Нашая калгасная Атлантыда. Сталін не замяніў Бога, затое Гарбачоў стаўся міфічным героем


Чаму «без калгасу няма жыцця» і як Рэйган з Гарбачовым «адкрылі духоўнасць» і «закрылі атам». Журналіст «Белсату» сустрэўся з аўтаркаю 800-старонкавай манаграфіі «Калгаснікі» Аннай Энгелькінг ды распытаў даследчыцу пра міфы і рэальнасць беларускай вёскі.

ПРАЦЯГ. Чытайце першую частку «Калгаснай Атлантыды»: «Прэдседацель» і калгасны космас, свет вакол калгасніка.

«Без калгасу жыцця няма»

Гэта назва першага раздзелу ў манаграфіі ды адна з аксіёмаў жыцця калгасніка. Хоць з’яўленне калгасаў, прымусовая калектывізацыя была вялікаю траўмаю для ўсёй беларускай вёскі, не толькі тых, хто атрымаў ярлык «кулакоў», але і для «беднаты». У аповедах старых пра падзеі больш як 50-гадовай даўніны – страх, роспач і пачуццё бездапаможнасці:

«Ой, было ценьжко. Бедныя былі, калхозы тэ савецкія зрабілі. Голад быў. Людзі былі глоднэ. Не было нічога. Сталін так вывозіў людзі. Прыедзе ў ночы, радзіну цэлую на вуліцу і зараз да машыны. Нядобры Сталін быў чалавек. Цяжка нам было жыць. І баяліся яго, Сталіна».

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Дзесяцігоддзямі беларуская вёска прыстасоўваецца да новых парадкаў. «Цяжка жыць, але прывыкшы», – гавораць калгаснікі. Тым, хто паспяшаецца асудзіць калгаснікаў, варта нагадаць, што выбар тады быў невялікі: альбо ідзеш у калгас, альбо твая сям’я памірае з голаду. Праз голад, кроў і пакуты паўстае сімбіёз калгасу і вяскоўца. І па-за калгасам жыцця ўжо не ўяўляюць. Гэта адзін з феноменаў беларускай вёскі, які даследавала этнограф Анна Энгелькінг.

– Беларускія вяскоўцы маюць свой невялікі кавалак зямлі і гаспадараць на ім. Але калі ўявіць, што калгасаў у адзін дзень не стане, што будзе з беларускаю вёскаю? Нас чакае катастрофа?

– Калгаснікі маюць у сабе гаспадарскі падыход, моцна ўкаранёны, шанаванне да зямлі і перакананне, што ў зямлю трэба ўкладаць працу. Але гэта на ўзроўні ідэі і вартасцяў. Вядома, што 60-гадовы альбо 80-гадовы чалавек пэўную працу проста фізічна не ў стане выканаць. Таксама ў сітуацыі, калі няма інфраструктуры для фермерскай гаспадаркі, няма машынаў, няма доступу да крэдытаў – то пра што можа ісці гаворка? Няма каму працаваць і няма як працаваць, нават калі яны ведаюць, як гэта рабіць. Калі б зніклі калгасы, то неабходна было б, каб паўстала пакаленне фермерскіх прадпрымальнікаў з магутнымі механізаванымі фермерскімі гаспадаркамі. І не будзем хавацца ад праўды – вёска памірае.

– Вёска памірае, з вёскі выязджаюць. Дзяцей усяляк спрабуюць адправіць у горад – вучыцца ці працаваць, у той – вонкавы свет. А як вяскоўцы ўспрымаюць і асэнсоўваюць самыя сябе?

– А вось пра гэта я і напісала кнігу (смяецца). Найважнейшае ў іхным аповедзе пра сябе – дзве рэчы: тое, што яны працавітыя. Яны працуюць, калгаснік дэфініцыюе сябе праз працу. Другое – чалавек-калгаснік верыць у Бога. Гэта тыя два галоўныя аспекты, якія вызначаюць калгаснікі самі ў сабе.

Як Гарбачоў духоўнасць вяртаў

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Уся савецкая сістэма дзесяцігоддзямі здушвала веру, спрабавала замяніць іконы – партрэтамі то Леніна, то Сталіна, то яшчэ адным чарговым правадыром. Падмяніць Бога кімсьці з маскоўскіх уладароў гэтак не атрымалася. Аднак уладары гэтыя ўвайшлі ў свядомасць кожнага калгасніка.  З’явіліся песні пра Сталіна і своеасаблівыя міфы пра Перабудову, ядравую зброю ды вяртанне касцёлаў і цэркваў на вёску.

«Сядзелі ў Белым Доме. Сядзелі гэтыя міністры і быў разгавор. І мы назаўтра ўжэ павыходзілі, бабы і кажуць: «адкрыюць касцёл і будзем дзяцей хрысціць, вянчацца будзем» Ад таго пайшла эта духоўнасць.

– Рэйган казаў, што закрые атам?

– Ну, Рэйган паабяшчаў закрыць атам. Ён сказаў: «Калі ты адкрыеш духоўнасць, каб людзі свабодна маліліся, хто жэлае, богаверуюшчы, так я закрыю атам». Ну, і ён ужэ паабяшчаў гэта. А як яны развіталіся, ён са сваёй Раісай Нікалаеўнай адходзіў, Гарбачоў, ён кажа: «Хай Гасподзь Бог вам сапутствуе, праважае ў дароге». Вобшчэм, з Богам адправіў яго».

* З кнігі Анны Энльгелькінг “Калгаснікі”

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

Праца задарма

– У той культуры, якую рэпрэзентоўваюць калгаснікі, няма магчымасці, каб свет успрымаўся па-свецку. Таму для іх відавочна, што чалавек мусіць ува штосьці верыць. Камунізм упісваецца ў гэтую сістэму, як адна з рэлігій. Гэта новая вера звонку. З’явіліся на свеце камуністы, якія маюць свайго бога – Маркса, Энгельса ці Леніна. Стварылі веру, якая была канкурэнцыяй адносна іх веры і спрабавала яе замяніць. Я трошку спрашчаю, але свет бачыцца таксама як мапа вераў. І на гэтай мапе з’явілася яшчэ адна вера – камунізм. Але вера са знакам мінус, бо яна знішчала ўсе іншыя веры, не хацела разам з імі суіснаваць, як іншыя традыцыйныя веры: перадусім «руская», «польская» і «габрэйская».

– І можа, таму настальгіі па савецкіх часах у калгаснікаў няма?

– Ёсць настальгія па часах Брэжнева, якога ў пэўным сэнсе параўнавалі з царом Мікалаем. Гэта такія «райскія часы», калі было шмат усяго і ўсё было танным. Калі на рубель можна было купіць воз рэчаў.

[vc_single_image image=”8″ img_size=”large”]

– Калгаснікі наўпрост кажуць, што працавалі задарма.

– Гэта памяць пра тыя страшна цяжкі часы непасрэдна пасля калектывізацыі. Гаворачы з нашай вонкавай перспектывы, на гэта нельга глядзець інакш як на рэфеадалізацыю вёскі. Адміністрацыйнае вяртанне на 100 гадоў назад, калі селянін быў пазбаўлены свабоды. Яны не мелі пашпартоў, не маглі выязджаць з вёскі. Гэта было вяртанне да сітуацыі, калі селянін быў прывязаны да зямлі і быў уласнасцю пана – нявольнікам, уласнасцю калгасу.За працу не атрымлівалі грошай – гэта рэфрэн ува ўсіх аповедах вяскоўцаў пра калектывізацыю: «мы працавалі задарма». Хто гэтага не памятае сам, той ведае добра з аповедаў у сям’і.  Гэта таксама для мяне было спачатку вялікім здзіўленнем: нягледзячы на гэтую трагедыю, да сёння згаджаюцца з існаваннем калгасу. Безумоўна, людзі «прывыклі» да калгасаў, як яны кажуць. Адаптацыя да новых, горшых умоваў жыцця сталася спосабам існавання з захоўваннем галоўнай вартасці сялянскага эпасу, якою ёсць жыццё і падтрыманне жыцця.

 – Але чаму ў свядомасці калгасніка – працаўніка і верніка – красці ў калгасе не ёсць грахом?

 – Калі я пачынала аналізаваць запісы размоваў з калгаснікамі пра крадзяжы ў калгасе, то ў пэўны момант я зразумела: тое, што мы называем крадзяжом у калгасе, – вельмі старая інстытуцыя своеасаблівага разумення ўзаемнасці, якая існавала задоўга да калгасаў.

Этнографы ХІХ ст. апісваюць, як такое падкраданне з панскіх палёў і лясоў было ў тыя часы, напрыклад, у Галіцыі. Ва Усходняй Беларусі мне распавядалі, што бульбу з калгаснага поля хавалі ў адмысловыя кішэні пад спадніцаю. А потым у этнографаў ХІХ стагоддзя я чытаю, што гэтыя вынаходніцтвы мелі тады сяляне Галіцыі.

І тут вельмі цікавае самое азначэнне крадзяжоў. Калгаснікі называюць гэта па-рознаму, і вельмі рэдка гавораць пра крадзеж. Гавораць «браць», «падбіраць» і г.д. І гэта ўпісваецца нават не ў 10 запаветаў, а ў нашмат старэйшую сялянскую канцэпцыю справядлівасці, фундаментам якой ёсць жыццё і падтрыманне жыцця, супольнасці. І тады гэта ня ёсць крадзежом. Не крадуць, а бяруць, і бяруць – не каб узбагаціцца, а каб пражыць. Калі «пан» не плаціць справядліва за працу селяніну, тады селянін «мае права» сам узяць сабе «з панскага» тое, што неабходна для выжывання ягонай супольнасці. У сялянскім ці калгасным бачанні свету няма гаворкі пра крадзеж, але – пра закон узаемнасці.

Чытайце ў трэцяй частцы «Калгаснай Атлантыды»: чым беларуская вёска на захадзе адрозніваецца ад усходняй ды каму трэба паставіць помнік у цэнтры Менску?

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў