Выдавецтву «Янушкевіч» загадалі вызваліць офіс цягам трох дзён. Ідзе распродаж кніг


Выдавецтва «Янушкевіч» паведамляе ў сваім тэлеграм-канале, што арэндадаўца запатрабаваў у фірмы тэрмінова, цягам трох дзён, вызваліць офіс у Менску.

Прычынаў выдавецтву не патлумачылі. Арэндадаўца толькі паведаміў, што ўзнікла вострая неабходнасць у памяшканнях.

«Янушкевіч» ладзіць распродаж кніг, якія застаюцца ў офісе.

«У нас цяпер шмат клопатаў, звязаных з высяленнем, і адзін з найважнейшых – куды падзець кнігі з офісу. Абвяшчаем распродаж з 20-адсоткавай зніжкай кніг, якія застаюцца на Мар’еўскай, 7А, офіс 10. Ёсць амаль увесь асартымент, прыходзьце, калі ласка, на месцы мы будзем рабіць зніжку. Працуем да 19-й», – кажуць у выдавецтве і дадаюць, што працягваюць працу і пашыраюць выдавецкі партфель.

Выдавецтва «Янушкевіч» працуе з 2014 года, выдае кнігі беларускіх аўтараў на беларускай мове. У прыватнасці, яно пераклала і выдала тры часткі «Гары Потэра» на беларускай мове.

У 2021 годзе кіраўніка выдавецтва Андрэя Янушкевіча затрымлівалі, вазілі на допыт, але пазней адпусцілі. Банкаўскія рахункі выдавецтва блакаваў ДФР.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў