Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні праект закону аб народным апалчэнні


На паседжанні 9-й сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання 31 траўня ў першым чытанні быў прыняты законапраект «Аб народным апалчэнні», паведамляе БелТА.

Міністр абароны Віктар Хрэнін.
Фота: БелТА

Праект закону быў падрыхтаваны Міністэрствам абароны Беларусі, ухвалены пастановай Савету бяспекі 6 сакавіка 2023 года і пасля дапрацоўкі ўнесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам Міністраў 23 траўня.

Закон прадугледжвае «усталяванне прававых падставаў рэалізацыі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, права на добраахвотны ўдзел у забеспячэнні ваеннага становішча ў Беларусі».

У законапраекце даецца вызначэнне народнага апалчэння – гэта ўзброеныя фармаванні, якія ствараюцца з ліку грамадзянаў, якія выказалі жаданне прымаць удзел у забеспячэнні ваеннага становішча на тэрыторыі адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі.

Заяўляецца, што ўдзел у народным апалчэнні – добраахвотны.

Разбор
Як будзе выглядаць апалчэнне Лукашэнкі. Разбіраем рэзанансны законапраект
2023.05.24 16:36

Фінансаванне народнага апалчэння будзе ажыццяўляцца з мясцовых бюджэтаў, а таксама з добраахвотных ахвяраванняў юрыдычных і фізічных асобаў і з іншых не забароненых крыніцаў.

Паводле законапраекту, народнае апалчэнне будзе стварацца толькі ў выпадку ўвядзення ваеннага становішча і толькі на падставе ўказу кіраўніка дзяржавы. Адказнасць за фармаванне атрадаў народнага апалчэння ўскладзеная на мясцовыя органы ўлады, яны павінны вызначыць колькасць апалчэння з улікам наяўнасці добраахвотнікаў і пастаўленых задач. Непасрэднае кіраўніцтва атрадамі апалчэння будзе ажыццяўляць мясцовая міліцыя, кандыдатуры камандзіраў атрадаў будуць таксама ўзгадняцца з сілавікамі.

Атрады апалчэння будуць выконваць задачы толькі ў межах сваёй адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі, максімум – могуць дапамагчы апалчэнцам суседняй тэрытарыяльнай адзінкі. Размяшчаць атрады апалчэнцаў у казармах ці нейкіх іншых памяшканнях не плануецца: кожны добраахвотнік будзе дыслакавацца па месцы жыхарства. Зброю, мяркуючы з усяго, яны таксама будуць браць з сабой дадому. Паводле законапраекту, апалчэнец абавязаны «захоўваць і ўтрымліваць у пастаяннай гатовасці да выкарыстання даручаную яму зброю і боепрыпасы да яе».

Hавiны
У Ваўкавыскім раёне сфармавалі атрады народнага апалчэння. Што яны робяць?
2023.05.06 20:04

Апалчэнцы атрымаюць даволі вялікі спіс паўнамоцтваў падчас ваеннага становішча. Яны будуць мець права выкарыстоўваць фізічную сілу і зброю, затрымваць людзей, абмяжоўваць транспартны рух і даглядаць аўтамабілі, правяраць дакументы, аглядаць жылыя памяшканні і асабістыя рэчы.

Ствараць атрады народнага апалчэння ў Беларусі пачалі яшчэ да прыняцця закону. У Ваўкавыскім раёне такія атрады выконвалі задачы па забеспячэнні грамадскага парадку падчас комплекснай праверкі баявой гатовасці Узброеных сілаў, сачылі за бяспекай руху вайсковых калонаў.

Дэпутаты плануюць разгледзець законапраект аб апалчэнні ў другім чытанні да канца сесіі, заявіў сябра Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Яўген Зайцаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў