Студэнты выйшлі супраць «загонаў» на датэрміновыя выбары


Тры дні датэрміновага галасавання і амаль 20 % прагаласавалі. Гэтак Цэнтрвыбаркам рапартуе пра хаду выбараў у Палату прадстаўнікоў. Ці сапраўды за тры дні прагаласаваў кожны пяты?

«Яўка ў нас зараз забяспечваецца двума шляхамі. Адзін шлях – гэта прымус да ўдзелу ў галасаванні, калі людзей заганяюць на выбарчыя ўчасткі, прымушаючы іх прагаласаваць менавіта датэрмінова. Другая акалічнасць – гэта нерэальная яўка. Цалкам сфальсіфікаваная, калі лічбы бяруцца проста са столі і прыпісваюцца», – кажа Уладзімір Лабковіч з кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Паводле старшыні ЦВК, датэрміновае галасаванне створана дзеля зручнасці грамадзянаў, але праваабаронцы кажуць, што гэта зручны інструмент для фальсіфікацыяў.

Падчас выбарчага працэсу ўлады ў значнай ступені робяць стаўку на датэрміновае галасаванне. Як паказвае практыка, заганяюць на выбарчыя ўчасткі тых, на каго лягчэй за ўсё націснуць: у прыватнасці, студэнтаў, асабліва тых, што жывуць у інтэрнатах. У мінакоў мы пацікавіліся, ці прымушалі іх галасаваць датэрмінова?

«Ну, так, кажуць, тыпу, маўляў, вы ўжо дарослыя схадзіце прагаласуйце, і вам за гэта нічога не будзе».

«Кажуць, што просяць прагаласаваць. Адзінае што я чуў ад маіх сяброў, якія вучацца, а так – больш нічога».

«Сябры жаляцца, што іх прымушаюць, асабліва тых, хто жыве ў інтэрнаце, нават я чуў, што прыходзілі ў самы інтэрнат, і ціснулі на іх. Ну, гэта такое, больш маральны ціск», – кажуць мінакі.

Днямі факт такога ціску на відэа зняла першакурсніца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту Аліна Шмігель.

«Вы павінны гэта зрабіць да нядзелі. Чаму? Таму што потым пачнуць церабіць загадчыка кафедры Лапцёнка, дэканат. Я не хачу каб маю групу, мяне і ўсіх астатніх з-за гэтага нахілялі».

Пасля публікацыі відэа ў недзяржаўных медыях, дзяўчыну пачалі цкаваць аднагрупнікі, маўляў, тая падставіла выкладчыцу.

«Яна дужа добры куратар, яна робіць абсалютна ўсё для нашай групы, але сваім відэа я хацела паказаць, што на яе давілі зверху, яна выконвала сваю працу, і рабіла тое што ёй сказалі», – кажа студэнтка БДЭУ Аліна Шмігель.

Адказам на незаконныя дзеянні выкладчыцы сёння стаўся пікет студэнтаў Моладзевага блоку. Ля сценаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту Моладзевы блок ладзіць пікет у падтрыманне студэнткі, якая распавяла, як навучэнцаў змушаюць ісці на выбары. Пікет – супраць «загонаў» на датэрміновае галасаванне. Адзін з асноўных лозунгаў маладзёнаў: «Датэрміноўка душыць усіх».

Удзельнікі пікету звяртаюць увагу на асноўнае парушэнне закону, якое адбываецца ў сценах навучальных установаў.

«Парушэнне канкрэтна палягае ў тым, што ніхто не можа быць прымушаны да галасавання. Да часу галасавання, да самых выбараў. Гэта 185 артыкул Крымінальнага кодэксу», – кажа Міхась Варанцоў з «Моладзевага блоку».

Незаконны і ціск, які часта аказваецца на назіральнікаў. У Берасці з выбарчага ўчастка выдалілі Аляксандра Мацвяюка за заўвагі да камісіі.

«У кабінках для галасавання адзначана птушачка, за каго галасаваць, на праўладным кандыдаце – згодна спісу, каторы вывешаны на сцяне. То бок, прыходзіць выбарнік і пытаецца, як яму галасаваць. Яна кажа? Ідзіце ў кабінку, там усё намалявана», – кажа Аляксандр Мацвяюк, выбарчая акруга №3 у Берасці.

А ў Горадні ўвогуле стаўся кур’ёзны выпадак. У запячатаным памяшканні Цэнтральнай акругі №51 за ноч дагары нагамі перавярнуўся дзяржаўны сцяг. Інцыдэнт з удзелам дзейнасці «прывідаў» зафіксавалі назіральнікі.

Таццяна Уласенка belsat.eu