Відэааператара Вячаслава Лазарава асудзілі на 5,5 года, Таццяну Пыцько – на 3 гады


25 верасня палітзняволеным сужэнцам Вячаславу Лазараву і Таццяне Пыцько быў вынесены прысуд – 5,5 і 3 гады зняволення адпаведна, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Вячаслаў Лазараў і Таццяна Пыцько.
Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Вячаслаў будзе адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Таццяна – у калоніі агульнага рэжыму.

Такі прысуд вынес сужэнцам суддзя Віцебскага абласнога суда Яўген Буруноў, судовы працэс праходзіў у закрытым фармаце.

Нагадаем, відэааператар-фрылансер Вячаслаў Лазараў быў затрыманы 9 лютага 2023 года ў Віцебску, супраць яго завялі крымінальную справу паводле часткі 2 артыкулу 361.4 («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). А 6 чэрвеня затрымалі жонку Вячаслава – Таццяну Пыцько. Ёй інкрымінавалі артыкул 361.1, або стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім.

Непаўналетнюю дачку Таццяны і Вячаслава сацыяльныя службы змясцілі ў абласны шпіталь, што робіцца ў тых выпадках, калі ў дзіцяці няма побач блізкіх і сваякоў або апекуноў. Але недзе праз месяц дзяўчынку забралі да сябе сваякі Таццяны. Двое Таццяніных дзяцей ад першага шлюбу цяпер жывуць са сваім родным бацькам.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў