Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» нагадала выбарнікам, што фатаграфаванне і перадача свайго бюлетэня трэцім асобам не забароненыя заканадаўствам.
Акрамя таго, удзел у датэрміновым галасаванні не з’яўляецца абавязковым.
З гэтага тыдня па дзяржаўным тэлебачанні пачалі трансляваць ролікі аб правілах галасавання і магчымасці прагаласаваць датэрмінова, дзе гаворыцца, што фатаграфаванне выбарнікамі атрыманых імі выбарчых бюлетэняў і перадача фотаздымкаў трэцім асобам не прадугледжаныя беларускім заканадаўствам.
«Такога кшталту інфармацыя на практыцы можа прывесці да няправільнага разумення правоў і абавязкаў выбарнікаў з боку арганізатараў выбараў і прадстаўнікоў праваахоўных органаў, прывесці да непрадугледжаных законам абмежаванняў правоў грамадзянаў», – адзначаецца ў заяве праваабаронцаў.
Яны звяртаюць увагу, што нормамі дзейнага выбарчага заканадаўства не ўстаноўлена забарона на фатаграфаванне бюлетэняў, а таксама на любыя іншыя дзеянні з імі (пашкоджанне, знішчэнне ці вынас з участка).
Таксама выбарчае заканадаўства не прадугледжвае ніякіх забаронаў на добраахвотную перадачу выбарнікам фотаздымкаў бюлетэня (у тым ліку з адзнакай за канкрэтнага кандыдата) трэцім асобам. Ніякай адказнасці гэтыя дзеянні за сабой не цягнуць. Адпаведна любыя патрабаванні аб спыненні дадзеных дзеянняў з боку сябраў выбарчых камісіяў, міліцыі, іншых асобаў, будуць насіць заведама незаконны характар.
Таксама праваабаронцы нагадваюць, што ўдзел у датэрміновым галасаванні з’яўляецца правам, а не абавязкам грамадзяніна: выбарнік сам вырашае ці прымаць яму ўдзел у галасаванні.
«Кантроль, прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, як і ў выбарах у цэлым, з’яўляецца парушэннем закона і цягне адпаведную адказнасць», – дадаюць яны.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 9 жніўня.
КА belsat.eu