Афіцыйныя асобы Украіны пракаментавалі відэа з меркаваным расстрэлам украінскага ваеннапалоннага


Ва Украіне пачалі расследаваць зняты на відэа меркаваны расстрэл расейскімі вайскоўцамі ўкраінскага ваеннапалоннага. Відэа пачало інтэнсіўна пашырацца па сацсетках. На яго адрэагавалі прадстаўнікі кіраўніцтва Украіны.

У сацсетках распаўсюджваюць ролік з меркаваным расстрэлам украінскага ваеннапалоннага за словы «Слава Украіне». Скрыншот з відэа: Telegram / dmytro_lubinetzs

Відэа з меркаваным расстрэлам украінскага ваеннапалоннага зʼявілася ў Telegram і Twitter у другой палове дня 6 сакавіка. Невядома, дзе і калі зроблены здымкі, асоба памерлага таксама не ўстаноўлена.

На відэа паказаны чалавек у ваеннай форме, які стаіць і курыць у лесе. Пасля каманды за кадрам «Здыміце», чалавек прамаўляе «Слава Украіне», пасля чаго раздаюцца выстралы, чалавек падае, голас за кадрам лаецца матам.

Украінскі амбудсмен Дзмітрый Лубінец нагадаў у сваім тэлеграм-канале, што расстрэл ваеннапалоннага з’яўляецца парушэннем Жэнеўскай канвенцыі: «Я адправіў гэтае відэа міжнародным партнёрам і амбудсменам з усяго свету як пацверджанне наступнага ваеннага злачынства Расеі».

(Увага, відэа ўтрымлівае сцэны гвалту).

Кіраўнік офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак напісаў 6 сакавіка у Twitter: «Забойства вязня – чарговае ваеннае злачынства расейцаў. Гэта элемент мэтанакіраванай палітыкі тэрору, якую крамлёўская прапаганда адбельвае міфамі пра «нацыстаў». За кожнае такое вайсковае злачынства будзе расплата. Ніхто не зможа схавацца. Знойдзем усіх». Пры гэтым каментар Ермака не звязаны на прамую з ролікам пра расстрэл.

Тым часам, Галоўны следчы дэпартамент СБУ зарэгістраваў крымінальную справу ў рамках часткі 2 артыкула 438 Крымінальнага кодэксу Украіны («Парушэнне законаў і звычаяў вайны»).

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў