Незалежныя назіральнікі: на некаторых участках яўка перавысіла 100%


Перад участкамі № 21 і № 22 у менскай гімназіі № 43 па вуліцы Казіміраўскай сабраліся вялікія чэргі, паведамляе TUT.by.

На менскіх участках № 21 і № 22 пры гімназіі №43 па вуліцы Казіміраўскай сабраліся такія вялікія чэргі, што на іх ужо мусіць быць ужо больш за 100% яўкі.

У спісах выбарцаў на гэтых участках ёсць 5,8 тысячаў чалавек. На датэрміновым галасаванні яўка склала больш за 2 тысячы чалавек. У асноўны дзень галасавання, паводле звестак незалежных назіральнікаў, на ўчастак зайшлі ўжо 5,8 тысячаў чалавек. У чарзе на вуліцы стаяла яшчэ некалькі соцень асобаў. Такім чынам, яўка ўжо мусіць перабольшыць 100 %.

Таксама на гэтых участках шмат хто наракаў на вялікую колькасць выдадзеных ім ужо сапсаваных бюлетэняў.

Яшчэ на адным участку яўка перавысіла 100 %

Гэтыя ўчасткі не адзіныя ў Менску, дзе незалежныя назіральнікі зафіксавалі больш за 100 % яўкі. Як распавяла назіральніца кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Анастасія Зайкоўская, на ўчастку №1 Кастрычніцкага раёну Менску па стане на 14:30 ужо яўка была амаль стоадсоткавая, але пры гэтым людзі працягвалі ісці. Потым Зайкоўскую выгналі з участку і назіраць далей яна не мела магчымасці.

Там паводле пратаколаў выбарчай камісіі на датэрміновым галасаванні прагаласавала 835 чалавек. Агулам за ўчасткам замацаваныя 1498 выбарцаў. Да 14:30 паводле падлікаў Зайкоўскай, пасля яе выгналі з участку, прагаласавала 640 чалавек. Гэтак, да 20:00 на ўчастак павінны былі прыйсці 23 чалавекі, каб яўка была стоадсоткавай. Аднак паводле яе, на ўчастак пастаянна ідуць людзі.

«Ёсць фота, ёсць мае лісты падліку яўкі, ёсць камеры ў школе. Але старшыня лічыць сябе вышэй за ўсё і ўпэўнены, што яму нічога не будзе. Проста пасмяяўся мне ў твар. А пазбавіўшы акрэдытацыі не па законе яшчэ і сказаў: «Можаце падаваць апеляцыі, скаргі, што заўгодна. Але праз чатыры гадзіны камісія расфармоўваецца і вам ніхто не адкажа. І акрэдытавацца вы, відавочна, ужо не паспееце, а вашыя падлікі звонку нікога не цікавяць», – распавяла пра інцыдэнт назіральніца кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Паводле звестак ЦВК яўка склала 79 %.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў