Настаўніцу з Клімавічаў вызвалілі ад адміністрацыйнай адказнасці за абразу беларускай мовы


Іну Кардабнёву, якая стала вядомая праз выказванні аб неабавязковасці беларускай мовы ў школах, пазбавілі адміністрацыйнай адказнасці. Клімавіцкі райвыканкам паведаміў, што яна раскаялася ў сваіх паводзінах.

«Не ставіла мэтай абразіць кагосьці»

Прадстаўнікі Клімавіцкага райвыканкаму зазначылі, што па відэароліку была праведзеная праверка. У афіцыйным адказе, які атрымала актывістка грамадзянскай ініцыятывы «Умовы для мовы» Аліна Нагорная, указана, што з Кардабнёвай была праведзеная гутарка па недапушчальнасці падобных выказванняў.

«Іна Кардабнёва ўсведамляе сваю вінаватасць у тым, што ўжыла абразлівыя выразы ў дачыненні да прадмета беларуская мова, і шчыра раскайваецца, што сваімі дзеяннямі абразіла беларускую мову як адну з дзяржаўных моваў Рэспублікі Беларусь. Таксама яна падкрэсліла, што не ставіла перад сабой мэты кагосьці абразіць асабіста», – гаворыцца ў лісце.

Іна Кардабнёва выдаліла ролік са свайго YouTube канала, а таксама выбачылася перад падпісантамі ў сваіх сацыяльных сетках. На падставе гэтага Клімавіцкі райвыканкам вырашыў вызваліць яе ад адміністрацыйнай адказнасці, прадугледжанай артыкулам 9.22 («Законам аб мовах») Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях.

Hавiны
Настаўніца з Клімавічаў патрабуе прыбраць са школаў беларускую мову
2020.03.23 07:07

Вырашэнне будзе абскарджвацца

– Ёй павінны былі даць 4 базавых з улікам усіх гэтых публічных выбачэнняў – гэта мінімальнае пакаранне па гэтым артыкуле. Выбачэнні не вызваляюць ад адказнасці. Мы абскардзілі вырашэнне ў аблвыканкаме, у хуткім часе дашлём заяву ў пракуратуру. Падобная сітуацыя ўжо была з Дзмітрыем Шчарбатым з Мазыра, і тады прыцягнулі да адказнасці і чалавека з выканкаму, які павінен быў даць штраф за абразу беларускай мовы, і таго, хто абразіў. Мяркую, што тут будзе тое самае, – кажа Аліна Нагорная.

Калі вы мяркуеце, што вашыя моўныя правы парушаюцца, вы можаце напісаць адмысловы зварот. На сайце umoby.by ёсць інструкцыя, што рабіць у такіх сітуацыях.

Іна Кардабнёва працуе інструктарам-метадыстам у Клімавіцкай ДЮСШ і вядзе YouTube канал. На ім 21 сакавіка яна апублікавала відэаролік, у якім у абразлівай форме адгукалася пра беларускую мову.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў