Помнікі ў час вайны. Як Львоў абараняе сваю культурную спадчыну


Інтэрв’ю з Ігарам Кожанам, дырэктарам Нацыянальнага музею ім. Андрэя Шэптыцкага ў Львове. Хаця горад размяшчаецца далёка ад лініі фронту, расейскія ракеты падаюць і на Заходнюю Украіну.

Львоў спрабуе абараніць помнікі культуры.
Фота: Яна Сідач / Белсат

– Калі вы пачалі разбіраць экспанаты?

– З самага пачатку поўнамаштабнай вайны, недзе на другі-трэці дзень. Гэтыя выставы – наша праца, мы іх увесь час удасканальвалі, мы дасягнулі пэўнага ўзроўню… Вы ведаеце мяне па тых выставах, якія былі ў нашым музеі. Нам не было чаго саромецца, бо яны былі (як я кажу сваім працаўнікам) не горшыя, чым у Мэтраполітэн-музеі і ў шмат якіх еўрапейскіх музеях. Мы іх добра рабілі, і на сваіх выставах паказвалі развіццё ўкраінскага мастацтва з XIV стагоддзя да нашых дзён.

Абноўлена
Расея ўпершыню з пачатку вайны нанесла ракетны ўдар па Львоўскай вобласці
2022.03.13 08:58

– Як думаеце, тое, што цяпре адбываецца, нашкодзіць развіццю ўкраінскага мастацтва?

– Сумняваюся, што гэта спыніць мастацкія працэсы, яны, напэўна, толькі будуць асаблівым чынам выяўленыя. Мастацтва не можа памерці. Яно ёсць заўсёды і развіваецца ў залежнасці ад таго ці іншага часу, ад розных сацыяльных зменаў. Але мастацтва жыве, заўсёды жыве. Можа проста выяўляцца ў пэўных працэсах. Вайна завастрае ўсе гэтыя працэсы.

Фота: Яна Сідач / Белсат

Музей – для людзей. Мы прывыклі, што ў музеі ходзяць людзі, што залы павінны быць запоўненыя людзьмі, бо сутнасць музею ў тым, што наведнік павінен прыйсці, даведацца, убачыць, глыбей спазнаць карані той ці іншай галіны мастацтва.

– Дэмантаж можа пашкодзіць працам?

– Сёння цяжка сказаць, колькі часу гэта зойме. Вы ведаеце, разабраць усё гэта ў нейкай меры прасцей, складаней будзе гэта аднавіць. У мяне 50-гадовы музейны стаж, таму магу сказаць, што перабудова гэтых экспазіцыяў, іх рэканструкцыя займае не менш за паўгода. Гэта будзе рэстаўрацыя: перасоўванне з месца на месца, а творы мастацтва не любяць, калі іх часта перасоўваюць. Яны маюць сваё месца, стан, стабільную тэмпературу і вільготнасць. Усё патрабуе часу і грошай.

Фота: Яна Сідач / Белсат

Цяжка сказаць, што будзе з грашыма, бо пасля вайны дзяржава будзе аднаўляцца, і гэта будзе вельмі дорага. Музею таксама спатрэбяцца сродкі – на ўвільгатняльнікі, асушальнікі, ачышчальнікі паветра… Бо гэтага патрабуе музейная прастора.

– Якія ў вас асабістыя адчуванні, калі вы бачыце, як разбіраюць экспанаты? Як вы гэта перажываеце?

– Вельмі хвалююся, цяжка на душы. Бо музей – для людзей, і мы забіраем гэтыя рэчы, асабліва ў маладога пакалення. Бо важна з дзяцінства прышчапіць любоў да мастацтва, культуры і музеяў, якія нясуць гэтую спадчыну. Гэта аснова на ўсё жыццё. Пасля чалавек становіцца дарослым і вядзе сваіх дзяцей у музей. Важна зацікавіць дзіця культурнай сферай. Каб яно падыходзіла і казала: «Тата, мама, хадзем, я хачу паказаць вам сёе-тое цікавае». А ў нас сёння пуста…

Фота: Яна Сідач / Белсат

Але я веру, што ўсё будзе добра, што мы зробім сваю справу і ўсё адновім. І ведаеце? Будзе яшчэ лепей, чым было!

Гутарыла Яна Сідач для belsat.eu

Стужка навінаў