«Падзенне анёла» лідаруе ў кінапракаце ЗША

Сусветная прэм’ера апошняга блокбастару лета-2019, «Падзенне анёла», адбылася ў Лос-Анджэлесе 20 жніўня. Кінакрытык Сяргей Філімонаў аналізуе фільм спецыяльна для «Белсату».

Фота: Jack English/Lionsgate

У фільме «Падзенне анёла» ідзе гаворка пра няўдалы замах на жыццё прэзідэнта ЗША (яго грае Морган Фрыман). Ягоныя ахоўнікі забітыя. Прэзідэнта ратуе Майк Бэнінг. Гэтую ролю шатландскі актор Джэрард Батлер выконвае ў трэці раз. У фільме «Падзенне Алімпу» (2013 год) паказаны захоп прэзідэнцкага офісу ЗША тэрарыстамі. У фільме «Падзенне Лондану» (2016 год) распавядаецца пра тэрор на берагах Тэмзы, а ў «Падзенні анёлаў» тэрарысты прадстаўляюць справу так, быццам замах арганізаваны Масквой. У фільме ЗША і Расея аказваюцца на мяжы пачатку вайны. Аднак сцэнар прысвечаны міралюбнасці Амерыкі, яе імкненню ўмацаваць спакой ва ўсім свеце. У прэмʼерны ўікэнд (23 – 25 жніўня) «Падзенне анёла» узначаліў кінагітпарад ЗША. Пракат у Беларусі ідзе з 22 жніўня да 4 верасня, у Літве і Латвіі – з 30 жніўня.

Колькі «падзенняў» можа перажыць Джэрард Батлер і яго герой-целаахоўнік Майк Бэнінг? Падзенні «Алімпу», «Лондану», а цяпер і «Анёла». Здавалася б: ва ўсіх фільмах сюжэт аднолькавы. Але трэцяя серыя выглядае асаблівай.

Негатыўная рэцэнзія: ТАКІХ герояў мы бачылі сто разоў

Можна лёгка пералічыць набор штампаў, якімі кінакрытыкі грэбліва абклейваюць зацёртыя баевікі, часта іх не гледзячы. «ТАКІХ герояў нам паказвалі сотню разоў». «ТАКІЯ пагоні мы бачылі шмат». «ТАКІ пафас прэ з усіх галівудскіх відовішчаў на ТАКІЯ тэмы». «Джэрард Батлер здольны гуляць выключна ТАКІЯ ролі». Целаахоўнік ратуе прэзідэнта ЗША пры замаху, арганізаваным «каршаком» вайны. Целаахоўніка ж і абвінавачваюць у тым замаху. «ТАКОЕ» сапраўды было на экранах шмат разоў. Добра. А што, калі ўжыць ТАКІ падыход да гэтак званых артгаўсных фільмаў? З бясконцымі дыялогамі і невымоўнай нудотай? Будзе тое ж самае, толькі наадварот. Што выдатна пасуе адной аўдыторыі, катэгарычна не пасуе іншай?

Добрая рэцэнзія: настальгія па старых баевіках канца 80-х

Заўсёды варта пачынаць размову пра фільм з пытання «як усё зроблена?» У выпадку «Падзення Анёла» адказ просты: на выдатным узроўні для гэтага жанру! Фільм не топчацца на месцы, не засмечаны лішнімі развагамі, насычаны сучаснымі тэхналогіямі, непрадказальны ў дробязях, выдатна змантаваны і не правісае нават у выпадку лірычных адступленняў. Напрыклад, бацька героя ў выкананні Ніка Нолці (актору 78 год!) акумулюе ў сабе выбухны гумар, які нярэдка адсутнічае ў такіх сюжэтах. Ды і Морган Фрыман у свае 82 гады выклікае сапраўдную павагу. А што з маральнага пункту гледжання? Таленавіты прадукт, які зусім не раздражняе патрыятычным для амерыканцаў сэнсам. Стрыманы пафас, дзе на чале – сямʼя і спакой на зямлі, а не заклік «закідаць усіх шапкамі». А як відовішча суадносіцца з масавай свядомасцю? Там жа шмат стэрэатыпаў, праўда? «Падзенне Анёла» уваскрашае настальгію па старых баевіках канца 80-х. Як быццам ты зноў робішся падлеткам і захоплена сочыш за развіццём сюжэту, які захапіў тваю ўвагу.

Фота: pictures.reuters.com

Вердыкт: ацэнка 7 з 10

Так, «Падзенне анёла» нагадвае аб класічных узорах экшан-жанру. І пры гэтым яно не горш! Так, фільм складаецца са звыклых сцэн і паваротаў. Але ён энергічны і ў чымсьці свежы. Заслуга рэжысёра? Магчыма. Папярэднія «падзенні» – Лондану або Алімпу – здаваліся другаснымі, а гэтае «падзенне» упэўнена выйграе ў фільмаў сваёй франшызы. Мая ацэнка 7 з 10.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў