Аб'ектыў 16.11.2019 Вяскоўцам надакучыла хамства чыноўнікаў – і вось што яны зрабілі


Жыхары вёскі Шэвіна пад Віцебскам скарысталіся гэтымі выбарамі ў незвычайны спосаб: яны заявілі мясцовым уладам, што байкатуюць галасаванне, бо чыноўнікі іх ігнаруюць ды абыходзяцца з імі па-хамску.

За 15 кіламетраў ад Віцебску на беразе возера Шэвіна стаіць санаторый Лётцы, які належыць дзяржаўнай Федэрацыі прафсаюзаў. Жыхары вёскі Шэвіна гэты санаторый будавалі, у ім працавалі па 40 гадоў, а з пачатку верасня ім забаранілі карыстацца дарогай у суседнія Малыя Лётцы.

«Мы просім і патрабуем, каб аднеслі гэты плот на 3 метры. Каб людзі маглі спакойна хадзіць. Мы не можам ні на пошту, ні ў краму, ні ў аптэку прайсці, нікуды», – тлумачыць старэйшына вёскі Антаніна Зайцава.

Аўтамабільная дарога, пабудаваная яшчэ ў 30-я гады, пасля разбудовы санаторыю стала пешаходнай.

«Яны кажуць – дарогі не было. Яны забралі ў нас і пешаходную дарогу. Дзверы паставілі», – абураецца Ніна Карнышава.

«І агароды нам выдавалі для тых, хто жыве ў Шэвіна. А цяпер мы вымушаныя свой ураджай цягаць праз лес, дзе не праехаць. Або праз лес 3 км наразаць», – кажа Вячаслаў Піскуноў.

У Шэвіна жыве 80 чалавек, большасць – пенсіянеры, інфраструктура тут нулявая. Раней у Малыя Лётцы яны ішлі дарогай побач з санаторыем. Людзям абяцалі пабудаваць новую пешаходную дарогу ў абыход установы, але ў выніку паслалі або шырокім шляхам – тры кіламетры, або лесам, праз карчы і бруд.

«Нас спіхнулі ў балота, і мы як зверы», – не хавае крыўды Раіса Марчанка.

«Адпрацавала 40 гадоў, і я мушу з торбамі, з вазочкам цягацца па карчах. Я прыйшла і стаю, не магу ісці», – ледзь стрымлівае слёзы Ала Дазорцава.

«Мы што сабакі? Зрабілі нас падзаборнымі людзьмі», – абураецца Валянціна Іванова.

Пасля адпісак ад мясцовых уладаў людзі вырашылі пратэставаць дасяжным спосабам – занеслі ў выбарчыя камісіі заявы, што адмаўляюцца ўдзельнічаць у выбарах.

«Я не магу галасаваць за ўладу, якая не можа ўрэзоніць чыноўнікаў, каб хоць трошку нас паважалі», – тлумачыць Раіса Марчанка.

«Я таксама цяпер пайду з заявай на адмову супраць усіх дэпутатаў. Катэгарычна!» – кажа Валянціна Іванова.

У выбарчай камісіі каментаваць справу са спрэчнай дарогай адмовіліся.

«Гэта трэба паразмаўляць са старшынём выбарчай камісіі або са старшынём выканкаму», – адказала кіраўніца справамі Лятчанскага сельсавету Алена Паўлава.

Менавіта працаўнік землебудаўнічага аддзелу Віцебскага райвыканкаму цяпер балатуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары