Украінская выведка: Беларускія ўлады прапрацоўваюць з Іранам вытворчасць спецыфічных боепрыпасаў


Беларускія ўлады прапрацоўваюць з Іранам наладжванне на тэрыторыі Беларусі вытворчасці артылерыйскіх і рэактыўных боепрыпасаў сярэдняга і вялікага калібру. Аб гэтым паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны. 

Момант выстралу з расейскай сістэмы залпавага агню «Смерч», які выкарыстоўвае рэактыўныя боепрыпасы калібру 300 мм.
Фота: «Военное обозрение» / topwar.ru

Украінская вайсковая выведка кажа пра спробы дзейсных у Беларусі ўладаў наладзіць на тэрыторыі краіны вытворчасць артылерыйскіх і рэактыўных снарадаў калібрам ад 122 да 300 мм.

«Беларускія ўлады шукаюць магчымасць наладзіць на тэрыторыі краіны вытворчасць камплектуючых для снарадаў калібру 152-мм і 122-мм і наступны пераход на замкнёны цыкл вытворчасці боепрыпасаў. Таксама прапрацоўваецца магчымасць арганізацыі тэхналагічнага працэсу зборкі рэактыўных снарадаў калібру 122, 220 і 300 мм з імпартных камплектуючых», – гаворыцца ў паведамленні ГУВ МА Украіны.

У сваім пошуку беларускі бок, паводле ўкраінскай выведкі, звярнуўся да паглыблення кантактаў з Іранам. Паведамляецца, што на 20-23 лістапада запланаваны візіт беларускай дэлегацыі ў Іран. Пры гэтым украінская выведка дэманструе сваю асвядомленасць адносна зместу парадку дня, які будуць абмяркоўваць беларускія і іранскія перамоўцы.

«Пералік пытанняў для абмеркавання з іранскім бокам датычыцца ўсяго вытворчага цыклу – ад тэхналогіі выплаўкі сталі для камплектуючых боепрыпасаў да афарбоўкі снарадаў і тары для іх упакоўкі», – гаворыцца ў паведамленні выведкі.

Для якой зброі падыходяць названыя боепрыпасы

Паводле дадзеных з інтэрнэт-крыніцы, названыя ўкраінскай выведкай тыпы і калібры боепрыпасаў выкарыстоўваюцца для стральбы дальнабойнымі артылерыйскімі ўстаноўкамі і сістэмамі залпавага агню, якія стаяць на ўзбраенні як ў Беларусі, так і ў Расеі. Так, артылерыйскія снарады калібру 122-мм выкарыстоўваюцца для стральбы з гаўбіцы «Д-30», снарады калібру 152 мм выкарыстоўваюцца для дальнабойнай гарматы 2А36 «Гіяцынт Б». Сістэмы залпавага агню «Град», «Ураган» і «Смерч» страляюць рэактыўнымі снарадамі адпаведна 122 мм, 220 мм і 300 мм. Дальнасць дзеяння названых гармат і рэактыўных сістэм складае ад 15 да 30 км у залежнасці ад мадэлі. Яны актыўна прымяняюцца расескім войскам супраць Украіны.

Агляд
Масіраваны абстрэл Украіны Расеяй 17 лістапада
2022.11.17 17:28

Да канца года ў Расеі павінен узнікнуць дэфіцыт снарадаў хадавых калібраў

Напрыканцы жніўня выданне «The Insider» прагназавала, што да канца 2022 года Масква сутыкнецца з сапраўдным снарадным голадам і ў мэтах эканоміі вымушана будзе скарачаць выкарыстанне артылерыі альбо знаходзіць крыніцы папаўнення арсеналаў. Таму што нават паўгода вайны для Расеі прывялі да вялізнага расходу ўзбраенняў і вайсковай тэхнікі, запасы якіх яна не можа самастойна паўнацэнна аднаўляць з-за санкцыяў.

І Расеі няма чаго спадзявацца на нібыта вялізныя запасы боепрыпасаў савецкіх часоў. Бо артылерыйскія снарады да гарматаў не могуць захоўвацца працяглы час. З дэфіцытам снарадаў найбольш хадавых калібраў 122 мм і 152 мм расейскае войска сутыкнулася яшчэ пад час другой чачэнскай вайны ўлетку 2002 года. Рэактыўныя снарады савецкага выпуску маюць значна большы тэрмін захоўвання. Але гэты арсенал, па меркаванні «The Insider», быў «грунтоўна падʼедзены» не толькі дзвюма чачэнскімі войнамі і хуткаплыннай грузінскай кампаніяй, але і ваеннай кампаніяй ва Украіне ў 2014-2015 гадах і яшчэ ў большай ступені кампаніяй у Сірыі.

Паводле выдання, вядзенне вайны ва Украіне ў 2022 годзе характарызуецца больш інтэнсіўным расходаваннем боепрыпасаў расейскай артылерыяй у параўнанні з усімі вайсковымі кампаніямі, якія Расея вяла ў мінулыя гады. Па падліках выдання, за паўгода агрэсіі супраць Украіны Расея павінна была выдаткаваць не менш за 7 мільёнаў ​​снарадаў, без уліку страт прыфрантавых складоў у выніку ўкраінскіх удараў.

Тым часам, хутка споўніцца 9 месяцаў з даты нападу Расеі на Украіну, які быў здзейснены 24 лютага 2022 года.

Аналітыка
Эфект HIMARS. Як заходняя зброя змяняе вайну паміж Украінай і Расеяй
2022.08.05 12:28

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў