Асартымент у крамах скарачаецца, цэны пасля святочнага павышэння знізіліся


Пасля навагодніх святаў цэны ў крамах на шмат якія харчы, акрамя гародніны, знізіліся. Пры гэтым асартымент на паліцах надалей змяншаецца. А некаторыя віды тавараў хімічнай прамысловасці, якія імпартавалі з краінаў Захаду, наагул зніклі з продажу. «Белсат» высвятляў, што адбываецца ў крамах з коштамі і наяўнасцю тавараў.

Цэны ў беларускіх крамах.
Фота: чытачы «Белсату»

З кастрычніка летась, калі ўлады краіны пастанавілі спыніць рост коштаў, амаль без змяненняў застаюцца цэны на мяса. Зрэшты, гэты прадукт уваходзіць у спіс сацыяльна значных тавараў, цэны на якія ў Беларусі рэгулююцца здаўна. Невялікія змены закранаюць курынае мяса. З месяца ў месяц гэты прадукт даражэе на некалькі дзясяткаў капеек.

Сёлета ў студзені ў параўнанні з леташнім снежнем заўважна патаннеў алей. Калі раней цэны на марку «Золотая семечка» пачыналіся ад Br 5,57, то цяпер са зніжкай гэты прадукт каштуе Br 4,89.

Цэны на алей у снежні 2022 года ў беларускіх крамах.
Фота: «Белсат»
Цэны на алей у студзені 2023 года ў беларускіх крамах.
Фота: чытачы «Белсату»

Пачалі танней прадаваць і сыр, вось толькі асартымент зменшыўся больш чым на 50 %. Выбіраць цяпер можна літаральна некалькі гатункаў. Цэны на беларускія сыры пачынаюцца ад Br 18.

Значна павялічыліся цэны на гародніну. Цяпер даволі складана знайсці бульбу ніжэй за рубель за кілаграм. Мытая бульба каштуе амаль паўтара рубля.

Цыбуля таксама зрабілася даражэйшаю на 5,7 %.

Цэны ў беларускіх крамах.
Фота: чытачы «Белсату»

Макаронныя вырабы раптам падаражэлі, а прапанова зменшылася, прычым відавочна выбар стаў больш сціплым. Паліцы ўласнікі крамаў прыкрываюць адным таварам. Пакупнікоў ужо і не здзіўляе макарона коштам амаль Br 6 за кілаграм. З’яўляюцца гатункі, якія каштуюць больш за Br 7.

Цэны ў беларускіх крамах.
Фота: чытачы «Белсату»

Перад святамі значна выраслі цэны на цытрусавыя, цяпер такога попыту няма і цана на мандарыны знізілася да Br 6. Перад навагоднімі святамі гэты фрукт можна было набыць за Br 8. Увогуле беларусы адзначаюць, што мінімальны набор прадуктаў для святкавання сёлета каштаваў Br 250 на Новы год і каля Br 150 на Каляды.

Чытачы «Белсату» звяртаюць увагу, што на паліцах беларускіх крамаў зʼявіўся расейскі цукар. Напрыканцы 2022 года «Сельская газета» паведамляла, што ў межах так званай Саюзнай дзяржавы Расея павялічвае экспарт прадуктаў у нашую краіну. Цяпер на паліцах перадусім Берасцейскай, Гарадзенскай і Менскай вобласцяў можна часта пабачыць цукар, печыва, рыбу, гародніну, мясныя і малочныя вырабы ды піва з Расеі. Дзяржаўная газета піша, што па выніках 2022 года доля расейскага экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання ў Беларусь складае агулам каля 40 %.

У беларускіх крамах ізноў з’явіўся расейскі цукар.
Фота: чытачы «Белсату»

І калі колькасць расейскіх тавараў на беларускім рынку павялічваецца, то тавары з Захаду ўсё больш становяцца дэфіцытам. Асабліва гэта датычыць пабытовых і прамысловых тавараў. На складах закончыліся ранейшыя запасы, і цяпер прадаўцы толькі разводзяць рукамі, бо замены на некаторыя пазіцыі не існуюць.

«Цяпер што датычыць тавараў аўтамабільнай хіміі, якія вырабляюцца на Захадзе, то імпарт спыніўся, запасы распрадалі і нічога пакупнікам прапанаваць не можам. Вядома, што на рынку можа вырасці колькасць кантрафактавага тавару шматлікіх аўтамабільных аліваў, вадкасцяў. Варта чакаць і падробак», – распавядаюць «Белсату» ўласнікі крамаў аўтазапчастак.

Ужо цяпер з паліцаў цалкам знікла аліва для гідраўзмацняльнікаў руля, складанасці ўзнікаюць з тармазнымі вадкасцямі. У Расеі і Беларусі такой вытворчасці няма, і гэтую прадукцыю імпартавалі з краінаў Еўропы. Але праз санкцыі тавары больш не паступаюць на наш рынак.

Hавiны
За лістапад кошты на айчынную садавіну і гародніну скараціліся, але выраслі на прывазныя
2022.12.04 22:51

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў