Расея можа дазволіць сеяць «наркатычны» мак. Вінаватыя санкцыі


Адмысловая камісія расейскага ўраду ўхваліла праект закона аб парадку вырошчвання ў Расеі «наркатычных» раслін, у прыватнасці, дазволеных гатункаў снатворнага маку (Papaver somniferum L).

«Прапануецца адмяніць дзейсную забарону і вызначыць парадак культывавання раслін для вытворчасці ў медычных мэтах і ветэрынарыі наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў», – паведамляе прэс-служба расейскага ўраду.

Паводле аўтараў законапраекту, у Расеі трэба стварыць «вытворчасць поўнага цыклу наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў».

У даведцы да праекту закона тлумачыцца, што цяпер у Расеі зарэгістраваныя 13 лекавых прэпаратаў на базе опію, дзевяць з якіх з’яўляюцца «жыццёва неабходнымі і найважнейшымі лекавымі прэпаратамі». Яны вырабляюцца на дзяржаўных прадпрыемствах з імпартных фармацэўтычных субстанцый.

На сайце расейскага ўраду падкрэсліваецца, што міжнародны рынак фармацэўтычных субстанцый для вытворчасці прэпаратаў опію кантралюецца групай з 10 кампаніяў, дзевяць з іх знаходзяцца ў юрысдыкцыі дзяржаў, якія ўвялі супраць Расеі санкцыі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў