Неабыякавыя людзі

Вакол столькі неабыякавых людзей стала, што гэта не можа не палохаць.

Жыхары квартала вырашылі ўпрыгожыць тэрыторыю свайго двара белымі і чырвонымі стужачкамі. Але неабыякавыя людзі, так бы мовіць, «дружыннікі» (дарэчы, калі яны неабыякавыя – назавіце імёны гэтых герояў, што ж ім – усё жыццё пад маскамі хавацца?), якія не маюць да гэтага двара ніякага дачынення, прыехалі спецыяльна, каб гэтыя стужачкі зрэзаць. Калі да іх выйшлі жыхары двара, паўстала – кажучы словамі яшчэ аднаго неабыякавага чалавека – бойка. Як зафіксавана на зусім абыякавым, практычна раўнадушным відэазапісы, неабыякавыя людзі ўчатырох схапілі аднаго чалавека, запіхнулі ў машыну і павезлі ў нейкім неабыякавым кірунку, не прад’явіўшы ні яму, ні прысутным бясспрэчна пазбаўленых эмоцый дакументаў, з якіх вынікала б, што яны – не бандыты, дарагія сэрцу высокапастаўленага і не занадта абыякавага міліцэйскага начальніка К-ва, а зусім нават маюць права выкрадаць грамадзянаў (хай абыякавых, але грамадзянаў, на варце якіх павінен стаяць закон).

Hавiны
«Быў п’яны, стала кепска па дарозе ў міліцыю». Як Лукашэнка каментуе смерць Бандарэнкі
2020.11.13 18:50

Неабыякавая міліцыя прывезла грамадзяніна РБ Р.Б., які спусціўся ва двор і нічога – мяркуючы па відэазапісе – не парушаў, з праламаным чэрапам у сталічную больніцу хуткай медычнай дапамогі, дзе лекар стрымана зрабіў запіс аб тым, што, па-першае, дастаўленая асоба не магла ні на што паскардзіцца ў сілу атрыманых калецтваў, па-другое, была цвярозай, па-трэцяе, даставілі пацярпелага з аднаго з неабыякавых сталічных РУУС.

Гэтая стрыманая версія катэгарычна разыходзіцца з тым, што агучыў неабыякавы грамадзянін РБ А.Г.Л., які заявіў, што памерлы ад чэрапна-мазгавой траўмы Р. Б., па-першае, быў п’яны (гл. папярэдні абзац), па-другое, быў траўмаваны да гэтага (што супярэчыць і відэазапісу, і заявам відавочцаў, сярод якіх грамадзянін А.Г.Л. – пры ўсёй яго неабыякавасці – відавочна адсутнічаў. Было таксама заяўлена (ну, амаль са слязьмі на вачах), што даставіла пацярпелага ў больніцу машына «хуткай дапамогі», якая, аднак, яго не выкрадала. І, нарэшце, было заяўлена, што грамадзянін А.Г.Л. бярэ гэтую справу пад асабісты кантроль.

Hавiны
Лукашэнка выказаў спачуванні бацькам Бандарэнкі
2020.11.13 18:02

Нагадаем некалькі фактаў з эмацыйна насычанай біяграфіі А.Г.Л.

У 1995 годзе дадзеная асоба на падвышаных танах паабяцала паказаць народу сцэну «эвакуацыі» з залы пасяджэнняў Вярхоўнага Савету групы дэпутатаў, якія абыякава там галадалі. І не проста паабяцала – назвала адказных, хто павінен быў гэта зрабіць. Але плёнка знікла, а вінаваты ў невыкананні гэтак эмацыйна аддадзенага ўказання пакараны не быў.

У 2000 годзе, а таксама шматкроць пазней тая ж асоба брала пад свой кантроль, як і належыць неабыякаваму чалавеку, дэманстрацыю сведчанняў таго, што выкрадзеныя апазіцыянеры Юрый Захаранка і Віктар Ганчар і жывыя, і хаваюцца ў вядомым А.Г.Л. кірунку. Эмоцыі кожны раз перахватвалі праз край, але ніякіх дэманстрацыяў правасці А.Г.Л. пры гэтым не было.

У 2020 годзе тая ж асоба, упэўнена ўсхваляваным голасам, заявіла, што Беларусь практычна акружаная – з боку расейскай мяжы – лагерамі па падрыхтоўцы дыверсантаў, што затрыманыя на нашай тэрыторыі грамадзяне Расеі – тэрарысты, якіх накіравалі да нас для дэстабілізацыі сітуацыі, прычым яны ўжо даюць паказанні, якія будуць прад’яўленыя. Ну, і нарэшце, да заходняй часткі межаў нашай Радзімы былі паказальна сцягнутыя войскі, паколькі, па словах той жа асобы, і таксама на піку эмоцый, нам пагражае Захад.

Хочацца спакою. Хочацца стрыманасці. Хочацца, каб ніякі прыдурак не бегаў вакол свайго жылля з аўтаматам наперавес, істэрычна адлюстроўваючы, што яму хтосьці ці нешта пагражае.

Фотарэпартаж
Плошча Пераменаў ператварылася ў мемарыял Бандарэнкі. Фотарэпартаж
2020.11.13 16:13

І, нарэшце, хочацца, каб неабыякавыя людзі дэманстравалі свае паўнамоцтвы. Не мускулы і не колькасную перавагу. А дакументы. У адваротным выпадку іншыя асобы – абыякавыя да іх схаваным пад маскамі твараў – павінны мець цалкам роўнае права адказаць на сілу сілай. Раз ужо гаворка не ідзе пра законных прадстаўнікоў улады. Бо гэтых чапаць сапраўды нельга. Таму варта захоўваць вытрымку.

І тым больш не хочацца, каб натхняльнік забойства выказваў спачуванне бацькам ахвяры. Лепш бы спакойна прамаўчаў.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў