Затрыманыя на беларуска-літоўскай мяжы мігранты скардзіліся на прымяненне сілы з боку прадстаўнікоў беларускіх уладаў


У панядзелак, 23 кастрычніка, літоўскія памежнікі затрымалі ў Ігналінскім раёне 14 мігрантаў, якія спрабавалі патрапіць у Літву з тэрыторыі Беларусі. Пасля затрымання некаторыя з іх скардзіліся на жорсткае абыходжанне з боку беларускіх прадстаўнікоў уладаў: білі па нагах і выкарыстоўвалі электрашокер.

Мігранты затрыманыя на беларуска-літоўскай мяжы 23 кастрычніка 2023 года.
Фота: vsat.lrv.lt

Мігранты, сярод якіх былі 12 мужчын і 2 жанчыны, спрабавалі патрапіць у Літву праз агароджу. Іх затрымалі літоўскія памежнікі.

Пасля затрымання пяцёра мігрантаў паскардзіліся памежнікам на тое, што прадстаўнікі беларускіх уладаў жорстка абыходзіліся з імі, збівалі і тэрарызавалі, асабліва пацярпелі ногі. Як адзначаецца на сайце Дзяржаўнай памежнай службы Літвы, пры медычным аглядзе высветлілася, што ў некаторых з мігрантаў ногі сапраўды былі збітыя. Адзін з замежнікаў расказаў пра тое, што яго аблівалі вадой, а пасля выкарысталі электрашокер у пах.

Некаторым мігрантам была аказаная медычная дапамога, у тым ліку ў стацыянарных лякарнях.

«Пераканаўшыся, што 11 мігрантаў не ўяўляюць ніякай пагрозы, было вырашана не пускаць іх у Літву ў парадку, усталяваным прававымі актамі. У панядзелак мігрантаў вярнулі ў Беларусь», – паведамляе Дзяржаўная памежная служба Літвы.

Таксама на сайце літоўскай ДПС гаворыцца аб тым, што пачынаючы з жніўня 2021 года ў Літву не пусцілі 21 430 нелегальных мігрантаў. З пачатку гэтага года было зафіксавана 2113 выпадкаў нелегальнага перасячэння літоўскай мяжы з тэрыторыі Беларусі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў