90 дзён няма ніякіх звестак пра палітвязня Мікалая Статкевіча


Пра адсутнасць лістоў і хоць нейкай інфармацыі пра зняволенага палітыка Мікалая Статкевіча ўжо на працягу 90 дзён напісала ў Фэйсбуку ягоная жонка Марына Адамовіч.

Мікалай Статкевіч паказвае знак V пасля таго, як ён зарэгістраваўся ў якасці кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах у Менску 18 лістапада 2010 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

«90 бясконцых дзён… 1085 дзён за кратамі. Хутка тры гады. Як ім там жывецца? Сумленне не муляе?» – пытаецца ў пасце спадарыня Марына.

Мікалай Статкевіч знаходзіцца за кратамі ўжо больш за тысячу дзён. Ён быў затрыманы 31 траўня 2020 года ў Менску. Яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч.1 арт.293 КК РБ).

14 снежня 2021 суддзя Мікалай Доля агучыў прысуд Мікалаю Статкевічу: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.

20 чэрвеня 2022 быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. Адміністрацыя папраўчай установы паставіла яго на ўлік як схільнага да экстрэмізму.

Палітыку 66 гадоў.

Hавiны
Палітзняволены Мікалай Статкевіч застаецца за кратамі 1000 дзён
2023.02.24 18:37

Таксама ўжо доўгі час няма звестак пра палітвязняў Ігара Лосіка, Максіма Знака, Сяргея Ціханоўскага, Аляксандра Францкевіча, Дзмітрыя Дубоўскага. Праваабарончы цэнтр «Вясна» раней паведамляў, што іх трымаюць у ШІЗА.

Дагэтуль незразумела, у якім стане знаходзіцца Віктар Бабарыка.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў