Прапанова пра мір, абвешчаная закладнікам. Чаго ж хочуць тыя, хто лічыць сябе ўладай?

Учора яшчэ адзін дзяржаўны тэлевізійны канал – гэтым разам СТВ – паказаў, а БелТА размясціла на сваім YouTube-канале – маналог палітычнага зняволенага Юрыя Васкрасенскага.

У адрозненне ад першага запісу, Юрый ужо відавочна не пад уздзеяннем якіх-небудзь нейралептыкаў ці іншых псіхатропных рэчываў. Пра магчымыя метады ўздзеяння сведчыць хіба што лёгкая крывяная пляма ў кутку рота – але і гэта магло мне падацца. І здымка ў іншым памяшканні: раскошная скураныя канапа, у куце якой сядзіць Юрый Валер’евіч, хутчэй за ўсё, месціцца ў пакоі адпачынку або ў кабінеце якога-небудзь з кадэбэшных генералаў.

Фота: «Белсат»

Як і ў першым выпадку, Васкрасенскі нікога ні ў чым не абвінавачвае. Маналог яго, які зрэдку перабіваюць пытанні асобы, якая прадбачліва выйшла з кадра, нагадвае, хутчэй, акадэмічныя разважанні пра прыроду «каляровых рэвалюцый» ды іншых формаў пратэсту (сам Юры, нагадаю, паводле адукацыі палітолаг). А вось фінал вельмі цікавы. Зняволены СІЗА № 1 КДБ (сам быў 109 дзён у такім статусе) звяртаецца да групы сваіх знаёмых, у тым ліку і да мяне, з прапановаю сесці за стол перамоваў і пачаць абмяркоўваць будучыню краіны.

Ўсцешаны. Мяне Юрый Валер’евіч згадаў першым.

Не думаю, што такая думка пра стол перамоваў прыйшла вязню Васкрасенскаму ў галаву самастойна. Хутчэй за ўсё, ён агучыў тое, што запрапанавалі яму суразмоўцы, якія відавочна валодаюць большай інфармацыяй пра тое, што адбываецца па-за межамі СІЗА, а таму фармулююць нейкі дзяржаўны заказ на чарговае «адзінства дзеля краіны».

Мірны пратэст пад дажджом на плошчы Незалежнасці. 19 жніўня, 2020 г. Менск, Беларусь.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Я заўсёды выступаў за дыялог улады і апазіцыі. Заўсёды. Выступіў бы і цяпер. Але прапанова гэтага дыялогу паступіла з вуснаў зняволенага, таму злёгку чуваць пах згусцелай крыві. І незразумела, наколькі шчырым з’яўляецца гэтая прапанова, агучаная чалавекам, які дагэтуль пазбаўлены магчымасці сустрэцца са сваім адвакатам. Гэта – першае.

Другое. Цікава, як сабе гэта ўяўляюць тыя, хто здымаў Юрыя Валерʼевіча і запусціў гэты сюжэт у эфір. Куды я павінен прыйсці для ўдзелу ў дыялогу? У СІЗА КДБ – у тую самую «амерыканку», дзе я ўжо быў? І мы з Юрыем будзем перагаворвацца праз куленепрабівальнае шкло ці праз краты? Пра будучыню краіны? Можа, для пачатку ўлада прынамсі выпусціць і самога Васкрасенскага, і рэшту палітычных зняволеных, у тым ліку Віктара і Эдуарда Бабарыкаў? Тады стала б зразумела, што дыялог будзе адбывацца, прынамсі, не ў «амерыканцы».

Інтэрв’ю
Брутальна затрымалі актывіста штабу Віктара Бабарыкі Юрыя Васкрасенскага. Абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў
2020.08.13 23:36

Трэцяе – хто будзе другім суб’ектам гэтага дыялогу пра будучыню? Юрый Васкрасенскі? Даруйце, але калі я захачу з ім пагаварыць пра будучыню, мы спакойна сустрэнемся пасля яго вызвалення ў менскай кавярні, замовім кавы і паразмаўляем. Тым больш, напярэдадні арышту Юра прывёз мне з Масквы падарунак – двухтомнік паэзіі Варлама Шаламава, аўтара «Калымскіх апавяданняў». Так што і вершы пачытаем услых, і ўласнымі турэмнымі ўражаннямі абмяняемся.

– Не – запярэчыць мне мой завочны суразмоўца, – Вы ж з апазіцыі, старой і новай. – Вось, пагаварыце з уладай.

І тут у мяне ўзнікае іншае пытанне.

Дапусцім, што ўлада – гэта ўсцяж Аляксандр Лукашэнка. Што – не Ціханоўская, якая пакуль не ўступіла на прэзідэнцкую пасаду, гэта я разумею. Але тады ён і павінен выказваць жаданне ўступіць у дыялог. А ўсё тое, што я пакуль чую з вуснаў спадара Лукашэнкі, – гэта пагрозы ў кірунку пратэстоўцаў. Бясконцыя пагрозы, хоць і цьмяныя. Усе словы, што сказаў міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, пра тое, што Лукашэнка адкрыты для дыялогу, нагадваюць трызненне сівога каня, які ўпіўся каньяком. Ніводнага слова, якое выказвала бы гатовасць да прымірэння, мы так і не пачулі. Акрамя таго, гэтая пазіцыя падмацоўваецца ашалелай прапагандай дзяржаўных тэлеканалаў, суворым пабліскваннем вачэй генерала Караева і паказальнымі ўзнагародамі для кіроўцаў аўтазакаў. Дзе жаданне міру і сумеснага будаўніцтва дзяржавы? Не бачу. Не чую. Не веру.

Мірны пратэст пад дажджом на плошчы Незалежнасці. 19 жніўня, 2020 г. Менск, Беларусь.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Калі тыя, хто лічаць сябе ўладаю, сапраўды хочуць грамадзянскага міру, для пачатку – паўтаруся – трэба выпусціць палітычных зняволеных і разабрацца з тымі, хто біў і нявечыў ні ў чым не вінаватых людзей. Гэта і будзе жэстам добрай волі. Тады можна садзіцца і размаўляць. І я буду сярод тых, хто будзе гатовы да такога дыялогу – са зразумелым фарматам і магчымай рэалізацыяй ідэй. Але да таго часу, прабачце, сумленне не дазволіць. Нават калі мне трэці раз пакажуць па тэлевізары майго сябра Юрыя Васкрасенскага: яму ж зноў забудуць выцерці ледзь прыкметную крывяную пляма ў кутку рота.

Аляксандр Фядута belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў