Памёр трэнер Антон Качанаў. Паводле сваякоў, ён трапіў у кому пасля канфлікту з палітычных прычынаў


Памёр трэнер бодыбілдынгу Антон Качанаў, які атрымаў цяжкія траўмы год таму пасля канфлікту ў краме. Пра смерць менчука паведаміў кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.

Інцыдэнт у краме адбыўся ў ноч на 19 снежня 2020 года. У Качанава была спрэчка з невядомым мужчынам, які ўдарыў Антона на выхадзе. Траўматычнае падзенне і ўдар галавой прывялі да комы. Пасля траўмы Антон праходзіў доўгі перыяд рэабілітацыі, на якую праз сайт фонду BYSOL сабралі больш за € 6000.

Паводле Стрыжака, прычынай смерці стала трагічная выпадковасць.

«Адным з наступстваў траўмы былі праблемы з глытаннем ежы. Антон падавіўся ежай, а хуткая, якая прыбыла, не справілася з дапамогай. Супрацоўнікі брыгады не змаглі зрабіць трахеатамію (гэта калі медык робіць адтуліну ў горле для доступу паветра). Згодна з наяўнымі звесткамі, у іх не хапіла ўзроўню кваліфікацыі для такой аперацыі ў палявых умовах.

Без лішняга пафасу можна сказаць, што разгром і чысткі ў сістэме аховы здароўя, прывялі да гібелі чалавека. Маладога і здаровага спартоўца, які быў збіты за свае перакананні».

Сваякі Качанава лічаць, што ён быў збіты з палітычных матываў. Ягоная нявеста Святлана ў студзені 2021 года распавядала «Нашай Ніве», што нападніка затрымалі. «Мама Антона была ў следчай, і там прагучала слова «патрыёт» у дачыненні злачынцы. Я баюся памыліцца, але з гэтага слова можна дапусціць, што канфлікт мог адбыцца праз палітычныя прычыны», – адзначыла тады яна.

Паводле Стрыжака, злачынца, які збіў Антона, пакаралі ўсяго 2 гадамі «хатняй хіміі».

Антона Качанава пахаваюць у Баранавічах.

Аналітыка
Чые смерці ў 2021 годзе звязаныя з палітыкай дзяржаўнага тэрору ў Беларусі
2021.10.13 18:02

РР belsat.eu

Стужка навінаў