У Беларусь прыбыла пятая калона ПВК Вагнэра. У ёй налічваецца каля 90 машынаў. Пра гэта паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
18 ліпеня ў Беларусь прыйшла ўжо другая за дзень і пятая ад пачатку перадыслакацыі калона ПВК Вагнэра. Яе перамяшчэнне зафіксавала маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
Паводле звестак маніторнай групы, у пятай калоне вагнэраўцаў ад 90 да больш як 100 адзінак тэхнікі. Увогуле, яна буйнейшая, чым папярэдняя, заўважаная раніцай 18 ліпеня. Маршрут калоны пралягае ад мяжы з РФ (КПП Дубавічка) па трасе Р43 і далей па М5 у кірунку Асіповічаў.
На момант публікавання звестак калона зʼязджала з трасы М5 у в. Цэль, дзе месціцца лагер ПВК Вагнэра. Адзначаецца, што машыны ў калоне маюць рэгістрацыйныя нумары так званых ЛНР і ДНР, некаторыя транспартныя сродкі маюць рэгістрацыйныя знакі Расейскай Федэрацыі ці ўвогуле рухаюцца без нумароў.
Машыны ў калоне пазначаныя папяровымі аркушамі з нумарам. Сярод тэхнікі заўважаныя так званыя «буханкі», пікапы з адкрытымі багажнікамі, некалькі пасажырскіх аўтобусаў, фуры, легкавыя аўтамабілі («Лады» і KIA), пара бензавозаў і «Уралы» з прычэпамі. Калону суправаджаюць спецаўтамаблілі ДАІ РБ.
У першай палове дня 18 ліпеня паведамлялася, што ў Беларусь прыбыла чацьвёртая калона аўтамабіляў ПВК Вагнэра, у складзе якой як мінімум 80 машынаў розных мадыфікацыяў.
Антон Тачняк belsat.eu