Кавалеўскі: У Кангрэсе ЗША рыхтуецца новы закон аб дэмакратыі ў Беларусі


Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі кажа, што ў Кангрэсе ЗША вядзецца падрыхтоўка новага закону аб дэмакратыі, суверэнітэце і правах чалавека ў Беларусі, які будзе адлюстроўваць ролю Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Падчас візіту ў Злучаныя Штаты абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі Дзярждэпартаменту і Кангрэсу ЗША, а таксама з дарадцам у сферы нацыянальнай бяспекі прэзідэнта ЗША Джэйкам Саліванам. Падчас размовы з Саліванам абмяркоўвалася сярод іншага і нядаўняя заява Уладзіміра Пуціна аб размяшчэнні ядравай зброі ў Беларусі.

28 сакавіка Ціханоўская прыняла ўдзел у слуханнях у Камітэце міжнародных справаў Сенату і выступіла з прамовай у Кангрэсе. Акрамя таго, 29 сакавіка яна сустрэлася з генеральным сакратаром Арганізацыі амерыканскіх дзяржаваў Люісам Альмагра і абмеркавала стварэнне ў ААД «групы сяброў дэмакратычнай Беларусі».

Візіт Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету ў ЗША Валер Кавалеўскі назваў «вельмі паспяховым».

«З вынікаў паездкі можна назваць тое, што Злучаныя Штаты запусцілі стратэгічны дыялог з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Гэта дазволіць нам распрацаваць механізм, які будзе дазваляць узаемадзейнічаць на пастаяннай аснове, рабіць больш практычнай дзейнасць Злучаных Штатаў на карысць Беларусі.

Мы таксама даведаліся, што ў Кангрэсе вядзецца падрыхтоўка новага закону аб дэмакратыі, суверэнітэце і правах чалавека ў Беларусі, які будзе ў большай ступені адлюстроўваць ролю Лукашэнкі ў вайне і тыя негатыўныя наступствы, якія гэта нясе для ўсяго свету. І, канечне, будуць распрацаваныя новыя палітычныя рэкамендацыі для ўраду Злучаных Штатаў», – распавёў ён.

Паводле Кавалеўскага, візіт паказаў, што Злучаныя Штаты «застаюцца з беларусамі, нас падтрымліваюць і вельмі прыхільна ставяцца да дэмакратычнага руху».

Аналітыка
Візіт Ціханоўскай у ЗША. Ці дапаможа Захад дастаць ножку з-пад крэсла Лукашэнкі?
2023.03.24 22:19

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў