Беларусь усё-ткі арганізуе эвакуацыйны рэйс з Ізраілю


На 6 лістапада амбасада Беларусі ў Ізраілі запланавала адзін рэйс з Тэль-Авіву ў Менск для беларусаў, якія жадаюць зʼехаць з краіны.

У паведамленні амбасады рэйс называецца гуманітарным, але пры гэтым ён будзе выконвацца на камерцыйнай аснове. Кошт білетаў на самалёт не называецца.

«Цяпер прадстаўніцтва «Белавія» ў Тэль-Авіве актуалізуе звесткі аб беларускіх грамадзянах у Ізраілі, якія жадаюць зарэгістравацца на рэйс. Выкананне рэйса, яго дакладная дата і час будуць пацверджаны дадаткова праз індывідуальны кантакт», – паведамляе амбасада.

Рэзервовая дата рэйсу – 9 лістапада.

Нагадаем, 7 кастрычніка баевікі «Хамас» правялі беспрэцэдэнтную атаку на Ізраіль, у выніку якой былі забітыя каля 1400 чалавек і ўзятыя ў закладнікі больш за 200 чалавек. У адказ Ізраіль пачаў наносіць паветраныя ўдары па інфраструктуры «Хамас» і рыхтавацца да наземнай аперацыі. Ракетныя абстрэлы тэрыторыі Ізраілю з боку баевікоў таксама трываюць.

Ужо на дзень 12 кастрычніка ў амбасадзе Беларусі ў Ізраілі звярнуліся больш за 500 беларусаў. Тады ў дыпламатычнай місіі заяўлялі, што пакуль пра нейкія цэнтралізаваныя эвакуацыйныя захады гаворкі не ідзе, і нібыта гэтае пытанне толькі прапрацоўваецца.

19 кастрычніка міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў, што беларусаў з Ізраілю не эвакуююць нібыта праз санкцыі ЗША супраць «Белавіі».

Hавiны
Ужо 20 сем’яў звярнуліся да народнай амбасады па эвакуацыю з Ізраілю
2023.10.13 19:18

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў