Міліцыя забрала з участку «п'янага» назіральніка. У пастарунку аказалася, што ён цвярозы


Апошні дзень перадвыбарчай агітацыі стаўся самым насычаным на падзеі: у цэнтры Менску на адной пляцоўцы адначасова сабраліся прадстаўнікі палітычных партыяў, якія бяруць удзел у выбарчай кампаніі – як апазіцыйных, гэтак і праўладных.

Каб прывабіць выбарнікаў, кандыдаты ды іхныя партыі выкарыстоўвалі ўсе магчымыя сродкі: ад улётак і плакатаў, да песень з танцамі.

Пакуль каля Камароўскага рынку танчылі прыхільнікі праўладных партыяў, на прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў чыноўнікі ў выбарчых камісіях выклікалі міліцыю.

«Тут свята, а мы толькі што з міліцыі. Сталі здаваць нервы ў старшыняў камісіяў: на нашага назіральніка старшыня проста так узяла і выклікала міліцыю, што ён п’яны. Прыехала міліцыя, завезла ў аддзел на экспертызу, якая выявіла, што ён цвярозы», – кажа каардынатар кампаніі «Права выбару» Алесь Сілкоў.

За час датэрміновага галасавання назіральнікі ад апазіцыйных партый зафіксавалі больш за 350 фактаў парушэння выбарчага заканадаўства, як найменей 16 дэмакратычных кандыдатаў знялі з выбараў, дзясятак пазбавілі магчымасці выступіць на дзяржаўным радыё і тэлебачанні. Пракаментаваць гэтыя факты экс-кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі, былы дэпутат і цяперашні кандыдат адмовіўся.

«Я не буду размаўляць з вамі ўвогуле. Да пабачэння», – заявіў Генадзь Давыдзька.

Паводле афіцыйных звестак, за чатыры дні датэрміновага галасавання ўдзел у выбарах узялі больш за 27 % выбарнікаў. Назіральнікі кампаніі «За свабоду», якія ўзялі пад кантроль менскую акругу № 107, заяўляюць, што гэтыя лічбы завышаныя.

«Камісіі працуюць «чотка»: яны нікога не баяцца: прыпісваюць, нават не зважаючы на тое, што прысутнічаюць назіральнікі, прысутнічаюць «ад званка да званка», – кажа Віктар Янчурэвіч, кандыдат у дэпутаты, якога знялі з выбараў.

«Найніжэйшая актыўнасць выбарнікаў – асаблівая адметнасць цяперашняй выбарнай кампаніі, – кажа палітык Анатоль Лябедзька. – Поўная дэвальвацыя выбарчай мадэлі «Лукашэнка–Ярмошына». Я думаю, што 25 % – гэта тыя, хто рэальна прыйдзе на выбарчыя ўчасткі. Калі б у нас хоць крыху лічылі галасы, то Лукашэнка атрымаў бы фракцыю 5–7 чалавек, не больш, – гэта ягоная столь. У суме, мы змаглі б змяніць сітуацыю, каб у краіне былі выбары».

Асноўны дзень галасавання ўжо заўтра, а 18 лістапада ЦВК агучыць папярэднія вынікі выбараў.

Галіна Абакунчык, «Белсат»