Рыгор Кастусёў: «Сёлетняя выбарчая кампанія праходзіць у самым жорсткім рэжыме»


Прадстаўнікі апазіцыі і незалежныя назіральнікі называюць сёлетнюю выбарчую кампанію адной з самых брудных за ўсе часы незалежнай Беларусі.

«Сёлетняя выбарчая кампанія праходзіць у самым жорсткім рэжыме ў параўнанні з іншымі кампаніямі па выбарах у Палату прадстаўнікоў. Такога пазбаўлення рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты раней не было, такога не ўключэння нашых прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ніколі не было, такой колькасці папярэджанняў кандыдатам у дэпутаты раней не было. І самае галоўнае: у мінулыя выбарчыя кампаніі ўлады імкнуліся распраўляцца з нашымі актывістам ужо пасля выбараў. У гэту выбарчую кампанію ўлады сабе рукі развязалі», – заявіў старшыня Партыі БНФ, кандыдат у дэпутаты Рыгор Кастусёў на брыфінгу ў Менску.

Аб’ектыў
Студэнты выйшлі супраць «загонаў» на датэрміновыя выбары
2019.11.15 22:34

Палітык адзначыў, што ўжо ёсць факты звальнення з працы актывістаў, у тым ліку кандыдатаў у дэпутаты.

«Напрыклад, кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Васіль Раманаў, лекар з 30-гадовым досведам, у кастрычніку стаў беспрацоўным», – дадаў Рыгор Кастусёў.

Нацыянальны каардынатар кампаніі «Права выбару» Алесь Сілкоў адназначна сцвярджае: парламенцкая кампанія сёлета значна больш брудная, чым у 2016 годзе.

«Гэта адназначна больш брудная кампанія. Яскравы прыклад: сёлета ў Бабруйску пазбавілі акрэдытацыі нашага назіральніка за тое, што ён размаўляў з прадстаўніком АБСЕ. Раней перад прадстаўнікам АБСЕ ўлады імкнуліся стварыць уражанне дэмакратычных выбараў. Але цяпер яны проста перасталі баяцца, яны паводзяць сябе нахабна. Учора, напрыклад, на 63 участках розніца паміж нашымі падлікамі яўкі і афіцыйнымі складала 300-500 чалавек», – падкрэсліў Сілкоў у каментары belsat.eu.

Аб’ектыў
Вяскоўцам надакучыла хамства чыноўнікаў – і вось што яны зрабілі
2019.11.16 22:05

У кампаніі «Права выбару» кажуць пра масавыя выпадкі выдалення назіральнікаў з выбарчых участкаў. А жорсткія выказванні Аляксандра Лукашэнкі наконт дзеяння назіральнікаў успрымаюць як адкрытую пагрозу.

«Цяпер прафесія назіральнікаў стала вельмі небяспечнай», – адзначыў Алесь Сілкоў.

Выконваючы абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат у дэпутаты Мікалай Казлоў мяркуе, што пагрозы Лукашэнкі могуць пасля выбараў пераўтварыцца ў крымінальныя справы супраць назіральнікаў.

«Я не секунды не сумняюся, што гэта магчыма», – адзначыў ён.

18 лістапада ЦВК агучыць папярэднія вынікі выбараў.

Аб’ектыў
Міліцыя забрала з участку «п’янага» назіральніка. У пастарунку аказалася, што ён цвярозы
2019.11.16 21:49

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў