Ці кампенсуе Кітай страты ад санкцый для Беларусі?


10 ліпеня стала вядома, што Беларусь і Кітай дамовіліся аб рэалізацыі буйных праектаў у вобласці развіцця і супрацоўніцтва. У сувязі з гэтым ці можа стацца так, што Кітай поўнасцю кампенсуе страты, якія панёс рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў выніку санкцыяў, накладзеных Захадам? «Белсат» пацікавіўся ў экспертаў.

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў і старшыня Дзяржаўнага агенцтва па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве пры Дзяржсавеце Кітая Ло Чжаохуэй. Пекін, 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: БЕЛТА

Буйныя праекты

10 ліпеня ў рамках візіту ў Кітай першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў сустрэўся са старшынём Дзяржаўнага агенцтва па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве пры Дзяржсавеце Кітая Ло Чжаохуэем. На сустрэчы з кітайскага боку прагучалі словы пра тое, што «беларуска-кітайскія адносіны выйшлі далёка за рамкі двухбаковага вымярэння, супрацоўніцтва мае глабальнае значэнне», прыводзіць словы кіраўніка Дзяржаўнага агенцтва «БЕЛТА».

Па выніках сустрэчы было падкрэслена, што краіны працуюць над «дзясяткам новых стратэгічных аб’ектаў», агульны кошт якіх перавышае 900 мільёнаў юаняў (больш за 120 мільёнаў долараў). Таксама было анансавана, што ў Кітаі ў гэтым годзе з’явіцца новае беларуска-кітайскае прадпрыемства па вытворчасці малочнай прадукцыі.

Ці ёсць залежнасць Беларусі ад Кітая?

Але наколькі на сённяшні дзень беларуская эканоміка залежыць ад Кітая, «Белсат» пацікавіўся ў публіцыста і спецыяліста па міжнароднай эканоміцы Алеся Чайчыца.

На яго думку, беларуская эканоміка даволі моцна залежыць ад Кітая. Ён лічыць, што КНР – гэта адзін з такіх вонкава-эканамічных партнёраў, якія засталіся ў Беларусі, «стасункам з якімі палітычныя фактары не пагражаюць». Кітай, лічыць Алесь Чайчыц, гэта «моцная эканоміка ў адрозненне ад Расеі, Кітай палітычна блізкі да Беларусі. Гэта аўтакратычныя рэжымы, якія адзін аднаго падтрымоўваюць».

Беларускай эканоміцы няма куды падзецца і «трэба ісці туды, куды яшчэ пускаюць», – лічыць кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін. Іншая справа, што ў выніку атрымае беларуская эканоміка: бо тыя інвестыцыі, якія цяпер прапануе Кітай Беларусі – гэта кропля ў моры, упэўнены наш суразмоўца.

Гэтыя інвестыцыі ідуць мэтава, як, напрыклад, на пабудову Нацыянальнага стадыёна ў Менску, хоць нейкіх значных спартовых мерапрыемстваў у бліжэйшы час не прадбачыцца, а значыць, лічыць Яўген Красулін, атрымаецца чарговая «забаўлялка». Таму, на думку эксперта, казаць пра тое, што гэта можа кампенсаваць страты ад сітуацыі, у якой сёння апынулася Беларусь, абсалютна не выпадае. Бо Кітай вельмі мала што можа, а галоўнае – «мала што хоча кампенсаваць».

У чым зацікаўлены Кітай

На думку Яўгена Красуліна, беларускі рэжым куды больш зацікаўлены ў Кітаі, чым Кітай у беларускім рэжыме. Бо Кітаю ў першую чаргу быў бы цікавы транзіт праз Беларусь у Еўропу. У той жа час, лічыць наш суразмоўца, беларускі рэжым робіць усё, каб гэтага транзіту не было.

На думку кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Паўла Латушкі, Кітай заўсёды ў знешняй палітыцы кіруецца сваімі ўласнымі інтарэсамі. Так, напрыклад, нядаўна быў падпісаны кантракт на пастаўкі калійных угнаенняў паміж кітайскай і канадскай кампаніямі. Канадцы прапанавалі больш нізкую цану, і ў выніку кітайскі бок пайшоў на падпісанне гэтага кантракту, «нягледзячы на тое, што гэта шкодзіць інтарэсам глабальнага стратэгічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем, пра якое кажа той жа Мікалай Снапкоў», – адзначыў Павел Латушка.

Індустрыяльны парк «Вялікі камень». Крыніца: greenbelarus.info

На думку палітыка, Кітай можа ўголас не агучваць такую праблему, як з’яўленне моцнай заслоны паміж Беларуссю і Заходняй Еўропай, але ў размовах з тым жа Мікалаем Снапковым, які зараз знаходзіцца з візітам у Кітаі, абмяркоўваць яе. Бо Кітай цікавяць транзітныя шляхі праз Беларусь, ён «укладваў у гэта інвестыцыі».

«Ім [кітайцам] таксама вельмі важна ведаць, куды ж ідзе Беларусь. І калі Беларусь страчвае сваю суб’ектнасць, становіцца фактычна сатэлітам Расейскай Федэрацыі, то і зацікаўленне да Беларусі будзе меншае. Калі Беларусь не мае добрых адносінаў з Заходняй Еўропай, то і цікавасць да Беларусі знізіцца… Кітайцам будзе значна больш карысна інвеставаць у расейскі рынак, і з расейскага рынку пакрываць сваімі таварамі тэрыторыю Беларусі як дабаўленую тэрыторыю, як дабаўленую вартасць для агульнага, больш буйнога бізнесу на тэрыторыі Расеі», – падкрэсліў Павел Латушка.

У той жа час Кітай аказвае дапамогу Беларусі і беларускаму рэжыму, дапамагае яму трымацца на плаву, лічыць Алесь Чайчыц. Хоць казаць у сувязі з гэтым пра эканамічную мэтазгоднасць вельмі складана: бо любая беларуская прадукцыя, якая можа знайсці попыт у Кітаі, павінна праехаць цераз палову планеты. Верагодна, лічыць эксперт, такая падтрымка можа быць часткай доўгатэрміновай стратэгіі: «Беларусь зараз не можа быць для Кітая брамай у Еўропу, але з часам сітуацыя ў Беларусі можа змяніцца – Беларусь адкрыецца для Еўропы, а сувязі з Кітаем былі і застануцца, і тады брамы адчыняцца, а Кітай ужо там».

Якія наступствы для Беларусі

На думку Яўгена Красуліна, тое, што Беларусь не павінна будзе аддаваць атрыманыя грошы ў будучыні, «не абазначае, што яна не будзе расплочвацца чымсьці іншым: бо кітайцы – вельмі прагматычныя таварышы і раздаваць проста так грошы яны не любяць, гэта не савецкае кіраўніцтва. Таму Беларусь за гэта таксама будзе расплочвацца».

«Калі казаць, што Кітай хоча наўзамен, то тут міжволі выходзім на палітычную сферу і бачым, што наш стары добры тавар – гэта пацалункі ў абмен на даляры і падтрымка Кітая на міжнароднай арэне. Праўда, таксама адзінае, што можам прапанаваць, – гэта галасаванне ў ААН – так, як будзе трэба Кітайскай Народнай Рэспубліцы, ну і, можа, мітусня ў іншых нейкіх арганізацыях», – сказаў Яўген Красулін.

Кажучы пра наступствы для Беларусі, Павел Латушка звяртае ўвагу на такі фактар, як гандлёвы абарот з Кітаем. «Мы павінны зразумець, што, напрыклад, у 2020 годзе ў тры разы імпарт з Кітая перавышаў беларускі экспарт у Кітай. Так што Кітай фактычна прадае тое, што хоча прадаваць на тэрыторыі Беларусі і стварае такім чынам канкурэнцыю для беларускіх прадпрыемстваў. І зараз ён будзе выкарыстоўваць гэтую сітуацыю, каб пашырыць прысутнасць сваіх тавараў, што будзе наносіць шкоду для беларускіх прадпрыемстваў у самой Беларусі», – адзначыў кіраўнік НАУ.

«Сёння Мікалай Снапкоў, – адзначыў Павел Латушка, – робіць велізарную памылку, тактычна выкарыстоўваючы гэтую сітуацыю, але стратэгічна ён ставіць у абсалютную залежнасць эканоміку Беларусі ў перспектыве ад кітайскай эканомікі, што не будзе карысным для развіцця беларускай эканомікі».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў