Аляксандр Гелагаеў Правіла зламанага гадзінніка. Ці сапраўды Беларусі быў патрэбны закон пра «хатні гвалт»?

гісторык, вайсковы аглядальнік

Права на зброю - забяспечвае роўнасць правоў жанчыны лепш, чым увесь фемінісцкі рух.

Кажуць, што нават зламаны гадзіннік два разы ў дзень паказвае правільны час. Падаецца, што беларускія дзяржаўныя ўлады, калі адкінулі распрацаваны ў нетрах МУС «закон пра хатні гвалт», сталі цудоўнай ілюстрацыяй гэтага выслоўя.

Той выпадак, калі пэўная асабістая патрыярхальнасць беларускага лідара згуляла супраць таталітарна-сацыялістычнай прыроды пабудаванай ім уладнай сістэмы.

Няпоўная статыстыка, непублічны законапраект

Прыкладна з 2015 года пачалася сумесная праграма ААН і Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пра супрацьстаянні таму, што ў розных публікацыях называлася або «хатні гвалт», або «гвалт у сям’і». Летам 2018 года зʼявілася інфармацыя пра тое, што МУС ужо распрацавала нейкі закон на гэтую тэму (ніякія дакументы грамадства гэтак і не ўбачыла).

Аднак на днях Аляксандр Лукашэнка фактычна закрыў тэму такога закона публічнымі выказваннямі, у якіх перш за ўсё абараняў фізічныя пакаранні дзяцей як «часам карысныя». Адзначым, што раней функцыянеры МУС прапаноўвалі новым законам проста забараніць такія паводзіны.

Фота з сайту Australian Medical Association

Пры гэтым ніякіх дадзеных і статыстыкі, якія б сведчылі пра тое, што гэта сапраўды найбольш актуальная праблема, і што сучаснае заканадаўства не дазваляе абараняць дзяцей, МУС не паказвала – агучваліся абсалютныя лічбы – 82 факты гвалту ў сямʼі адносна дзяцей за 2017 год. У тым ліку гэта былі 24 пагрозы забойствам, 11 фактаў катаванняў, 14 фактаў лёгкіх цялесных пашкоджанняў, 26 згвалтаванняў і гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару.

Аднак не ўдакладнялася, напрыклад, гэта 82 розныя сямʼі ці, напрыклад, 10 семʼяў, у якіх было 82 розныя факты гвалту. Не ўдакладнялася, які адсотак прыходзіцца на законныя шлюбы, на прыемныя сямʼі, на так званыя «сужыцельствы». Не бачылі мы параўнання з лічбамі злачынстваў супраць дзяцей па-за межамі хаты і сямʼі – у школах і на вуліцах.

Кожная чацвёртая? Не, тры з чатырох! Хто болей?

Не лепш было з афіцыйнай статыстыкай адносна гвалту супраць жанчын у сямʼі. Раней МУС пісала, што на 2014 год ад гэтага пакутавала кожная чацвертая беларуска. Супрацоўнікамі Фонду ААН па народанасяленні паведамляліся лічбы нейкага нідзе не апублікаванага сацыялагічнага апытання, згодна з якім «ад хатняга гвалту пакутуе 3 з 4 беларусак». Пры гэтым, па гэтым жа дадзеным 25% ахвяр нікуды не звяртаюцца па дапамогу. На гэтыя лічбы Фонда ААН спасылалася і МУС.

Аднак, жаночае насельніцтва Беларусі ва ўзросце з 20 па 70 год – больш за 2,5 млн чалавек. Паверым, што 75% з іх пакутуюць ад хатняга гвалту. Атрымліваем прыкладна 1,9 млн ахвяр. З іх, скажам, 25% нікуды не скардзяцца – застаюцца 1,4-1,5 мільёна, якія скардзяцца.

Ролік МУС Беларусі на тэму хатняга гвалту

Здавалася б, каб праблема гвалту над жанчынамі ў сямʼі мела такія маштабы, міліцыя павінна была атрымаць як мінімум 1,4-1,5 мільёна заяваў жанчын на «хатні гвалт» кожны год. Хаця б мільён? Хаця б палова мільёну?

Гэтага, па афіцыйнай статыстыцы таго ж МУС, не адбываецца: «Кожны год у органы ўнутраных спраў паступае інфармацыя пра больш чым 120 тысяч сямейна-бытавых канфліктаў». То бок нават калі лічыць, што ані беларускія дзеці, ані дарослыя мужчыны з іншымі мужчынамі ў сямʼі канфліктаў не маюць і скаргаў нікуды не нясуць, дадзеныя Фонду ААН па народанасяленні або завышаныя ў 10 разоў, або, што таксама вельмі верагодна, проста высмактаныя з пальцу.

Адзначым тут між радкоў, што на самой справе, згодна з дадзенымі МУС, па крымінальных справах, якія кваліфікуюцца як «хатні гвалт», ахвяры – на 50% мужчыны і на 50% жанчыны. Іншая справа, што амаль 90% агрэсараў – гэта таксама мужчыны.

Зноў жа і тут у СМІ МУС не агучвала статыстыкі, што за «сямейна-бытавыя канфлікты» маюцца на ўвазе, якая доля з гэтых канфліктаў прыходзіцца на сапраўдныя шлюбы, а якая проста на сужыцельствы, на поўныя і няпоўныя семʼі, і таму падобныя зʼявы.

Ці забаронены ў нас «хатні гвалт»?

Можа быць нехта здзівіцца, але сапраўды рыторыка вакол меркаванага законапраекту была такая, што быццам бы ў Беларусі дазволена законам збіваць сваіх сваякоў, жонак і дзяцей.

Аднак гэта не так. Існуе цэлая серыя артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія караюць за цялесныя пашкоджанні і здзекі незалежна ад таго, адбываюцца яны на вуліцы і ў хаце, незалежна ад таго, хто агрэсар, а хто – ахвяра.

Ёсць артыкулы і за лёгкія цялесныя пашкоджанні, і за цяжкія, і за катаванні, і за сексуальныя злачынствы. Чым сучасная прававая база дрэнная – МУС не паведамляе.

Але гэта не замінае прапагандзе «калі вы супраць закону аб хатнім гвалце, то вы за тое, каб катаваць сваю жонку».

Маніпуляцыя словамі і лепшымі пачуццямі

Такім чынам, скажам шчыра – намі маніпулююць. І ўрадоўцы МУС, і функцыянеры з міжнародных арганізацыяў. Дзіркі ў статыстыцы замалёўваюць апісаннем асобных сапраўды жахлівых выпадкаў, каб скіраваць нас да адзінай думкі – сітуацыя ў беларускіх семʼях у цэлым (да чорта падрабязнасці!) зусім жахлівая, таму…

Таму давайце новым законам павышаць магчымасці чыноўнікаў і міліцыі лезці ў справы вашай сямʼі, давайце забаронім бацькам даваць дзецям нават плескача, давайце ўводзіць тэрмін «эканамічны гвалт» (гэта калі адмаўляюць у кішэнных грошах).

Агулам, давайце, беларусы і беларускі, цяпер цалкам аддамо дзяржаве праве вырашаць правілы вашага жыцця ў вашых хатах і тое, як вы будзеце выхоўваць сваіх дзяцей. Бо ў дзяржавы з часоў СССР і заканчваючы сённяшнім днём гэта так цудоўна атрымліваецца. Паглядзіце на дзяржаўныя дзіцячыя дамы – чароўны свет, так?

Фота tccl.arcc.albany.edu

Што характэрна, часта такія ініцыятывы па пашырэнні магчымасцяў МУС і чыноўнікаў кіраваць вашым прыватным жыццём падтрымліваюць тыя ж людзі, якія за пару месяцаў да гэтага лаялі і гэтае МУС, і гэтых чыноўнікаў, і ўсю вертыкаль на чале з Лукашэнкам апошнімі словамі. І абсалютна правільна, часам, лаялі – за поўную пагарду да ўласных законаў, таталітарызм мыслення, савецкі тлум у галовах.

Калі хоча кіраўніцтва МУС, калі ёсць палітычная замова на пераслед блогера, палітыка, журналіста, супрацоўнікі МУС пераступаць праз любыя законы. Дык няўжо вы сапраўды верыце, што ім зараз недастаткова правоў, каб змагацца з «хатнім гвалтам», што б пад гэтым не мець пры гэтым на ўвазе?

Можа быць замест таго, каб спрыяць таталітарным імкненням новага часу, варта вучыць дзяцей і дарослых абодвух палоў быць самастойнымі людзьмі, адказнымі грамадзянамі, пашыраць гарызантальную салідарнасць, вучыць людзей даваць адпор агрэсару, даць вольнае права валодаць стралковай зброяй, пашырыць права на самаабарону, вучыць іх ведаць свае правы?

Але як адзіны выхад дзяржаўныя і міжнародныя функцыянеры прапаноўваюць нам даць «усенароднаму бацьку» і ягоным слугам дадатковыя правы кіраваць намі.

Сваеасаблівая барацьба з «патрыярхатам», праўда?

У чымсьці парадаксальна, што як раз гэты «бацька» пакуль такую прапанову адкінуў. Можа таму, што згадаў, як быў не фэйкавым «рэспубліканскім», а проста бацькам сваіх сыноў.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары