Навагодні топ-10 здзіўляльных музычных рэлізаў 2019-га

Сяргей
Філімонаў

Паводле меламанскага асяроддзя «Відзьмо-невідзьмо».

10. Гурт «Rudimental», альбом «Toast to our differences» (Asylum), Брытанія.

Досыць модны брытанскі фанк, соул, электрапоп гурт. Яны мелі намінацыю на прызы «Мэркʼюры», выйгравалі прызы «Брыт», а сёлета – прыз «Global». Гэта – ужо трэці іхны альбом. Рытмічны, роўны, троху танцавальны. Прыемны святочны гук.

9. Гурт «Luciferʼs Friend», альбом «Black moon» (Luciferʼs Records), Нямеччына.

Нечаканы сюрпрыз для старадаўніх аматараў гурта «Uriah Heep». У 2015 годзе Джон Лотан (другі класічны вакаліст «Юрая Гіп») аднавіў каманду свайго дзяцінства «Сябра Люцыфера». Яны запісалі два альбомы, найноўшы сёлета. «Чорны месяц» хваляць усе буйныя выданні класічнай рок музыкі, бо гэты альбом моцна нагадвае найлепшыя гукі сярэдзіны 70-х гадоў ХХ стагоддзя. Напачатак лютага 2020 цяперашні склад гурта «Юрая Гіп» выступіць з канцэртам у Менску. Але гэтая кружэлка адпавядае класічнаму гуку гурта дакладней.

Гурт «Luciferʼs Friend», вокладка альбому «Black moon». Фота Lucifers Records

8. Гурт «Metronomy», альбом « Metronomy forever» (Because), Брытанія.

За 20 гадоў існавання гэты індзі электронік гурт запісаў шэсць студыйных альбомаў. Яны мелі гучны пачатак карʼеры, былі ў цэнтры ўвагі на фестывалях кшталту Глэстанбэры. Потым поспехі гурта троху замарудзіліся. Але цяпер запісалі ўдалы альбом, які аднавіў цікавасць меламанаў да творчасці каманды. Іх, нават, называюць музыкантамі, якія выконваюць «новае дыска».

7. Эдўін Колінз (Edwyn Collins), альбом «Badbea» (Aed Records), Шатландыя.

Сёлета Эдўіну споўнілася 60. Ён сам складае і выконвае свае спевы. Ягоны пік – сярэдзіна 90-х, калі песня «A Girl Like You» («Дзяўчо як ты») гучала з кожнага прасу. Праз перапынак у шэсць гадоў музыкант пастанавіў аднавіць дзейнасць і запісаў выбітны альбом, які гучыць вельмі настальгічна для аматараў 90-х.

6. Гурт «Cage the Elephant», альбом «Social Cues» (RCA Records), ЗША.

Вельмі цікавы індзі панк рок гурт, які ажывіў стылістыку гаражных хлопцаў. У 2017 яны выйгралі прыз Грэмі за «найлепшы рок альбом». Пры запісы новага альбому яны «былі пад цяжарам тых прызоў», але справіліся «на выдатна». Змянілі традыцыйнае рок гучанне ў бок модных рытмаў. Гэтая іхная кружэлка прысутнічае ў топах за 2019 ад шматлікіх папулярных крытыкаў.

5. Гурт «The Black Keys», альбом «Letʼs rock» (Nonesuch Records), ЗША.

Па сутнасці гэты блюз-рокавы калектыў ёсць дуэтам. На канцэртавыя туры яны наймаюць сесійных музыкантаў. Дэн Аўэрбах ды Патрык Карні цягам апошніх пяці гадоў мелі шэрагі сайд праектаў. Запісваліся ў іншых складах, выдавалі сольныя альбомы, урэшце, пастанавілі вярнуцца пад брэндавую назву. Новая кружэлка трапіла ў пяцёрку паводле продажаў у большасці краін свету. А кожны спеў гучыць нібы самастойны гіт.

Фота Nonesuch

4. Гурт «Pixies», альбом «Beneath the eyrie» (BMG), ЗША.

Сенсацыя мяжы 80-90-х, альтэрнатыўная каманда «Піксіз», таксама вярнулася з небыцця. Цяперашні шоубіз спрабуе ўваскрэсіць усё, што магчыма з ліку класічных рок-гуртоў. Бо іхны прадукт запатрабаваны і прадаецца лепш за аднадзённых поп зорачак. Цікава, але гэты альбом не вельмі спадабаўся старым прыхільнікам гурта, затое аматары класічнай рок музыкі назвалі альбом «Пад вачыма» наймацнейшым!

3. Дэвэндра Банхарт (Devendra Banhart), альбом «Ma» (Nonesuch Records), ЗША-Венесуэла.

Цягам апошніх гадоў 15-ці Дэвэндра лічыцца «ідалам сучасных хіпі». Ён выступае ў стылістыцы «псіхадэлічны фолк», але здольны граць эксперыментальны джаз і, нават, забіяцкія лацінскія скокі. «Ма» – павольны і медытатыўны альбом. У другой палове студзеня 2020 Банхарт будзе гастраляваць у Польшчы. У Варшаве адбудзецца некалькі яго канцэртаў.

2. Олдаўс Хардынг (Aldous Harding), альбом «Designer» (4AD), Новая Зеландыя.

Хто ж «найлепшая спявачка 2019»? – пытаюць мяне… маючы на ўвазе Білі Айліш, Лану дэль Рэй або, на горшы выпадак, вакалістку з гурта «Big Thief»… усе яны запісалі ў 2019 расхваленыя шматлікімі крытыкамі альбомы. Мы прыйшлі да высновы, што шматразова можам слухаць альбом «Designer» новазеландскай дзяўчыны з імем Олдаўс Хардынг. Вось наша фаварытка! У яе няма інфантыльнасці (як у Айліш), штучнасці (як у Рэй), знарочыстай слабасці (як у Ленкер) і паталагічнага імкнення быць «моднай». У Олдаўс ёсць талент ад нараджэння. Яна цудоўна і тонка інтануе, не саромеючыся спяваць і на поўную моц. Ёсць чым.

1. Гурт «Rival sons», альбом «Feral Roots» (Atlantic), ЗША.

За дзесяць гадоў існавання гэты блюз рокавы калектыў расквітнеў і зрабіўся вартасным нашчадкам славутых «Лэд Зэпэлін». Змястоўнасць іхнай музыкі павялічваецца з году ў год, а стылістыка багацее. Я не паверыў, калі каманда «Грэта ван Фліт» летась атрымала прыз Грэмі за свае песні ў тым жа стылі. Але гэтая каманда значна мацней.

Вокладка альбому «Feral Roots». Фота Atlantic

Аматары класічнай рок музыкі чуюць у творах «Rival sons» і матывы класікаў як гурт «Энімалз», і непасрэдную падобнасць да «Зэпэлінаў». Я ж лічу, што менавіта гэтым альбомам яны дасягнулі дасканаласці.

Сяргей Філімонаў belsat.eu

Глядзі таксама