Сусветныя цэны на харчы зноў пайшлі ўгору. Горш было толькі ў 2022 годзе


Харчы застаюцца лідарамі паводле росту цэнаў у Беларусі, істотна ўплываючы на агульную дынаміку інфляцыі ў краіне. Аднак даражэюць прадукты не толькі ў Беларусі. І прагнозы ў гэтым пытанні не вельмі добрыя, хоць і значна лепшыя за мінулы год.

Комаровский рынок, торговля
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Ва ўмовах, калі беларускі ВУП год да года зніжаецца, сельская гаспадарка дэманструе рост. Як сведчыць афіцыйная статыстыка, беларуская сельская гаспадарка за студзень – красавік 2023 года вырабіла прадукцыі на Br 6,3 млрд, што на 3,7 % у супастаўных цэнах больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года. У прыватнасці, вытворчасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) павялічылася на 4,1 %, а малака – на 4,7 %. 20 траўня аграрыі ўжо павінны завяршаць пасяўную і пачаць рыхтавацца да жніва.

Нягледзячы на поспехі сельскагаспадарчай галіны, харчы працягваюць расці ў цане ў Беларусі, цягнучы за сабой інфляцыю. У красавіку ў параўнанні з сакавіком кошты на прадукты выраслі на 0,6 %. А з пачатку года падаражэлі на 3,6 %, за год – на 6,1 %. Лідарамі ў красавіку былі белакачанная капуста (на 13,1 %), агуркі (на 11 %), грушы (на 10,5 %), рэпчатая цыбуля (на 5,6 %) і морква (на 4,8 %).

Сусветныя цэны зніжаліся

Рост цэнаў на харчаванне не выключна беларуская праблема. У 2022 годзе, пасля расейскага ўварвання ва Украіну, ува ўсім свеце здарыўся істотны рост цэнаў на сельскагаспадарчую прадукцыю. У прыватнасці, у 2022-ым рэкордна падаражалі ўгнаенні, а індэкс цэнаў на харчы быў другі паводле велічыні ў рэальным выражэнні пасля перыяду нястачы збожжа 1973–1975 гадоў.

Як адзначаюць у апошнім дакладзе Сусветнага банку «Перспектывы таварна-сыравінных рынкаў», скачкі цэнаў «у значнай ступені спыніліся дзякуючы спалучэнню запаволення сусветнай эканамічнай актыўнасці, спрыяльнага зімовага надвор’я і перакіравання гандлю ключавымі экспартнымі таварамі з Расеі і Украіны».

«Аднаўленне Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы працягвала спрыяць экспарту збожжа з Украіны на сусветныя рынкі. Гэтая ініцыятыва, больш высокія ўраджаі ў іншых буйных краінах – вытворцах збожжа ды ніжэйшыя цэны на энерганосьбіты дапамаглі знізіць кошты на сельскагаспадарчыя тавары з іх пікавых значэнняў у пачатку 2022 года», – заяўлялі ў Сусветным банку.

Агулам з сакавіка 2022 года да сакавіка 2023-га Індэкс харчовых цэнаў Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (FAO) упаў на 20,5 %. Але нават зніжэнне сусветных цэнаў на харчы не гарантуе зніжэння ў крамах:

«На глабальным узроўні кошты ўпалі, аднак на ўнутраных рынках яны надалей вельмі высокія і працягваюць расці, што стварае дадатковыя праблемы ў плане харчовай бяспекі. Гэта заўвага асабліва справядлівая ў дачыненні краінаў, якія развіваюцца, чыстых імпарцёраў харчоў, прычым сітуацыю пагаршае зніжэнне курсу іх валютаў адносна долара ЗША або еўра, а таксама расце пазыковы цяжар», – заяўляў у красавіку галоўны эканаміст FAO Максіма Тарэра.

Сусветныя цэны зноў пачалі расці

Тым часам FAO паведаміла, што ў красавіку адбыўся рост індэксу цэнаў на харчы. Сярэдняе яго значэнне ў мінулым месяцы было на 0,6 % вышэйшае за сакавіцкі паказнік, хоць і на 19,7 % ніжэйшае за паказнік красавіка 2022 года. Галоўнымі фактарамі гэтага хай і невялікага росту стала рэзкае павышэнне індэксу цэнаў на цукар (на 17,6 %), а таксама на мяса (на 1,3 %), тады як працягнулі зніжэнне індэксы цэнаў на збожжавыя (на 1,7 %), малочную прадукцыю (на 1,7 %) і алеі (на 1,3 %).

Падзенню індэксу цэнаў спрыялі вялікія аб’ёмы экспартнай прапановы збожжа з боку Расеі і Аўстраліі, малочнай прадукцыі з боку Еўразвязу, а таксама сланечнікавага і рапсавага алею. Уплывалі на зніжэнне цэнаў высокія ды магчымыя рэкордныя ўраджаі кукурузы і соі ў Бразіліі, «кволы попыт» на сусветных рынках на ячмень, сорга і пальмавы алей. Але актыўны попыт на рыс, свініну і мяса птушкі ў Азіі, як і зніжэнне забою быдла ў ЗША, наадварот, павялічвалі сусветныя цэны на харчы.

Рэзкі рост сусветных цэнаў на цукар у FAO тлумачаць «ростам занепакоенасці ў сувязі са скарачэннем прапановы на сусветных рынках у сезоне 2022–2023 гадоў у выніку далейшага зніжэння прагнозаў вытворчасці ў Індыі ды Кітаю, а таксама ў звязку з больш нізкімі, чымся меркавалася, абʼёмамі вытворчасці ў Тайландзе і Еўрапейскім Звязе». Таксама агульнаму росту сусветных цэнаў на цукар спрыялі праблемы з уборачнай у Бразіліі, рост сусветных цэнаў на нафту і ўмацаванне бразільскага рэала да долара ЗША.

Якіх цэнаў чакаць?

У Сусветным банку заяўляюць, што «павышэнне цэн на харчы пагаршае харчовую небяспеку, што мае сурʼёзныя наступствы для больш беднага насельніцтва ў шмат якіх краінах, якія развіваюцца».

«Гадавая інфляцыя ўнутраных коштаў на харчы ў 146 краінах у лютым 2023 года склала ў сярэднім 20 %, што ёсць самым высокім узроўнем за апошнія два дзесяцігоддзі», – адзначаюць у банку.

Паводле прагнозаў, сёлета больш як 349 млн чалавек ува ўсім свеце сутыкнуцца з адсутнасцю харчовай бяспекі – удвая больш, чымся ў 2020 годзе, – праз высокія кошты на прадукты і ўгнаенні, канфлікты, эканамічныя і кліматычныя ўзрушэнні.

І гэта пры тым, што FAO ацэньвае глабальны абʼём вытворчасці пшаніцы на 2023 год на 785 млн тонаў, што ёсць другім рэкордным паказнікам за гісторыю назіранняў. Хоць яго значэнне і скарацілася ў параўнанні з мінулым годам, у асноўным – за кошт зніжэння чаканняў у Аўстраліі і Расеі. Адносна кукурузы чакаюць, што вытворчасць у Бразіліі дасягне рэкорднага ўзроўню, тады як у Аргенціне ўпадзе з прычыны працяглай засухі і моцнай спякоты. Перспектывы вытворчасці рысу ў 2023–2024 гадах уздоўж экватару і на поўдзень ад яго «неадназначныя».

Сусветны банк прагназуе, што цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю знізяцца на 7 % у 2023 годзе і яшчэ больш у 2024-м. Чакаецца, што цэны на харчы знізяцца на 8 % у 2023 годзе і на 3 % у 2024-м пры ўмове, што экспарт збожжа і алейных культураў з Чарнаморскага рэгіёну застанецца стабільным.

Пакуль апошняе пытанне развязваецца. Як стала вядома 17 траўня, угода паміж Украінай, Турэччынай і Расеяй пра экспарт збожжа з украінскіх партоў на Чорным моры працягнутая яшчэ на два месяцы. За час яе працы Украіна здолела вывезці за мяжу каля 30 млн тонаў харчоў. Аднак сёлета ўраджай збожжавых і зернебабовых у самой Украіне чакаецца памерам толькі 45 млн тонаў. Гэта менш, чымся нават 51 тона ў 2022-м, паказнікі якога з прычыны вайны былі найніжэйшымі за пяць апошніх гадоў. У перадваенны, 2021 год Украіна здолела сабраць рэкордныя больш за 83 млн тонаў.

Так што, мяркуюць у Сусветным банку, рэальныя цэны на харчы ў 2023 годзе застануцца на другім паводле велічыні ўзроўні з 1975 года. Іх перавысяць толькі цэны 2022 года.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў