Прадстаўнікі камісіі распавялі, як старшыня фальсіфікавала вынікі галасавання


Працаўнікі «Цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Кантакт» распавялі «Белсату» пра фальсіфікацыі, якія адбываліся ў іх камісіі падчас выбараў прэзідэнта. Ініцыятарам крымінальнага злачынства выступіла кіраўніца ўстановы і камісіі Алена Ліпень.

На выбарчым участку № 3, які размяшчаўся ў сярэдняй школе № 32 сталіцы, прадстаўнікі камісіі сталі сведкамі фальсіфікацыі. Старшыня камісіі Алена Валянцінаўна Ліпень змяніла вынікі галасавання на карысць Аляксандра Лукашэнкі.

«Частка прадстаўнікоў камісіі хочуць распавесці, што сталі сведкамі маніпуляцыі на выбарах. Калі казаць у двух словах, то стос бюлетэняў за Ціханоўскую проста пераклалі ў стос бюлетэняў за Лукашэнку. І людзі гатовыя пра гэта распавесці. 17 жніўня мы збіраемся зладзіць сустрэчу з калектывам установы і публічна агучыць пра злачынства. Насамрэч нашая дырэктарка даволі добры чалавек. Я не магу сказаць кепскага пра яе, як асобу, як кіраўніцу. Але яна як зачараваная, топіць за Лукашэнку. Не хоча, каб інфармацыя пра фальсіфікацыі распаўсюджвалася, пагражае звальненнямі. Таму нам не застаецца іншага, як выказаць ёй недавер і заявіць, што адбывалася крымінальнае злачынства», – распавёў «Белсату» прадстаўнік камісіі Юрый Вальчук.

Алена Ліпень.
Фота: Белсат

Юрый Вальчук працуе намеснікам дырэктара цэнтра дадатковай адукацыі «Кантакт» па гаспадарчай частцы. Ён і стаў ініцыятарам звароту. А на сустрэчу, якая анансуецца, запрасіў кіраўніка ўпраўлення адукацыі Цэнтральнага раёну Менску і жыхароў, якія галасавалі на ўчастку № 3.

«Мы гатовыя далучыцца да нацыянальнага страйку. Але з улікам таго, што вядзецца падрыхтоўка да новага навучальнага году, мы агучваем, што працягваем працаваць, але выходзім з падпарадкавання Упраўлення адукацыі адміністрацыі раёну, пакуль яны не прызнаюць факт злачынства. Мы ў любым выпадку з’яўляемся юрыдычнай асобай», – дадае Юрый Вальчук.

Дырэктарка «Цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Кантакт» Алена Ліпень адмовілася каментаваць сітуацыю.

«Я ніякіх інтэрвʼю не даю», – сказала карэспандэнту «Белсата» Алена Ліпень і кінула слухаўку.

Сустрэча, на якой прадстаўнікі камісіі маюць агучыць сваю пазіцыю і распавесці пра крымінальнае злачынства, адбудзецца 17 жніўня а 10.00 гадзіне ў актавай зале ўстановы, якая знаходзіцца па адрасе вул. М. Танка, 8.

Hавiны
«План Б» – пералік галасоў пасля падмены бюлетэняў
2020.08.15 13:38

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў