Намеснік кіраўніка прызначанай акупацыйнымі войскамі «адміністрацыі» Новай Кахоўцы Віталь Гура атрымаў цяжкія раненні ў выніку замаху.
Па звестках «РИА Новости», замах быў учынены каля дома Гуры: невядомыя расстралялі яго з пісталета Макарава.
Гура знаходзіўся ў цяжкім стане, яго спрабавалі перавезці ў Крым, але па дарозе ён памёр, паведаміў расейскі журналіст Юрый Кацянок. Праўда, «РИА Новости» сцвярджаў, што ён яшчэ жывы, знаходзіцца ў рэанімацыі.
Каля 18.30. РБК паведаміла са спасылкай на акупацыйную адміністрацыю Херсоншчыны, што Гура ўсё ж памёр.
Замахі на калабарантаў, якія ўзначалілі мясцовыя «адміністрацыі» на акупаваных Расеяй тэрыторыях, сталі частай з’явай ва Украіне. Гэта звязана з дзейнасцю ўкраінскага партызанскага руху, што змагаецца супраць расейскай акупацыі.
Напрыклад, 24 чэрвеня ў Херсоне пры выбуху аўтамабіля загінуў кіраўнік упраўлення «адміністрацыі» Херсонскай вобласці па маладзёжнай палітыцы Дзмітрый Савлучэнка.
4 жніўня стала вядома аб шпіталізацыі прызначанага Расеяй кіраўніка вобласці Уладзіміра Сальда. Па звестках медыяў, ён мог быць атручаны.
Глеб Нержын belsat.eu