Аляксандр Фядута Працягнутая рука лепш працягнутых ног

паліткансультант

Інтэрв’ю міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея, якое ён даў «Euronews», можна расцэньваць як сенсацыйнае.

Адбіваючыся ад настойлівага інтэрв’юера, які звяртаў увагу на шматлікія затрыманні ўдзельнікаў акцый 25 сакавіка, Уладзімір Уладзіміравіч заявіў: «Не, яны не былі арыштаваныя. Ніхто не быў арыштаваны ў сувязі са святкаваннем гэтага дня. Так, некалькі чалавек былі затрыманыя, але за парушэнні закона, якія здзейснілі раней. Я спадзяюся, Вы зможаце атрымаць больш поўную і канкрэтную інфармацыю ў Міністэрстве ўнутраных справаў». Праўда, карэспандэнт адразу заявіў, што гэткай інфармацыі ім ніхто не даў, але мы разумеем – унутраныя справы тым і адрозніваюцца ў нашай сітуацыі ад замежных, што за іх адказвае не Уладзімір Макей. А Макей адказвае, у прыватнасці, за зусім іншае – і звяртае ўвагу на іншае:

«Гэта вельмі важна, бо гэта ўжо якасна новая сітуацыя. Дзяржава прадэманстравала гатоўнасць супрацоўнічаць са сваімі апанентамі, працягнула руку. І, на шчасце, большасць канструктыўных прадстаўнікоў беларускай апазіцыі прынялі гэтую прапанову. Але ёсць людзі, якія працягваюць захоўваць неканструктыўную пазіцыю ў адносінах да ўладаў… »

Ой, Уладзімір Уладзіміравіч! Працягнутая беларускай дзяржаве больш за год таму рука Іосіфа Сярэдзіча, які прапаноўваў правесці круглы стол і абмеркаваць будучыню краіны, працягвае боўтацца ў паветры, і ніхто яе не паціскае – куды ўжо больш канструктыўна? Ад 2010 года – гэта значыць, з таго моманту, калі вы адказваеце за міжнародную палітыку – улада паводзіць сябе як хворы, які пакутуе на нервовы цік: яна не ведае, на што глядзець, як сябе паводзіць, а таму закрывае па чарзе вочы, каб мець магчымасць у любы момант сказаць: «Мы не бачылі гэтай працягнутай рукі! Яе не было! Можа быць, і была, але яе апусцілі раней, чым мы яе заўважылі!»

І трэба яшчэ дзякуй сказаць, што ніхто камень не паклаў у яго (Сярэдзіча – не Сярэдзіча, ды Бог з ім, з Сярэдзічам – Дашкевіч руку з нагоды Курапатаў працягваў!) – карацей, як пісаў Лермантаў, камень у яго працягнутую руку. Маглі самі гэты камень падкласці, а потым абвінаваціць у спробе гвалтоўнага звяржэння ўлады філістымлянаў з прашчой у руках. Ці пра аўтамабіль, начынены падазроным рыштункам, «прарваўся» напярэдадні 25 сакавіка 2017 года скрозь беларуска-ўкраінскую мяжу, якую намёртва ахоўваюць нашыя памежнікі, міністр замежных справаў нічога не чуў?

Але – вернемся да працягнутай рукі. Дзяржава рукі грамадству ў дадзеным выпадку не працягвала, і не трэба ашуквацца і не падманваць прагрэсіўнае чалавецтва. Дзяржава ўсяго толькі дазволіла грамадству адсвяткаваць стагоддзе гістарычнай даты ў форме, якая найбольш задаваляе дзяржаву. Працягваюць руку – гэта калі вылучаюць ініцыятыву. І ў дадзенай сітуацыі такая ініцыятыва цалкам можа быць. Дзяржава кажа – вуснамі прэзідэнта, а не яго тэхнічных працаўнікоў кшталту Лідзіі Ярмошынай – пра тое, што яно разглядае пытанне аб ініцыяванні рэферэндуму з мэтай змены Канстытуцыі. Ну, Уладзімір Уладзіміравіч, працягніце руку!

Прадэманструйце, што вы сапраўды гатовыя абмяркоўваць будучыню краіны, а не заганяць «канструктыўную частку апазіцыі» у оперна-балетнае гета! Не хочаце бачыць за адным сталом з сабой Някляева са Статкевічам – запросіце Матолька ды Зісера. Яны людзі вельмі недурныя, шмат чаго цікавага сказаць могуць. І падказаць.

Але, баюся, ўся дэмакратыя цяперашняй беларускай адлігі паварочана ў мінулае краіны, а не ў будучыню. А таму і заявы міністра замежных справаў інакш як у кантэксце замежных справаў – гэта значыць, ветліва-зялёна-чалавечае «бла-бла-бла» у «абмежаваных» міліцыяй памерах – разглядаць і ацэньваць не варта. Гэта не для нас з вамі, грамадзяне, гаворыцца. Мы гэтага не чулі.

Аднак, вядома, лепш, калі дзяржава хоць бы гэткім сумнеўным чынам працягвае руку грамадзянскай супольнасці – пасля таго, як дваццаць з лішнім гадоў дамагалася, каб грамадзянская супольнасць працягнула ногі.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары