Наталка Пазняк з Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці піша пра спрэчкі паміж украінцамі і беларусамі. З дазволу аўтаркі мы перадрукоўваем яе тэкст.
Ужо не першы дзень назіраю за спрэчкамі вакол таго, што каму павінны беларусы. Сёе-тое заўважаю. Маё ўражанне: раскрутка ідзе з-за мяжы і мэта адна: наладзіць больш беларусаў супраць украінцаў, каб потым можна было іх пусціць як гарматнае мяса на новы віток вайны. Таму што сярод больш за 34 тысячы акупантаў, утылізаваных ва Украіне з лютага гэтага года, значная частка – бураты, дагестанцы, калмыкі і іншыя паняволеныя імперыяй народы. Маскалі былі б рады, калі б наступнымі былі і беларусы.
Разганяецца срач узаемнымі прэтэнзіямі (пералік магу дадаць, вывучыла ўсё, паўтараюцца як пад капірку). Даходзіць да таго, што ні адзін бок не чуе іншую, таму што абвінавачванні б’юць у самыя балючыя месцы (з укідам першаснай інфармацыі працуюць профі, не сумнявайцеся). Разганяюць хвалю боты, але на кручок трапляюцца і досыць адэкватныя людзі, частку з якіх я ведаю, паважаю і люблю.
Таму – СТОП! Давайце разбірацца ў тэме.
Па фактах. Беларусы і ўкраінцы – вельмі блізкія народы, і культурна, і гістарычна, і за ўсю гісторыю нашага суіснавання паміж намі не было супрацьстаяння. Наадварот: калі мы былі разам – мы перамагалі. Успомнім Грунвальдскую бітву, успомнім бітву пад Воршай, успомнім гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, якое гісторыкі называюць самым прадуктыўным перыядам для ўкраінскай дзяржаўнасці.
Доўгі час нашая гісторыя ішла паралельна: і Украіна (часткамі), і Беларусь уваходзілі і ў склад Польшчы, затым – Расейскай імперыі. Абедзве перажылі ўшчамленні і асіміляцыі. Пасля 1917 года на руінах Расейскай імперыі ўтварыліся УНР і БНР. Дарэчы, у войску УНР ваявалі і беларусы (двое нават даслужыліся да генералаў). І УНР, і БНР не выстаялі пад бальшавікамі, пацярпелі паразу. Далейшая гісторыя таксама была падобнай: і беларусаў, і ўкраінцаў адпраўлялі ў Сібір, у нас быў Галадамор, па Беларусі Другая Сусветная прайшлася такім катком, што мала не падасца. І ў нас, і ў іх былі свае дысідэнты (успомніце хоць бы Ларысу Геніюш), у нас быў супольны досвед Чарнобылю.
Далей – тое ж самае. У 1990-х і Украіна, і Беларусь абвясцілі сваю незалежнасць. І Украіна, і Беларусь у 1994 годзе зрабілі крок назад, калі абралі «чырвонага дырэктара» ва Украіне і «змагара з карупцыяй» у Беларусі. Абодва прэзідэнты выступалі за збліжэнне з Расеяй і свабоднае развіццё рускай мовы (гэта было часткай выбарчых праграмаў абодвух).
І нават на мяжы тысячагоддзяў у нас адбываліся абсалютна паралельныя працэсы: забойствы палітычных апанентаў (1999 год – ва Украіне загадкава гіне ў ДТЗ Вячаслаў Чарнавіл, у Беларусі загадкава знікаюць Юрый Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі) і апазіцыйных журналістаў (ва Украіне – Георгій Гангадзэ, у Беларусі – Дзмітрый Завадскі).
Мы выскачылі з пятлі ў 2004-м. Проста таму, што ў нас на той час ужо напладзілася алігархаў, якія канкуравалі паміж сабой і лічылі, што лепш быць феадаламі на сваёй вотчыне, чым трэцягатунковых губернатарамі ў Расеі (а ў Расеі ўсё ўкраінскае, пакуль было не скрадзена, заўсёды было трэцягатунковае). А такая небяспека была (успомніце сепаратысцкі з’езд у Севераданецку і прывід Паўднёва-Усходняй Украінскай Аўтаномнай Рэспублікі).
Беларусі гэта не ўдалося. Проста да таго часу там застаўся адзін алігарх – Лукашэнка і ягоная світа.
Зрэшты, гэта не перашкодзіла ўкраінцам у 2010-м годзе выбраць прэзідэнтам «двойчы несудзімага прафесара» Януковіча. Якога праз тры гады давялося зрынаць цаной трохмесячнай Рэвалюцыі Годнасці з Нябеснай Сотняй у фінале. І – анексіяй Крыму і развязанай Расеяй вайной на Данбасе, якая да пачатку 2022 года забрала ўжо больш за 3 тысячы жыццяў украінскіх патрыётаў.
Ці былі ў 2020 годзе Беларусі гатовыя да такога развіцця падзеяў (а яно было б менавіта такім – Расея тое, што лічыць сваім, так проста не аддае)? Відавочна, не.
У Беларусі ў 2006 годзе таксама быў свой Майдан – Плошча Каліноўскага. Але Лукашэнка, напалоханы падзеямі ва Украіне, даў загад на сілавы разгон. Тысячы людзей былі збітыя, пакалечаныя. Адзін з іх, дарэчы, Мікалай Ілін, тады, у 2006 годзе, збіты да паўсмерці за тое, што спрабаваў правезці ў намётавы гарадок біятуалеты, выехаў ва Украіну. Але, у адрозненне ад Польшчы ці Прыбалтыкі, у нас не было ніякай дзяржаўнай падтрымкі палітычным уцекачам з Беларусі. І Мікалай паехаў у Эстонію, дзе такая праграма была. Каб у 2018 годзе вярнуцца ў Украіну і з пазыўным «Эстонец» устаць на яе абарону. І загінуць у 2020-м пад Зайцавым (13 ліпеня будзе два гады), спрабуючы выратаваць параненага сяржанта Яраслава Жураўля. Гэта так, невялікі штрых да тэзісу, што беларусы баяцца ваяваць.
Была яшчэ адна спроба Майдана ў Беларусі – у 2010-м, падчас чарговых выбараў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі (іншых, пачынаючы з 1996 года, калі Віктара Ганчара, забітага праз тры гады, адхілілі ад пасады старшыні ЦВК і гэтую пасаду аддалі Лідзіі Ярмошынай, проста не было і не магло быць – у 2020-м у Інтэрнэце гуляў запіс пасяджэння выбарчай камісіі, дзе яе сябры агучвалі выніковыя вынікі… за дзень да галасавання). Але і там Лукашэнка не цырымоніўся – усіх (!) сваіх апанентаў у дзень заканчэння галасавання ён проста кінуў за краты, а на пратэстоўцаў нацкаваў АМАП – тады збілі і затрымалі больш за 700 чалавек.
У 2020 годзе Лукашэнка ўсіх сваіх апанентаў кінуў за краты яшчэ за паўгода да выбараў.
І ўсё ж, усе 10 гадоў, з 2010 па 2020-ы (ды і раней таксама), у Беларусі прайшлі пад знакам пратэстаў і рэпрэсіяў. Перад судамі беларускія актывісты ладзілі пікеты, у знак пратэсту прыкоўвалі сябе кайданкамі да парапетаў. Гэта мы, выходзячы на акцыі, думалі, будзе разгон ці затрыманне ці пранясе. Яны ж добра ведалі, што не пранясе. Але выходзілі. Успамінаю словы беларускай рэжысёркі-дакументалісткі Вольгі Мікалайчык у Кіеве на прэм’еры яе фільму: «Калі мы нешта здымаем, то першае, што робім – гэта 3-4 копіі (чым больш – тым лепш) і хаваем іх у надзейных людзей. Таму што ведаем, што імгненна прыйдзе КДБ і канфіскуе матэрыял. А так – гэта шанец хоць нешта захаваць». Гэта быў, здаецца, той жа 2010-ы год.
Тая хваля пратэстаў, якую мы ўбачылі ў Беларусі ў 2020 годзе, уразіла ўсіх. Так, мы чакалі паўтарэння ўкраінскага сцэнару. Але мы бачылі толькі вяршыню айсбергу, забываючы пра «трэці бок», які з 1993 года, пасля перавароту і расстрэлу ўласнага парламента, зноў, як чорная дзірка, пачала ўцягваць суседзяў у кола сваіх інтарэсаў. Адзін знаёмы беларус выразна патлумачыў тое, што бачылі яны, але не бачылі мы: «У вас Майдан прастаяў тры месяцы і толькі пад канец да яго разгону падключыліся рускія спяцы – і вы атрымалі сваю Нябесную Сотню. У нас маскоўскі АМАП стаяў на вуліцах ужо 9 жніўня і меў загад страляць на паразу. Калі б мы ўжылі сілу – у нас Нябесная Сотня была б ужо ў першы дзень. Усё хутка скончылася б так, як скончыліся нядаўнія пратэсты ў Казахстане – пра іх ужо ніхто і не ўспамінае. Мірны пратэст – гэта адзіны выхад, які нам пакінулі». А фішка, што беларусы дзейнічалі так выключна, «каб не было Майдана, каб не як ва Украіне», – гэта яшчэ адзін мем расейскай прапаганды, прыкладна такі, як і галоўны лозунг нашага Майдана: «Хто не скача – той маскаль».
Так, многія беларусы ў цяперашні час не ідэнтыфікуюць сябе са сваёй дзяржавай, якая ператварылася ў плацдарм для агрэсара і зʼяўляецца саўдзельнікам злачынства. Яны прызнаюць яе анексаванай Расеяй, як у 2014-м годзе быў анексаваны Крым (механізмы розныя – сутнасць адна). І спадзяюцца, што рана ці позна абедзве тэрыторыі будуць вызваленыя. А на папрокі: «Як вы маглі гэта дапусціць, вы адказныя за гэтую анексію» часта кажуць у адказ: «Гэтак жа, як і вы змаглі дапусціць анексію Крыму. Дарэчы, з тэрыторыі Крыму на Украіну гэтак жа ляцяць ракеты».
Яны разумеюць, што вораг у нас адзін. Менавіта таму яны, кінуўшы ўсе, едуць ва Украіну і бяруцца за зброю, каб у складзе палка Кастуся Каліноўскага ці іншых беларускіх нацыянальных добраахвотніцкіх фармаванняў плячо да пляча з украінцамі ваяваць супраць агульнага ворага. І выходзяць там на пратэсты (27 лютага тысячы беларусаў на вуліцах скандавалі: «Не вайне» і «Слава Украіне»). І ладзяць партызанскую рэйкавую вайну, за якую Лукашэнка ўжо ўвёў смяротнае пакаранне. Чаго не скажаш пра мільён дыяспары ўкраінцаў, якія жывуць у Расеі – там дагэтуль не было ніводнай акцыі пратэсту.
А вата… Яна ёсць усюды, куды дацягнуў свае атрутныя кіпцюры «рускі свет». Паглядзіце на тое, з якой радасцю сустракаюць «вызваліцеляў» жыхары Лісічанску. І, калі прыгледзецца, то такіх можна знайсці па ўсёй Украіне. І не толькі «засланых казачкоў» – шмат сваіх, дамарослых. Што ж здзіўляцца, што і ў Беларусі ёсць шмат тых, хто не можа ўявіць сваёй будучыні без Расеі.
У Беларусі такіх называюць «лукашыстамі» ці ж «ябацькамі» (першы від больш агрэсіўны, другі – балота). Але не беларусамі. Наогул, калі браць па вялікім рахунку, існуе дзве паралельныя Беларусі, у якіх розная мова, розныя гербы, розныя сцягі. Яшчэ да нядаўняга часу тую, лукашэнкаўскую БССР, у нас лічылі дастаткова эфектыўнай, мы зайздросцілі беларусам, што ў іх такі прэзідэнт (яшчэ ў 2019 годзе дзеянні Лукашэнкі падтрымлівалі 67% украінцаў).
А ўвогуле, беларусы заўсёды змагаліся і працягваюць гэта рабіць, нават калі мы гэтага не бачым. На ўсіх нашых плошчах побач з нашымі блакітна-жоўтымі сцягамі луналі беларускія бел-чырвона-белыя. Вельмі сімвалічна, што адным з першых у студзені 2014 года на Майдане загінуў беларус Міхась Жызнеўскі. З 2014-га беларусы разам з нашымі пабрацімамі ваююць з Маскоўскай сволаччу. І гінуць у гэтым баі.
Хоць бы перад іх памяццю, давайце спыняць срачы. Давайце выразна падзяляць беларусаў і «лукашыстаў» ці «ябацек», як мы навучыліся адрозніваць чачэнцаў і кадыраўцаў, украінцаў і «сепараў». Вайна яшчэ не скончылася – і гэта наша агульная з беларусамі вайна.
Супраць агульнага ворага.
Наталка Пазняк / пераклад з украінскай ІР /MM