«Глеба пад нагамі ператварылася ў багну». Эканаміст Крук зрабіў прагноз для Беларусі на 2023 год


Улады Беларусі прагназуюць рост айчыннай эканомікі ў 2023 годзе амаль на 4 % адносна гэтага года. Праўда, старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук скептычна ставіцца да такіх перспектываў беларускага ВУП. Прычыны гэтага ён патлумачыў у размове з карэспандэнтам «Белсату».

Як адзначае Дзмітрый Крук, звычайна «кірунак, куды будзе развівацца эканоміка, будзе яна расці ці будзе скарачацца», зразумелы загадзя. Але адметнасцю менавіта 2023 года ёсць «татальная нявызначанасць», калі шанцы як на аднаўленчы рост, «пра які мараць Галоўчанка і кампанія», гэтак і на працяг рэцэсіі прыкладна роўныя:

«Любы рост, не кажучы ўжо пра той, пра які кажуць ва ўрадзе, далёка не гарантаваны. Гэта не галоўны і не самы верагодны сцэнар».

Паводле эканаміста, самая галоўная ўмова, каб беларуская эканоміка хаця б зафіксавалася на тым узроўні, які ёсць цяпер, а тым больш працягвала расці, – каб экспарт прынамсі захаваўся на тым узроўні, які ёсць у другой палове 2022 года. У другім паўгоддзі, дадаў эксперт, улады здолелі часткова скампенсаваць страты экспарту, наўпрост звязаныя з санкцыямі, але поўнага аднаўлення даваеннага ўзроўню дагэтуль няма. Калі ж узроўню экспарту налета захаваць не ўдасца, то «без гэтага весці гаворку нават пра стагнацыю, а тым больш рост, немагчыма наагул ніяк».

«Але тут упэўненасці і нават значнай імавернасці, што гэта ўдасца зрабіць, я не бачу», – сказаў Дзмітрый Крук.

Галоўныя кіты экспарту

Двума галоўнымі кітамі беларускага экспарту суразмоўца назваў нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні. Але стабільнага падмурку ў іх няма. Гэтак, у Беларусі істотна аднавілася вытворчасць нафтапрадуктаў, але не ясна, куды іх пастаўляюць і наколькі ўстойлівая іх экспартная частка.

«Яны ідуць непасрэдна на расейскі ўнутраны рынак? Ці неяк праз Расею кудысьці экспартуюцца? Напрыклад, шляхам змешвання з расейскімі нафтапрадуктамі. Ці і тое, і другое ў пэўнай камбінацыі?» – задае пытанні эканаміст.

Завод «Нафтан», предприятие, нефтеперерабатывающий завод, нефть, нефтепродукты, Новополоцк, Беларусь
«Нафтан» – буйны нафтаперапрацоўчы i нафтахiмiчны комплекс, якi вырабляе розныя вiды палiва, аліву i бiтум, араматычныя вуглевадароды i прадукты нафтахiмii. Наваполацк, Беларусь. 11 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

У кожным разе Дзмітрый Крук вельмі сумняваецца, што гэтая схема працягне функцыянаваць у 2023 годзе. Напрыклад, на ўнутраным расейскім рынку з прычыны санкцыяў, накладзеных на Расею, можа павялічыцца лішак прапановы ўласных нафтапрадуктаў. І ці будзе тады беларускім нафтапрадуктам давацца зялёнае святло, як цяпер, – вялікае пытанне, падкрэсліў эксперт. Нельга быць упэўненым, што працягнецца і экспарт праз Расею ў іншыя краіны.

Падобная сітуацыя з калійнымі ўгнаеннямі, якія пастаўляюцца праз расейскія парты і чыгункай у Кітай. У прыватнасці, не ясна, наколькі ўстойлівыя гэтыя лагістычныя схемы ў тэхнічным плане, ці ёсць запас магутнасці ў расейскіх партах, які кошт паставак.

«Чыгункаю вазіць беспасярэдне ў Кітай можна, калі цэны дасягаюць нябёсаў, але калі яны з вялікай імавернасцю пачнуць зніжацца, гэтая лагістыка акупляць сябе ўжо не будзе», – заявіў Дзмітрый Крук.

Таму, мяркуе адмысловец, устойлівасць галоўных кітоў беларускага экспарту «ў самай мяккай дыпламатычнай фармулёўцы выклікае пытанні». Да таго ж магчымасць экспартаваць нафтапрадукты ў Расею ў значнай ступені залежыць ад палітычных рашэнняў.

«Экстравысокая цэнавая канкурэнтаздольнасць»

Што датычыць аднаўлення астатняй часткі беларускага экспарту, то тут у другой палове 2022 года спрацавала «экстравысокая цэнавая канкурэнтаздольнасць». Яна склалася за кошт абясцэньвання беларускага рубля да расейскага і таго, што цэны на шмат якія тавары ў Расеі раслі нашмат хутчэй, чымся ў Беларусі, што значна павялічвала разрыў у цэнах паміж краінамі. Гэта штурхае беларускі экспарт прадаваць тавары на расейскі рынак, «амаль не падымаючыся з канапы», бо той «цяпер з’ядае шмат чаго».

Але Дзмітрый Крук чакае, што ў 2023 годзе гэты чыннік «з вельмі вялікай імавернасцю» паступова пачне мяняцца, што ўжо можна назіраць. Гэтак, з аднаго боку беларускі рубель будзе, хутчэй за ўсё, падцягвацца да расейскага, а той пачне абясцэньвацца адносна долара і еўра, заявіў эканаміст. Таксама і цэны ў Беларусі будуць падцягвацца да расейскага ўзроўню. У выніку ўсяго гэтага ў 2023 года феномен «экстравысокай цэнавай канкурэнтаздольнасці» паступова знікне.

Продовольственное эмбарго, продукты питания в магазине «Гиппо», импортные продукты, магазинный ассортимент
Паліцы з ежаю ў краме «Гіпа». Менск, 8 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Больш за тое, рэцэсія працягнецца і ў Расеі. Пакуль ацэнкі да 1 %, але ў залежнасці ад палітычнай ці ваеннай сітуацыі паглыбленне можа быць яшчэ большае. У кожным разе, заявіў Дзмітрый Крук, у выніку нават слабой рэцэсіі попыт на расейскіх рынках будзе абмяжоўвацца і скарачацца. І тады ўжо перастане дзеяць эфект 2022 года, калі на расейскім рынку беларускія вытворцы займалі нішы заходніх вытворцаў, якія сыходзілі. Усё гэта прывядзе да таго, што астатні беларускі экспарт (машынабудаванне, харчы, прамысловыя тавары) у большай частцы як мінімум напаткае стагнацыя, а шэраг тавараў – і зніжэнне экспарту ў натуральным выяўленні, робіць выснову эканаміст.

«У гэтай сітуацыі экспарт страціў стабільнасць, глеба пад нагамі вельмі хісткая і вельмі нестабільная. Яна, хутчэй, балота нагадвае – багну, калі мы не ведаем, што будзе на наступным кроку, калі гэты экспарт можа абваліцца», – падкрэсліў навуковы працаўнік BEROC.

Не рост, а вяртанне

Тым не менш дзейныя ўлады Беларусі прагназуюць на 2023 года 3,8 % росту ВУП.

«Але нават калі так будзе, гэта нават не вяртанне да ўзроўню 2021 года. Гэта фактычна вяртанне да даковіднага ўзроўню 2020 года. Гэты супераптымістычны сцэнар, які называюць цяперашнія ўлады, – нават не кампенсацыя ў поўнай ступені тых стратаў, якія дэ-факта адбыліся», – заявіў эксперт.

Тым не менш дасягнуць гэтых лічбаў магчыма, «калі зоркі складуцца так, што яны здолеюць падтрымліваць экспарт хаця б на тым узроўні, які ёсць». З другога боку, улады плануюць разагнаць унутраны попыт, напампаваўшы грашоваю ліквіднасцю перадусім дзяржаўныя прадпрыемствы і тым самым падштурхнуўшы інвестыцыйны попыт.

Аб’ектыў
0,3 % ад ЕАБР ці 3,8 % ад беларускіх уладаў – чый прагноз росту ВУП выглядае больш рэалістычна?
2022.11.29 21:22

Але, падкрэслівае Дзмітрый Крук, гэтыя планы маюць «адваротны бок медаля». З аднаго боку, адбудзецца значнае нарошчванне ўнутранага доўгу, у тым ліку гарантаванага ўрадам. А з другога – паўтараецца сітуацыя з мадэрнізацыяй 2010-х гадоў, калі замест росту ВУП узнік даўгавы цяжар для эканомікі.

«І тое, што яны спрабуюць зрабіць, – фактычна паўтарэнне таго досведу. Я не бачу абсалютна ніводнай прычыны, якая б магла сігналізаваць, што сітуацыя гэтым разам будзе адрознівацца», – падкрэсліў Дзмітрый Крук.

Эксперт не выключае, што ў кароткатэрміновай перспектыве ўладам такімі метадамі ўдасца нарасціць рост ВУП, але даволі хутка – ужо ў 2023 годзе – можна чакаць росту інфляцыі. Паводле яго, «раскручванне інфляцыйнай спіралі стане найбольш актуальнаю пагрозай, а на больш доўгую перспектыву гэта непазбежна вядзе да інтэнсіфікацыі даўгавых праблемаў».

«Таму гэты сцэнар [з ростам ВУП на 3,8 %. – Заўвага Belsat.eu] нельга назваць цалкам нерэалістычным. Але ён магчымы, калі пашчасціць і будзе захоўвацца прывабная вонкавая кан’юнктура, калі змогуць прапхнуць нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні. І калі будуць праводзіць палітыку напампоўвання ліквіднасцю, якая стымулюе попыт», – мяркуе эканаміст.

Але ў сярэднетэрміновай перспектыве гэта прывядзе да фінансавай дэстабілізацыі беларускай эканомікі, а напампаваны рост «вельмі хутка зможа садзьмуцца».

Рынак «Паўднёвы» ў Горадні. Фота гледачоў

Памерці, але не сёння

Што датычыць прыватнага бізнесу, то ў яго, як адзначыў Дзмітрый Крук, «адзінае пытанне на парадку дня – гэта выжыванне». Бізнесы, якія не могуць ці не хочуць рэлакавацца, будуць глядзець на тое, каб выжыць, і, магчыма, скарыстаюцца кароткатэрміновымі магчымасцямі.

Але такая філасофія кароткатэрміновых гарызонтаў для бізнесу, падкрэсліў суразмоўца, – «фактычна адзін з цвікоў у труну гэтага бізнесу» і «міна запаволенага дзеяння». У выніку такой тактыкі будучая канкурэнтаздольнасць, будучыя перспектывы значна пагаршаюцца, і потым адыграць гэта назад будзе цяжка.

«У кагосьці тое будзе атрымлівацца, хтосьці будзе вымушаны сыходзіць, але пераважна будуць выжываць. Шмат якія бізнесы будуць думаць пра тое, як не памерці сёння і па магчымасці выжыць яшчэ ў наступны перыяд. І па магчымасці перанесці смерць свайго бізнесу на наступны перыяд», – сказаў эканаміст.

Агулам гэта вялікая праблема і для эканомікі, і для перспектывы яе развіцця.

Hавiны
Аналітыкі ЕАБР ацанілі падзенне беларускага ВУП у кастрычніку на 4,7%
2022.11.21 10:20

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў