Мігранты штурмавалі польскую мяжу са стрэльбай, на літоўскай – зрэзалі слупы з відэакамерамі


Як паведамляе Памежная ахова Польшчы, у аўторак, 22 жніўня, незаконна перайсці мяжу спрабавалі 60 мігрантаў, адзін з іх быў са стрэльбай. На беларуска-літоўскай мяжы таксама зноў неспакойна – невядомыя зрэзалі два слупы з відэакамерамі.

Пашкоджаны мігрантамі службовы аўтамабіль польскіх памежнікаў.
Фота: Памежная ахова Польшчы/Х

Значная частка мігрантаў на беларуска-польскай мяжы паводзіла сябе агрэсіўна. Непадалёк вёскі Дубічы-Царкоўныя яны кідалі ў польскі патруль камяні і галлё, адзін чалавек прыцэльваўся ў бок памежнікаў са стрэльбы, імаверна, гладкаствольнай. Мігранты таксама стралялі з рагаткі, у выніку чаго быў пашкоджаны службовы аўтамабіль, паведамляе Памежная ахова Польшчы.

Анна Міхальска, прэс-сакратар Польскай памежнай аховы ў каментары «Белсату» распавяла, што апошнімі месяцамі польскія памежнікі бачаць узмацненне агрэсіі з боку замежнікаў, якія нелегальна спрабуюць перайсці беларуска-польскую мяжу. «Да выпадкаў, калі атакуюць польскіх памежнікаў, даходзіць ледзь не штодня. Ужо былі пашкоджаныя некалькі службовых аўтаў. Калі замежнікі бачаць, што мяжа кантралюецца і што яны не могуць перайсці мяжу, то найчасцей яны пачынаюць кідаць у памежнікаў камяні ці петарды».

Памежны пункт «Свянцяны», літоўска-беларуская мяжа.
Фота: Vytenis Miškinis/Delfi.lt

Таксама 22 жніўня невядомыя перайшлі беларуска-літоўскую мяжу на Кабяляйскім памежным участку, дзе няма металічнага плоту, там зрэзалі два слупы з відэакамерамі, а таксама пашкодзілі кабель.

Прэс-сакратар Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гіедрус Мішуціс паведаміў, што ў сувязі з гэтым распачатыя два расследаванні – пра незаконны пераход мяжы і пра псаванне маёмасці. Паводле Мішуціса, дзве асобы зайшлі з тэрыторыі Беларусі, яны былі апранутыя ў цывільнае адзенне.

Каментар
Дэпутат Сейму Літвы: З мігрантамі ў Літве не было праблемаў, пакуль Лукашэнка не пачаў вазіць іх аўтобусамі
2023.08.18 17:39

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу трывае ўжо два гады. Улетку 2021 года спачатку на літоўскай, потым на польскай мяжы пачалі з’яўляцца групы мігрантаў, якія спрабавалі незаконна трапіць у ЕЗ. З цягам часу спробы пачалі набываць гвалтоўны характар. У краінах ЕЗ лічаць, што міграцыйны крызіс быў штучна створаны Лукашэнкам, а беларускі бок зарабляе на мігрантах – кошт дапамогі ў пераходзе мяжы сягае 10 тысяч еўраў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў