Пра візіт у Канаду, стасункі з Украінай і будучыню АДКБ. Размова з прадстаўніком Аб’яднанага кабінету Кавалеўскім


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская з 19 па 23 лістапада наведала з афіцыйным візітам Канаду, дзе ўзяла ўдзел ў Форуме бяспекі ў Галіфаксе і сустрэчах з уладамі краіны. У гэты ж час Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Арменію для ўдзелу ў саміце АДКБ – Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. Пра тое, што адбывалася ў Канадзе і што стаіць за заявамі з Ерэване карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі з Валерам Кавалеўскім – намеснікам кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету, яго прадстаўніком у замежных справах.

Валер Кавалеўскі, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету, яго прадстаўнік у замежных справах. Вільня, Літва. Травень 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Наколькі эфектыўным быў візіт у Канаду? Ці атрымалася дасягнуць пастаўленых мэтаў?

– Візіт апынуўся досыць паспяховым. Былі праведзеныя сустрэчы на вельмі высокім узроўні. У візіту былі дзве часткі: удзел у Форуме бяспекі ў Галіфаксе і нацыянальны сегмент. Канада – удзельнік Вялікай сямёркі, адна з найбуйнейшых эканомік свету, вельмі важны голас на міжнароднай арэне. Мы пабачылі на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Жустэнам Трудо, што яны вельмі добра разбіраюцца ў сітуацыі ў Беларусі, адсочваюць усе падзеі з 2020 года.

Сустрэча абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністрам Канады Джасцінам Трудо. 23 лістапада 2022 года, Аттава, Канада.
Фота: Белсат.

Абмеркавалі магчымыя формы ўзаемадзеяння, каб захоўваць месца Беларусі ў міжнародным парадку дня, каб заставалася дыпламатычная і палітычная ізаляцыя для рэжыму. Таксама абмяркоўвалі пытанні ціску. Менавіта падчас візіту Святланы Ціханоўскай быў апублікаваны новы і вельмі моцны пакет санкцыяў з боку Канады. Ён тычыцца менавіта ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне. Мы разлічваем, што ён стане адсылачным пунктам для іншых краінаў (Еўрапейскага Звязу, Вялікай Брытаніі, ЗША, якія звычайна сінхранізуюць санкцыі), што ў гэтага «ваеннага» пакету будзе больш шырокае ўжыванне. Хоць Канада і не з’яўляецца значным гандлёвым партнёрам для Беларусі, але гэтая мера можа мець больш шырокія наступствы для рэжыму.

Абмяркоўвалі таксама пытанні дапамогі грамадзянскай супольнасці, медыяў, рэпрэсаваных і іх сем’яў. Уздымалі пытанні дапамогі беларускім добраахвотнікам, якія ваююць супраць расейскай агрэсіі ва Украіне. Вельмі важная тэма ацэнкі ўдзелу рэжыму ў вайне, зацягвання Беларусі ў гэты канфлікт, што гэта стварыла пагрозу незалежнасці нашай краіне. Вельмі важна, каб краіны Захаду звярталі на гэта ўвагу і больш ясна артыкулявалі сваю пазіцыю, каб ніякім разам не змешвалі Беларусь і рэжым Лукашэнкі. З намі пагаджаліся, што менавіта Лукашэнка ўдзельнічае ў вайне. Беларусы такіх рашэнняў не прымалі і займаюць пазіцыю падтрымання Украіны і непрыняцця гэтай вайны.

Мэляні Жалі і Святлана Ціханоўская.
Фота: Белсат

Такія самыя пытанні, але больш глыбока абмяркоўваліся з міністрам замежных справаў Канады Мэлані Жалі, з якой ужо ўсталяваныя трывалыя персанальныя сувязі, што дапамагае выходзіць на нейкія практычныя рашэнні. Цэлы блок сустрэчаў адбыўся і ў парламенце. Заклікалі, каб ён займаў больш выразную і больш актыўную публічную пазіцыю з ацэнкай таго, што адбываецца. Былі чатыры публічныя падзеі, дзе выступала Святлана Ціханоўская і дзе збіраліся медыі, дыпламаты, спецыялісты ў міжнародных стасунках.

Вельмі важнымі былі сустрэчы і з беларускай дыяспарай. Да 100 чалавек прыехалі з розных гарадоў на размову са Святланай Ціханоўскай. Таксама вельмі цёплая і вельмі даверлівая сустрэча атрымалася з Івонкай Сурвілла – прэзідэнткай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Сустрэча дзвюх жанчын, якія ачольваюць вельмі важныя палітычныя структуры Беларусі.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з Івонкай Сурвілай.
Фота: Белсат

На самім Форуме бяспекі ў Галіфаксе адбыліся вельмі важныя сустрэчы з міністрамі замежных справаў Канады і Нідэрландаў, дзе абмяркоўвалася вайскова-палітычная сітуацыя ў Беларусі і за яе межамі. Звярталася ўвага на тое, што незалежнасці Беларусі існуе вельмі сур’ёзная пагроза, і гэта павінна станавіцца часткай аналізу, планавання, маніторынгу з боку дзяржаў Захаду. Абмяркоўвалі пытанні дапамогі беларускім добраахвотнікам.

Адбыліся сустрэчы з дэлегацыяй Сенату Злучаных Штатаў, на якой прысутнічалі таксама кіраўнікі камітэту ў міжнародных стасунках Палаты прадстаўнікоў, і з дэпутатамі нямецкага Бундэстагу. Для нас вельмі важна, каб заканадаўчая ўлада моцных дэмакратычных краінаў больш актыўна займалася беларускім пытаннем, выпрацоўвала свае пазіцыі, якія пасля будуць сілкаваць пазіцыю выканаўчай улады.

Ці застаецца ранейшай пазіцыя ЗША, выказаная падчас леташняга візіту ў Вашынгтон, актуальнай? Можа, вядома, калі пачне працаваць новы дыпламат у Вільні ў сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі замест Джулі Фішэр, якая сышла ў адстаўку?

– Мы ўздымалі гэтае пытанне. Спецпрадстаўнік – гэта вельмі карысная пазіцыя, якая дазваляе лепш каардынаваць і ўзгадняць супольныя захады. Пакуль няма пэўнасці, хто і калі зможа заняць гэтую пазіцыю. Пытанне застаецца адкрытым.

Агульная ж пазіцыя Злучаных Штатаў да Беларусі застаецца абсалютна нязменнай. Тут наша задача ў тым, каб рабіць яе больш практычнай. Каб насычаць яе новымі колерамі і новымі тэмамі. Ваенна-палітычная сітуацыя ў Беларусі і навакол яе, працяг удзелу Лукашэнкі ў вайне і пашырэнне вайсковай прысутнасці Расеі ў Беларусі, – гэта тыя трывожныя сігналы, на якія мы звярталі ўвагу. І заклікалі ўжо сёння нешта рабіць, каб не дапусціць яшчэ больш негатыўнага развіцця сітуацыі.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з дэлегацыяй Сенату Злучаных Штатаў. Галіфакс (Канада), 19 лістапада 2022 году.
Фота: Белсат

Прадстаўніцтвы Аб’яднанага пераходнага кабінету ўжо ёсць у Вільні, Бруселі, будзе ў Празе. А ці плануецца іх адкрыццё на амерыканскім кантыненце?

– Удакладню, што ёсць офіс таксама ў Кіеве і ўпаўнаважаны ў Таліне. Што датычыць Злучаных Штатаў, то пакуль не ставім гэтае пытанне, бо трэба размяркоўваць рэсурсы, думаць пра тое, як быць максімальна эфектыўнымі і рацыянальнымі.

– Святлана Ціханоўская ўжо мела візіты ў шэсць з сямі краінаў Вялікай сямёркі. Застаецца толькі Японія. Ці ідзе праца ў гэтым кірунку?

– Тут сапраўды ёсць цікавыя перспектывы, бо Японія робіцца кіраўніком сямёркі ў наступным годзе. У нас ужо былі шматлікія кантакты з японскімі дыпламатамі, якія працуюць у краінах Еўрапейскага Звязу. Мы будзем працягваць рухацца ў гэтым кірунку, але разумеем, што ў наступным годзе будзе больш пытанняў да Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну – таго, што бліжэй да самой Японіі. Але, тым не менш, мы ўпэўненыя, што беларускае пытанне таксама будзе заставацца на парадку дня.

– Падчас візіту ў Канаду Святлана Ціханоўская таксама сустрэлася з былым прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, што  выклікала пэўную крытыку, бо ён не належыць да дзейнай адміністрацыі.

– У пытаннях міжнароднай палітыкі мы заўсёды сыходзім з таго, што мы шукаем кантакту з рознымі палітычнымі сіламі. Калі мы прыязджаем, то сустракаемся і з кіроўнымі партыямі, і палітыкамі, і з апазіцыйнымі. Украіна ў гэтым сэнсе абсалютна не выключэнне. Гэта правіла, якім мы кіруемся.

Сустрэча ж была канструктыўнай, вельмі дзелавой. Тыя пазіцыі, якія на сустрэчы заяўляў Пятро Парашэнка, цалкам адпавядаюць нашым пазіцыям. Можна сказаць, што ўся Украіна лічыць, што Беларусь павінна быць дэмакратычнай, яна не можа зноў быць пагрозай для Украіны і для гэтага трэба, каб у Беларусі адбыліся дэмакратычныя змены.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з былым прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
Фота: poroshenko/Twitter

Як наагул развіваюцца кантакты з украінскімі ўладамі?

– У нас ёсць даволі неблагія напрацоўкі ў супрацы ў інфармацыйнай сферы, у абмене інфармацыяй адносна таго, што адбываецца ў Беларусі – і ў вайскова-палітычнай праблематыцы, і пра дзеянні дэмакратычнага руху. Мы ўзаемадзейнічаем у пытанні барацьбы з дэзынфармацыяй і прапагандай. У нас ёсць нават пэўныя прыклады каардынацыі ў вонкавай палітыцы. Ва ўсякім разе мы заўсёды сустракаемся з украінскімі дыпламатамі, якія працуюць у краінах Еўрапейскага Звязу, Злучаных Штатах. Будзем яшчэ рыхтаваць падзеі экспертнага кшталту, каб было больш абмену думкамі ўжо на экспертным узроўні. Вельмі важна, каб нашыя краіны ведалі больш адна пра адну, каб было лепшае разуменне кантэксту.

Святлана Ціханоўская і Аляксей Арастовіч.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Адначасова з візітам Святланы Ціханоўскай у Канаду Лукашэнка наведаў Ерэван, дзе ўзяў удзел у саміце АДКБ. Саміт атрымаўся скандальным як з прычыны заяваў Лукашэнкі пра Украіну, гэтак і праз адмову армянскага прэм’ера падпісаць выніковыя дакументы сустрэчы. Як вы ацэньваеце перспектывы гэтай арганізацыі?

– Лукашэнка заўсёды спрабуе прыцягнуць да сябе ўвагу, таму робіць безадказныя, нястрыманыя і некампетэнтныя заявы. Кажучы пра Украіну, ён спрабаваў зняць з сябе адказнасць і перакласці яе на плечы самых украінцаў, за тое, што яны змагаюцца за сваю свабоду і сваё жыццё. Усёй сваёй рыторыкай ён зноў паказаў тое, што ён настроены па-антыўкраінску, з’яўляецца ворагам і ўкраінскага народу, і ўкраінскай дзяржавы.

Тое, што саміт АДКБ скончыўся такім скандальным чынам, пэўна, сведчыць пра тое, што арганізацыя ў крызісе, і ён будзе паглыбляцца далей. На працягу года мы бачылі інтэрвенцыю ў Казахстан, абвастрэнне азербайджана-армянскага канфлікту, вайну ў нашым рэгіёне, і АДКБ ніякім чынам не можа на штосьці паўплываць. Ёсць сур’ёзныя ўнутраныя супярэчнасці.

Але самае галоўнае ў тым, што з беларускага пункту гледжання, сяброўства ў гэтай арганізацыі з’яўляецца шкодным для нацыянальных інтарэсаў і для нацыянальнай бяспекі Беларусі. Таму мы распрацавалі ў Кабінеце падыход для дэмакратычнай Беларусі да перагляду дамоўна-прававой базы стасункаў з Расеяй, і выйсце з АДКБ, з вайскова-палітычнай супрацы з Расеяй будзе адным з тых пытанняў, якое абавязкова будзе рэалізаванае. Беларусь не можа знаходзіцца ў саюзных стасунках з краінай, якая варожа ставіцца і да дзяржаўнасці, і да нацыянальнай ідэнтычнасці, і да суверэнітэту Беларусі. АДКБ – гэта адназначна тая арганізацыя, з якой трэба будзе выходзіць як мага хутчэй.

Hавiны
Офіс Святланы Ціханоўскай падвёў вынікі візіту ў Канаду
2022.11.25 11:50

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў