Тэсты ДНК дапамаглі шматдзетнаму жыхару Берасцейскай вобласці высветліць, што ён і не такі ўжо шматдзетны. Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертызаў.
У аддзел прымусовага выканання Лунінецкага раёну звярнулася жанчына, якая распавяла, што з 2017 года яе былы муж не дае грошы на ўтрыманне траіх непаўналетніх дзяцей – хлопчыка і дзяўчынак-блізнятак. Да таго ён шэсць гадоў фінансава падтрымліваў сям’ю.
У адказ мужчына заявіў, што сумняваецца ў сваім біялагічным бацькоўстве. Генетычная экспертыза паказала, што мужчына з’яўляецца бацькам хлопчыка, але не з’яўляецца такім для дзяўчынак.
Цяпер праваахоўнікі праводзяць праверку з улікам экспертызы.
Іншая гісторыя адбылася ў Камянецкім раёне. Там 29-гадовы мужчына больш за тры месяцы ўхіляўся ад выплаты аліментаў на ўтрыманне чатырох непаўналетніх дзяцей – двух хлопчыкаў і дзяўчынак-блізнятаў. На яго таксама паскардзілася былая жонка.
Даследаванне ДНК пацвердзіла бацькоўства. Зараз мужчына адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.
МГ belsat.eu