У ліпені шэсць найбуйнейшых еўрапейскіх краінаў – Вялікая Брытанія, Францыя, Нямеччына, Іспанія, Італія і Польшча – не ўзялі на сябе новых абавязанняў наконт двухбаковай ваеннай дапамогі Украіне. Пра гэта паведамляе амерыканскае выданне «Politico» са спасылкай на дадзеныя Кільскага інстытуту сусветнай эканомікі ў Нямеччыне, дзе з пачатку вайны адсочваюць сумы ваеннай дапамогі Украіне.
Гэта адбылося ўпершыню пасля ўварвання Расеі ва Украіну.
Абавязанні еўрапейскіх краінаў наконт ваеннай дапамогі Украіне маюць тэндэнцыю да зніжэння з канца красавіка, заявіў Крыстаф Трэбэш, кіраўнік групы, што адсочвае трэкер дапамогі Украіне.
«Нягледзячы на тое, што вайна ўступіла ў крытычную фазу, новыя ініцыятывы дапамогі скончыліся», – сказаў ён.
На мінулым тыдні прадстаўнікі шэрагу заходніх краінаў сустрэліся ў Даніі, дзе ўзялі на сябе абавязанні ў ваенных пастаўках Украіне яшчэ на 1,5 мільярда еўра. Але, са словаў Трэбэша, гэта «сціплая» сума ў параўнанні з ухваленымі на папярэдніх канферэнцыях.
Выданне «Politico» таксама адзначае, што зніжэнне дапамогі з боку Еўропы ілюструе пункт гледжання ўкраінскіх ваенных чыноўнікаў і палітыкаў, якія неаднаразова адзначалі, што еўрапейскія краіны не паспяваюць за ваеннай дапамогай, якая паступае з ЗША, і што Вялікая Брытанія і Польшча, якія ўзначалілі гэтую ініцыятыву, магчыма, вычарпаліся.
Алена Рувіна belsat.eu