Віталь Портнікаў Падзенне Маралеса – урок для Пуціна і Лукашэнкі

Украінскі публіцыст, пісьменнік і тэлевядучы.

Паліцэйскі размахвае нацыянальным сцягам на даху участка падчас пратэсту супраць прэзідэнта Балівіі Эва Маралеса ў Ла-ПАСЕ, Балівія, 9 лістапада 2019 года. Фота – KAI PFAFFENBACH / Reuters / Forum

За некалькі дзён да свайго сыходу ў адстаўку балівійскі прэзідэнт Эва Маралес паспеў апублікаваць віншаванне, якое расейскі калега Уладзімір Пуцін адправіў яму пасля «перамогі» на выбарах кіраўніка дзяржавы. На выбарах, на якіх Маралес з пункту гледжання Канстытуцыі сваёй уласнай краіны наагул не мог бы балатавацца, калі б не дазвол лаяльнага Канстытуцыйнага суда. На выбарах, фальсіфікацыі вынікаў якіх адзначаліся літаральна ў першыя гадзіны пасля апублікавання вынікаў і якія прывялі да масавых пратэстаў насельніцтва.

Уладзімір Пуцін мог бы пачакаць – як чакалі дазволу балівійскага крызісу шматлікія іншыя кіраўнікі дзяржаваў. Але чакаць – не па крамлёўскіх правілах.

Прэзідэнт Балівіі падаў у адстаўку

 

Пуцін і дыктатары, што страчваюць ўладу

Віншаванне Пуціна – не віншаванне нават, а заахвочванне. Заклік рашуча дзейнічаць супраць «бунтаўнікоў».

Іншага няўдалага пераможцу прэзідэнцкіх выбараў – Віктара Януковіча ў 2004 годзе, падчас першага Майдану – Пуцін віншаваў двойчы, і гэтыя яго пасланни ўжо ўвайшлі ва ўкраінскі палітычны фальклор.

Пуцін спяшаецца не выпадкова, таму што можа атаясамліваць сябе з кожным дыктатарам, што губляе ўладу.

Эва Маралес кіраваў Балівіяй на 6 гадоў менш, чым Пуцін Расеяй – з 2006 года. І, як і шмат якія палітыкі-папулісты, карыстаўся відавочнай папулярнасцю ў большасці суайчыннікаў. Менавіта гэта дазваляла яму заставацца ва ўладзе тры тэрміны запар насуперак патрабаванням закона – суд у 2014 годзе не залічыў яму першага тэрмін прэзідэнцтва, што дазволіла Маралесу балатавацца на трэці тэрмін як на другі, а калі прыйшоў час чацвёртага тэрміну, які пры ўсім жаданні нельга было абвясціць другім, пачаліся новыя маніпуляцыі з законам і Канстытуцыяй.

У Балівіі пратэстоўцы захапілі рэдакцыі дзяржаўных СМІ

Лаяльнасць штыкоў

І чым гэтая балівійскі практыка адрозніваецца ад «бясконцасці» Аляксандра Лукашэнкі ці маніпуляцыяў Пуціна, які даседжваў законны чацвёрты тэрмін дзякуючы «ракіроўцы» з Дзмітрыем Мядзведзевым?

На першы погляд, толькі геаграфіяй. Але на практыцы аказваецца, што неабходнай умовай існавання такога рэжыму з’яўляецца лаяльнасць штыкоў – аўтарытарныя кіраўнікі нашага часу ў літаральным сэнсе сядзяць на штыках і пры першых жа прыкметах адсутнасці падтрымання ці хаця б нейтралітэту ўзброеных сілаў і паліцыі ратуюцца ад свайго любімага народа ўцёкамі.

Менавіта таму Януковіч у 2014 годзе апынуўся ў Расеі, а Маралес паляцеў са сталіцы Балівіі на першым жа запраўленым самалёце. А Нікалас Мадура працягвае здзекавацца з Венесуэлы менавіта таму, што зʼяўляецца стаўленікам вайсковай клікі, якая пакуль яшчэ не адмовіла яму ў падтрымцы.

Якую сілу меў бы рэжым Пуціна, калі б за ім не стаяў саюз чэкістаў і алігархічнай мафіі?

Таму віншаванне Маралесу было дэманстрацыяй салідарнасці тых, хто можа ва ўтрыманні ўлады разлічваць толькі на сілу, а не на сумленную канкурэнцыю. Сілу штыкоў, сілу прапаганды, сілу падачак «чалавеку з ружжом».

З уцёкаў балівійскага прэзідэнта ў Маскве ці Менску могуць зрабіць толькі адну простую выснову: паліцэйскую дзяржаву трэба ўмацоўваць, бо народная любоў рана ці позна праходзіць, а патрон і дубінка застаюцца.

У Балівіі будуць судзіць калегаў Ярмошынай

Віталь Портнікаў /МВ для belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары