Прэм'ер Новай Зеландыі атрымала паведамленне ад тэрарыста за некалькі хвілін да атакі на мячэці


Прэмʼер-міністр Новай Зеландыі Джасінда Ардэрн заявіла, што яе канцылярыя атрымала «маніфест» Брэндана Таранта, падазраванага ў нападзе на мячэці ў Крайстчэрчы, за дзевяць хвілін да тэракту.

Пра гэта піша The Guardian.

Паводле Ардэрн, яе канцылярыя была адным з 30 адрасоў, па якіх Тарант адправіў сваё пасланне. Пры гэтым у лісце не паведамлялася ні месца нападу, ні якія-кольвек іншыя дэталі. Маніфест на 74 старонках утрымліваў ультраправыя ідэі і заклікі да змагання з «захопнікамі», якімі тэрарыст лічыў «не белых» людзей.

Ардэрн дадала, што яе канцылярыя апавясціла службу бяспекі пра ліст Таранта праз дзве хвіліны пасля таго, як атрымала яго па электроннай пошце. Аднак перадухіліць напад не ўдалося.

28-гадовы Брэндан Тарант – адзіны падазраваны ў нападзе на мячэці ў горадзе Крайстчэрч 15 сакавіка, у выніку якога загінулі, паводле апошніх звестак, 50 чалавек. Тарант быў затрыманы і застанецца пад вартай да 5 красавіка.

КА/belsat.eu

Стужка навінаў