстоўваецца ў дачыненні звычайных грамадзянаў. Вялізарнага натоўпу радыкалаў не відаць. Увечары, сапраўды, больш актыўнічалі групоўкі маладзёнаў. Але, па-першае, яны вельмі малыя лікам, а па-другое, пара падпаленых апонаў і барыкады з пластыкавых агароджаў (смешна іх назваць такім тэрмінам) – ці нагода для баявых патронаў?

Марш пенсіянераў
Марш пенсіянераў у Менску. 12 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Улады цяпер у патавай сітуацыі. Закруціш гайкі – дрэнна, адкруціш – таксама не цукар. Між тым, акрамя таго, як толькі запужваць ды рэпрэсаваць – нічога не застаецца. Любы дыялог успрымаецца як асабістая слабасць. А ці магчымы ён ужо? З кожным збітым і пакалечаным перспектыва нейкай размовы аддаляецца ўсё больш і больш. І з кожнай новай эскалацыяй грамадскага канфлікту – падзел у грамадстве павялічваецца.

Пратэставы электарат, безумоўна, мае колькасную перавагу, а таксама моцную кансалідацыю. Але, як і раней, большасць далей адседжваецца ў хатах. Тых, хто здымае на тэлефоны, больш, чым тых, каго здымаюць. На перадавой – моладзь, частка інтэлігенцыі, прадстаўнікі ІТ-сферы, індывідуальныя прадпрымальнікі, невялікая частка спартоўцаў. Рэальная моц пратэсту – рабочыя – гэтак і не забаставалі па-сапраўднаму. На ўсіх турмаў не хопіць, але калі сапраўды пачнуць страляць з лятальнай зброі?

Hавiны
11 кастрычніка ў БХМД першым прывезлі юнака з куляй у носе
2020.10.13 10:53

«Ябацькаўскі» электарат значна больш неаднародны. Значная частка чыноўніцтва, напрыклад, заўсёды гатовая хутка перафарбавацца. Гэтак было пры ўсіх рэжымах і ва ўсіх народах. Сапраўднай апорай сённяшняй улады застаюцца толькі сілавікі. У першую чаргу тыя, што «пагналі нашы гарадскіх» па дварах і вуліцах. Ім выдалі карт-бланш на гвалт і беззаконне. Ды ці задумваюцца яны пра тое, што парушаюць закон? Іхныя камандзіры, думаю, што так. А вось асноўная маса «балаклаўшчыкаў», такіх самых маладзёнаў, як і іх асноўныя апаненты, успрымаюць усё, здаецца, як гульню. Сцяна на сцяну. Сафары. Чэмпіянат па Counter-Strike. І калі сёння можна страляць гумавымі кулямі, то чаму б заўтра не паспрабаваць баявымі? «Страляць нельга пашкадаваць» – коску ставіць не ім, а тым, хто аддае загады. І калі коска будзе пастаўленая пасля першага слова, то сумневаў у тых, каму давядзецца выконваць загад, на жаль, не будзе.

Алесь Дзянісаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў