Пяць непрыемных сюрпрызаў, якія могуць чакаць беларусаў з легалізацыяй у Польшчы


У Польшчы з 1 ліпеня скасуюць стан эпідэмічнай пагрозы, праз які аўтаматычна працягвалі дзеянне некаторыя дакументы аб легалізацыі. Беларусаў Польшчы заклікаюць ужо цяпер праверыць, ці змогуць яны ад 1 ліпеня легальна знаходзіцца ў Польшчы.

Юрыстка Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская. Варшава, Польшча. 16 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Праз пандэмію каронавірусу замежнікам дазвалялі заставацца ў Польшчы без атрымання новых дакументаў, нават калі скончылі дзеянне іхныя нацыянальныя і шэнгенскія візы, часовыя дазволы на знаходжанне і іншыя дакументы. Ад 1 ліпеня 2023 года гэта скасоўваюць: калі віза ці часовы від на жыхарства скончылася, яны перастануць быць сапраўднымі, а ўладальнік будзе мець яшчэ толькі 30 дзён на атрыманне новых дакументаў – за 31 ліпеня 2023 года.

Варшаўскі «Цэнтр беларускай салідарнасці» 22 ліпеня сабраў журналістаў – юрыстка ЦБС Вольга Дабравольская расказала пра аспекты рашэння аб стане пагрозы пандэміі і пра іншыя юрыдычныя моманты, якія могуць стаць для некаторых непрыемным сюрпрызам.

На ейную думку, з праблемамі могуць сутыкнуцца сотні, калі не тысячы чалавек. Польшча выдала беларусам дзясяткі тысяч гуманітарных візаў і дзясяткі тысяч візаў «Poland Business Harbour», якія ўжо маглі скончыцца. Дакладнай колькасці тых, хто жыве з аўтаматычна падоўжанымі дакументамі, Дабравольская не ведае, але бачыць, што ўжо цяпер ёй асабіста і на лінію ЦБС пішуць дзясяткі чалавек.

Звязацца з інфаліняй ЦБС можна праз Telegram-акаўнт @CBShelp альбо па нумары тэлефона +48 662 200 400.

1. Часу легалізавацца менш, чым можа здавацца

Да 31 ліпеня трэба калі не атрымаць новы дакумент для легалізацыі, то прынамсі распачаць вытворчасць дзеля яго атрымання, напрыклад, гуманітарнага віду на жыхарства, міжнароднай абароны або іншай падставы да знаходжання ў Польшчы. Але падача заявы не роўная пачатку вытворчасці і сама па сабе не дае падставы да легальнага знаходжання. Заяву яшчэ мусяць прыняць да разгляду, могуць папрасіць данесці некаторыя дакументы, гэта можа заняць і больш за месяц.

«Мы заклікаем не зацягваць з гэтымі пытаннямі да 31 ліпеня і ўжо цяпер пачынаць дзейнічаць, прымаць крокі і запісвацца да нас на кансультацыі, паколькі пытанняў, напэўна, будзе шмат, – кажа Дабравольская. – Калі ласка, не пакідайце ўсё на апошні тыдзень, інфалінія мае абмежаваныя рэсурсы!»

Калі заяўнік станам на 1 жніўня толькі падаў заяву, а працэдура яшчэ не распачалася, то гэта недакументаванае знаходжанне, за што могуць пакараць штрафам, а могуць і пачаць справу аб абавязковым вяртанні на радзіму. Дабравольская сумняецца, што Польшча стане выдвараць у Беларусь тых, каму на радзіме пагражае небяспека, але даводзіць да такога ўсё роўна не варта: чалавека без дзейных дакументаў могуць, напрыклад, змясціць у закрыты лагер мігрантаў.

Да таго ж, яшчэ нядаўна беларусы маглі атрымаць польскую гуманітарную візу на тэрыторыі самой Польшчы, але з 31 сакавіка гэтую магчымасць скасавалі, адпаведныя ўмовы не працягнулі. Давядзецца звяртацца да іншых шляхоў легалізацыі.

Польская віза ў пашпарце
Польская віза ў пашпарце.
Фота: Белсат

Раней беларусы ў Польшчы атрымлівалі шмат гуманітарных ВНЖ, цяпер больш звяртаюцца па міжнародную абарону – у тым ліку тыя, хто ўжо мае гуманітарны ВНЖ. Тая міжнародная абарона дае фактычна бестэрміновае права на пражыванні ў Польшчы да моманту, пакуль чалавеку не стане бяспечна вяртацца ў Беларусь, дае таксама часовае права на сацыяльныя выплаты ад 25 злотых на дзень, медычную страхоўку і права весці прадпрымальніцкую дзейнасць, права жыць у лагеры для замежнікаў і там харчавацца, права пайсці на інтэграцыйныя праграмы.

