Праваабаронцы патрабуюць спыніць ціск і запалохванне людзей праз іхны удзел у выбарчай кампаніі


І адзначаюць, што ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі прэзідэнцкія выбары ад пачатку праходзяць у атмасферы страху, пагрозаў і запалохвання.

Праваабарончыя арганізацыі заклікаюць забяспечыць поўную рэалізацыю фундаментальных правоў і свабодаў чалавека, замацаваных у шэрагу дакументаў, якія Беларусь падпісала. Яны адзначаюць працяг распачатых у траўні 2020 года рэпрэсіяў супраць актывістаў, арганізацыяў грамадзянскай супольнасці і простых грамадзянаў, нягледзячы на папярэднія заклікі.

«Выбарчая кампанія ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі з самага свайго пачатку праходзіць у атмасферы страху, пагроз і запалохвання, ідуць затрыманні і арышты актывістаў ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты і простых выбарцаў, якія ўдзельнічаюць у мірных пікетах па зборы подпісаў», – гаворыцца ў заяве.

Аб’ектыў
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу, у Еўразвязе абмяркоўваюць санкцыі
2020.06.09 22:58

У тэксце заявы прыгадваюцца выпадкі рэпрэсіяў: працяг крымінальнай справы супраць Сяргея Ціханоўскага, ціск на ягоную жонку Святлану Ціханоўскую. Ператрус у галоўным офісе «Белгазпрамбанка», які доўгі час узначальваў адзін з магчымых кандыдатаў у прэзідэнты Віктар Бабарыка, праваабаронцы разглядаюць як спробу ціску.

«У такіх умовах нельга казаць аб правядзенні сумленных і справядлівых выбараў. Рэспубліка Беларусь… заявіла, што воля народа, выражаемая свабодна і сумленна ў ходзе перыядычных і сапраўдных выбараў, з’яўляецца асновай улады і законнасці любога ўрада, і абавязалася паважаць права сваіх грамадзянаў прымаць удзел у кіраванні краінай непасрэдна або праз прадстаўнікоў, якія выбіраюцца імі свабодна ў ходзе сумленнага выбарчага працэсу», – пішуць праваабаронцы.

Пад дакументам падпісаліся Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі Камітэт, «Прававая ініцыятыва», «Беларускі дакументацыйны цэнтр», Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Раней беларускія праваабаронцы публікавалі падобныя заявы з патрабаваннем спыніць пераслед блогера Сяргея Ціханоўскага.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў