Казахстан вырашыў зусім скасаваць смяротнае пакаранне. Мараторый на яго быў з 2004 года


Адпаведны законапраект ухваліў Сенат. Каб гэта стала законам, патрэбны яшчэ подпіс прэзідэнта, а дзейны прэзідэнт і даў распараджэнне падрыхтаваць законапраект, а раней выказваўся за безагаворачнае скасаванне смяротнага пакарання.

Сенат Казахстану. 23 снежня 2021 года.
Фота: Е. Укибаев / senate.parlam.kz

Сенат Казахстану 23 снежня ўхваліў законапраект аб поўным скасаванні смяротнага пакарання. Закон цяпер павінен падпісаць кіраўнік Казахстану Касым-Жамарт Такаеў. Хутчэй за ўсё, ён гэта зробіць, бо нядаўна ён казаў, што смяротнае пакаранне ў Казахстане мусіць быць скасаванае без усялякіх агаворак.

Мінулы кіраўнік Казахстану Нурсултан Назарбаеў у канцы 2013 года абвясціў аб бестэрміновым мараторыі на смяротнае пакаранне. Яно заставалася выключным захадам для асуджаных за тэрарызм ці асабліва цяжкія злачынствы ў ваенны час, але фактычна не ўжывалася. Найвышэйшай мерай пакарання ад 1 студзеня 2004 года ў Казахстане было пажыццёвае зняволенне.

Ад здабыцця незалежнасці і да 2004 года ў Казахстане выканалі 536 смяротных прысудаў праз расстрэл. Пасля мараторыю смяротныя выракі прысуджалі, але не выконвалі. Смяротнае пакаранне не ўжывалі адносна жанчын, непаўналетніх і пажылых.

Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне.

Артыкулы
«Нават смяротнае пакаранне». Юрыст Зікрацкі распавёў, што пагражае сілавікам і праз 15 гадоў
2021.08.27 10:27

АА belsat.eu

Стужка навінаў