Гуманітарны ВНЖ усяго гэтага не дае і выдаецца часова – магчыма, працягу гуманітарных ВНЖ можа праз некалькі гадоў і не быць. А міжнародная абарона, насуперак здагадкам некаторых, не прыводзіць да страты грамадзянства (пашпарт сапраўды адбіраюць, але часова, на час працэдуры, якая трывае ў сярэднім чатыры месяцы, а потым вяртаюць).

Тэарэтычна, беларусы могуць падаць заяву на палітычны прытулак у Польшчы, але падобна, робяць гэта вельмі рэдка: ЦБС ведае пра чатыры выпадкі атрымання палітычнага прытулку беларусамі ў Польшчы за апошнія тры гады. Гэты від абароны мае хіба перавагу ў тым, што дае адразу пастаянны, а не часовы ВНЖ, ды не дае іншых перавагаў міжнароднай абароны, а для атрымання палітычнага прытулку яшчэ трэба даказаць, што ў гэтым ёсць інтарэс Польшчы.

2. Пры легалізацыі могуць узнікнуць праблемы з працадаўцамі

Паводле Дабравольскай, многія беларусы забылі, што ім патрэбная легалізацыя працаўладкавання, бо гуманітарная віза давала доступ да рынку працы. Таксама доступ да рынку працы аўтаматычна дае від на жыхарства, атрыманы праз гуманітарную візу.

Але не ва ўсіх выпадках дазвол на працу даецца аўтаматычна. Напрыклад, падача дакументаў на міжнародную абарону не дае дазволу на працу адразу. Гуманітарная ж віза дае дазвол на працу, але не на прадпрымальніцкую дзейнасць.

У некаторых выпадках беларусам, якія працягнуць легалізацыю, трэба будзе зрабіць дэкларацыю па працаўладкаванні або атрымаць дазвол на працу – напрыклад, атрымаць дазвол да падачы на міжнародную абарону, каб не згубіць працу. Дабравольская заклікае кожнага праверыць, ці трэба нешта рабіць з правам працаваць.

Спрашчаць заканадаўства для Беларусаў яшчэ больш у Польшчы цяпер не плануюць, расказвае Дабравольская, бо Польшча і так увяла для беларусаў некаторыя палёгкі – калі ўводзіць яшчэ больш, атрымаецца дыскрымінацыя на карысць беларусаў у параўнанні з іншымі замежнікамі.

Каментар
Узмацненне кантролю на мяжы і допыты – яшчэ адна захада рэжыму, каб запалохаць беларусаў
2023.05.23 18:46

3. Калі скончыцца пашпарт, трэба атрымаць праязны дакумент, але яго могуць не даць

Беларусы маюць права падоўжыць тэрмін дзеяння беларускага пашпарту або атрымаць новы пашпарт проста ў Польшчы праз амбасаду ці консульства, але ў тыя запісваюць на падачу дакументаў на даты праз некалькі месяцаў. Да таго ж, палітычным актывістам можа быць небяспечна знаходзіцца ў беларускай амбасадзе – могуць і затрымаць. Такога, кажа Дабравольская, яшчэ не было, ды яна сумна жартуе: калісьці не было і такога, каб Беларусь захоплівала самалёт дзеля затрымання пары апазіцыянераў.

У Радзе Еўропы былі размовы аб тым, каб прызнаваць сапраўднымі беларускія пашпарты, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння, і патэнцыйныя «пашпарты Новай Беларусі». Але ПАРЭ прыняла толькі рэзалюцыю з заклікам так рабіць, а не загад прызнаваць пашпарты. Дабравольская, згадаўшы гэта, дадала, што яшчэ не ўяўляе, як гэта будзе дзейнічаць.

Таму беларусы, якія знаходзяцца ў Польшчы і не могуць атрымаць працяг дзеяння беларускага пашпарту або здабыць новы пашпарт, мусяць атрымліваць нешта замест пашпарту: адмысловы падарожны дакумент уцекача (так званы «жэнеўскі пашпарт») або польскі праязны дакумент.

Беларускі пашпарт і польскі праязны дакумент для замежніка
Беларускі пашпарт і польскі праязны дакумент для замежніка.
Фота: Белсат

З другім – нечаканая праблема. Фармальна ад 1 чэрвеня польскі праязны дакумент могуць даваць людзям з любым часовым ВНЖ, а не толькі з гуманітарным. Але фактычна не хапае ўдакладняльнай пастановы міністра ўнутраных справаў, якая апісвала б працэдуру. А міністэрства, паводле Дабравольскай, пакуль хоча «ўзяць паўзу» і паглядзець, як шмат людзей у Беларусі будуць пазбаўляць грамадзянства.

Пастанову, якая дазволіць атрымаць польскі праязны дакумент з любым часовым ВНЖ, могуць прыняць хіба восенню. ЦБС і дарадца Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр дамовіліся абмеркаваць, што рабіць далей, каб пераканаць міністра выдаць пастанову.

Пакуль жа польскі праязны дакумент можна атрымаць з гуманітарным ВНЖ, пастаянным ВНЖ, дазволам на знаходжанне доўгатэрміновага рэзідэнта Еўразвязу, дадатковай абаронай або згодай на знаходжанне з гуманітарных прычынаў.

Можа здавацца, што польскі праязны дакумент патрэбны толькі ў паездках за межы Польшчы, але, папярэджвае Дабравольская, ён патрэбны і тым, хто жыве ў Польшчы без дзейнага пашпарту і нікуды не выязджае – адной толькі карты побыту недастаткова, каб пацвердзіць асобу.

Гісторыі
«Ryanair» адмовіў у пасадцы беларускаму ўцекачу, які меў ляцець з Літвы праз Брытанію
2023.06.17 19:22

4. Па міжнародную абарону могуць выправіць у іншую краіну

Цягам апошніх гадоў Польшча не ўжывала норму рэгламенту Дублін ІІІ (№ 604/2013, глава ІІІ) аб тым, што дзяржава можа праверыць, ці адказная яна за разгляд заявы на атрыманне міжнароднай абароны. Але пару тыдняў таму ЦБС стаў атрымліваць шмат паведамленняў аб тым, што беларусаў сталі выпраўляць па міжнародную абарону ў іншыя краіны.

Справа ў тым, што ў залежнасці ад абставінаў за наданне міжнароднай абароны можа быць адказная краіна, якая выдала чалавеку візу, або першая краіна, у якую чалавек уехаў. Гэта значыць, па міжнародную абарону беларуса з Польшчы могуць выслаць у Літву ці Вугоршчыну (калі, напрыклад, чалавек уехаў у Еўразвяз праз Літву або атрымаў візу праз Вугоршчыну). Пры чым рашэнне аб гэтым могуць прыняць вельмі хутка і не даваць 7 дзён на прадстаўленне дадатковых дакументаў.

Дабравольская кажа, што гэтую праблему трэба вырашаць на палітычным узроўні: Польшча не парушае заканадаўства тым, што ўжывае адпаведную норму рэгламенту Дублін ІІІ, але дзяржава можа добраахвотна зноў узяць на сябе разгляд «чужых» заяваў на міжнародную абарону, як рабіла мінулыя тры гады.

5. У міжнароднай абароне могуць адмовіць, калі не пабачаць пагрозы

Беларусам у Польшчы даюць міжнародную абарону, калі бачаць, што чалавеку ў Беларусі могуць пагражаць рэпрэсіі за ўдзел у пратэстах – пры падачы дакументаў могуць папрасіць міліцэйскія пратаколы, матэрыялы крымінальных справаў або фота з пратэстаў.

Але, расказвае Дабравольская, да беларусаў ставяцца ўжо не так лаяльна, як у 2020 годзе, калі ў 99 % выпадках давалі станоўчыя рашэнні па міжнароднай абароне. Адмовы ўсё яшчэ рэдкія, але цяпер здараюцца не толькі таму, што Польшча бачыць у чалавеку пагрозу нацыянальнай бяспецы, а і таму, што не бачыць пагрозаў чалавеку на радзіме. Дакладных прычынаў адмоваў юрыстам ЦБС не раскрываюць.

Да таго ж, міжнародную абарону не дадуць тым, хто проста ўцякае ад прызыву ў беларускую армію. Паводле Дабравольскай, пераканаць палякаў даваць абарону ў такім выпадку не атрымліваецца, бо ў Беларусі яшчэ не была абвешчаная мабілізацыя.

Разбор
Зарэгістраваць шлюб, развесціся, памяняць пашпарт: як зрабіць гэта за мяжою
2023.05.14 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў