Родныя палітвязняў усё часцей нічога не ведаюць пра блізкіх за кратамі


Блізкія палітзняволеных не маюць навінаў ад сваякоў з-за кратаў. Пасля паведамлення пра тое, што Віктар Бабарыка трапіў у шпіталь у Наваполацку ў ноч на 25 красавіка, да гэтага часу больш нічога не вядома пра ягоны стан здароўя і пра тое, дзе ён цяпер. Нават родным улады нічога не паведамляюць. 90 дзён няма ніякіх звестак пра Міколу Статкевіча, амаль месяц не прыходзяць лісты ад Дзяніса Івашына.

У Беларусі амаль 1500 палітвязняў
Бел-чырвона-белы сцяг з прозвішчамі беларускіх палітвязняў, які зрабіла журналістка «Белсату» Марыя Грыц.
Фота: асабісты архіў Марыі Грыц

Родныя і сябры Віктара Бабарыкі дагэтуль нічога не ведаюць не толькі пра стан здароўя, але нават пра месцазнаходжанне палітвязня. У ноч на 25 красавіка стала вядома, што ён трапіў у наваполацкі шпіталь. Такое здарэнне лічыцца надзвычайным. Паводле некаторых звестак, палітыка прывезлі ў рэанімацыйнае аддзяленне шпіталю ў стане сярэдняй ступені цяжкасці, у яго быў пнеўматоракс (назапашванне паветра паміж грудзінаю і лёгкім). Стала вядома, што Бабарыка быў настолькі моцна збіты, што дактары яго нават не пазналі, пакуль не пабачылі прозвішча.

Hавiны
Улады Беларусі нарэшце адрэагавалі на сітуацыю з Віктарам Бабарыкам
2023.05.01 09:20

Медыкі ў бальніцы пацвердзілі, што сапраўды, ён шпіталізаваны. Сябры штабу Віктара Бабарыкі ў сваім паведамленні адзначылі, што 29 красавіка прадстаўнік адміністрацыі папраўчай калоніі ў Наваполацку, дзе адбывае пакаранне палітык, паведаміў, што зняволены Бабарыка нібыта «жывы і здаровы» і працягвае адбываць пакаранне. Больш пра вязня ніякай інфармацыі няма, а ўлады не жадаюць нічога каментаваць і не пускаюць родных да яго.

Дзе цяпер Віктар Бабарыка - невядома
Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / instagram

Падобная гісторыя напрыканцы мінулага года здарылася з Марыяй Калеснікавай. 28 лістапада летась стала вядома, што яна ў шпіталі. Паведамлялі, што ёй зрабілі аперацыю, дыягназу спачатку не называлі. Пазней стала вядома, што ў Марыі дыягнаставалі прабадзенне язвы, і ў больніцы хуткай дапамогі была рэальная пагроза ейнаму жыццю, мусілі зрабіць аперацыю. Але тады ўлады дазволілі Аляксандру Калеснікаву наведаць дачку Марыю ў шпіталі і нават апублікавалі фота з іхнай сустрэчы.

Марыя Каснікава з бацкам у шпіталі
Марыя Калеснікава пасля аперацыі.
Фота: ЖС Premium / Telegram

Апошнія тры месяцы ад Марыі Калеснікавай няма ніякіх звестак. Адміністрацыя калоніі не прапускае лістоў, не дазваляе тэлефанаванняў і нават сустрэчаў з адвакатам. Паплечнікі Марыі кажуць, што яна цяпер у памяшканні камернага тыпу.

Некалькі месяцаў няма лістоў ад Максіма Знака. Праваабаронцы лічаць, што ён працяглы час застаецца ў штрафным ізалятары. Адміністрацыя калоніі «Віцьба-3», дзе цяпер трымаюць палітвязня, паведаміла ягонай жонцы Надзеі Знак, што Максім у ШІЗА. Апошні ліст ад яго прыйшоў у лютым.

Палітвязняў катуюць у турмах,
Марыя Калеснікава і Максім Знак у судзе.
Фота: Getty Images

Падобная сітуацыя з Ігарам Лосікам. Пэўны час няма звестак і ад палітвязня Мікалая Дзядка. Нядаўна адміністрацыя гарадзенскай турмы № 1 адправіла палітвязня ў штрафны ізалятар на 10 содняў.

Разбор
Сувязь з палітвязнямі знікае – што рабіць сваякам? Парады «Dissidentby»
2023.04.27 21:43

Родныя палітвязня Алега Рубца, якога асудзілі ў так званай «пінскай справе», таксама паведамляюць, што больш за месяц ад яго нічога не чуваць.

«Вось ужо больш за месяц ад Алега няма вестак. У апошнім лісце ён напісаў, што мае некалькі спагнанняў за так званыя парушэнні рэжыму… і за гэта можа «паехаць у камору» (ШІЗА)», – напісала ў Facebook маці палітвязня Алега Рубца.

Практычна няма навінаў ад сына Віктара Бабарыкі Эдуарда. Летась час ад часу ад яго прыходзілі лісты, а цяпер нічога няма. Палітвязні, якія былі з ім у камеры, пасля вызвалення кажуць, што лісты да яго сапраўды не даходзяць.

Падобная сітуацыя з палітвязнем Эдуардам Пальчысам. Пра яго нічога не вядома ўжо некалькі месяцаў.

Марыя Калеснікава і Эдуард Бабарыка
Эдуард Бабарыка падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе.
Фота: Павел Крычко

Пра тое, што няма і якой-кольвек інфармацыі ад зняволенага палітыка Міколы Статкевіча ўжо на працягу 90 дзён, напісала ў Facebook ягоная жонка Марына Адамовіч.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што ўлады ў Беларусі пазбавілі соцень палітвязняў права на ліставанне.

«Яно ўсё гэтак жа гарантуецца заканадаўствам, але, як і шмат якія іншыя правы, у час прававога дэфолту нахабна парушаецца», – тлумачыць праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук.

Нягледзячы на гэтыя абмежаванні праваабаронцы заклікаюць пісаць лісты палітвязням. 21 траўня «Вясна» прапаноўвае выказаць салідарнасць з усімі палітычнымі зняволенымі і чарговы раз запатрабаваць ад уладаў вызвалення ўсіх асуджаных з палітычных матываў.

Каментар
«Мы на дне, аднак Лукашэнка яго прабівае». Беларусь апусцілася на 157 месца ў рэйтынгу свабоды медыяў
2023.05.03 17:26

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў