Беларусь вымушаная прыпыніць экспарт цукру


У «Белдзяржхарчпраме» кажуць пра значнае павелічэнне попыту на цукар унутры Беларусі. Гэта прымусіла ўлады пайсці на прыпыненне экспарту.

Як паведаміў старшыня канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Алег Жыдкоў у інтэрв’ю БелТА, у студзені – лютым 2022 года для рэалізацыі насельніцтву было пастаўлена 25,1 тысяч тонаў цукру, што склала 145 % да аналагічнага перыяду мінулага года. Сярэднядзённая адгрузка цукру ў сакавіку вырасла ў 1,7 раза ў параўнанні з лютым.

Жыдкоў адзначыў, што пры захаванні попыту, які быў зафіксаваны на пачатку сакавіка, спатрэбіцца звыш графіка паставіць каля 20 тысяч тонаў белага цукру.

«На гэтай падставе прынятае рашэнне прыпыніць экспарт цукру за межы краіны і ўсе рэсурсы накіраваць на задавальненне патрэбнасці арганізацыяў гандлю Беларусі і прадпрыемстваў прамысловай перапрацоўкі», – дадаў ён.

Нагадаем, 15 лютага 2022 года ўрад Беларусі на шэсць месяцаў увёў ліцэнзаванне вывазу цукру з краіны. Паводле ўрадавай пастановы, выдаваць ліцэнзіі будзе МАРГ пасля ўзгаднення з «Белдзяржхарчпрамам». Адмовіць у выдачы ліцэнзіі могуць у выпадках «невыканання суадносінаў свабодных рэсурсаў у рэспубліцы і патрэбнасці краіны ў таварах».

З заявы Жыдкова аб прыпыненні экспарту цукру не зразумела, ці мае ён на ўвазе толькі пастанову ўраду ад 15 лютага, або ў сакавіку былі прынятыя дадатковыя рашэнні на гэты конт.

РР belsat.eu

Стужка навінаў