«Мы паставім новыя крыжы ў свабоднай і незалежнай Беларусі!» Спецвыданне «Студыі Белсат»


У 1937-1942 гадах у Курапатах сталіністы тысячамі забівалі ні ў чым не вінаватых людзей, вынішчалі беларусаў як нацыю. Гэтымі днямі тыя, хто таксама пры ўладзе і ўсяляк намагаецца схаваць злачынствы савецкай улады, ламаюць курапацкія крыжы. Народную памяць, народны боль выдзіраюць і вязуць на сметнік. У «Студыі Белсат» працуе Валеры Руселік.

Другі дзень – па знакам знішчэння крыжоў у Курапатах. Неабыякавыя людзі сёння зноўку прышлі ўва ўрочышча, не зважаючы на ўчорашні масавы міліцэйскі хапун.

70 крыжоў, усталяваных летась актывістамі, працаўнікі Бараўлянскага спецлясгасу пад аховай сілавікоў знеслі ўчора. Улады сцвярджаюць, што крыжы пастаўленыя незаконна. На актывістаў, незадаволеных зносам, склалі адміністрацыйныя пратаколы пасля затрымання. Іх чакае суд.

03:20 – Галіна Абакунчык, карэспандэнтка:

«Цягам дня тут адбывалася некалькі сустрэчаў, пачатак быў пакладзены аб 11 гадзіне, калі сюды прыйшоў Павал Севярынец, Ніна Багінская, Вячаслаў Сіўчык. Яны таксама памаліліся, вырашалі, што рабіць цягам дня, якім чынам можна бараніць Курапаты. Спрабавалі паразмаўляць з будаўнікамі, гэта скончылася тым, што Ніна Багінская і Павал Севярынец былі затрыманыя і зараз знаходзяцца ў райаддзеле міліцыі. Больш пра іх пакуль нічога не вядома…»

05:40 – Сёння актывістаў Ніну Багінскую і Паўла Севярынца сілавікі зноўку затрымалі наўпрост у жывым эфіры «Белсату», у часе нашага стрыму ды пад камерамі журналістаў. Вось гэтыя кадры.

07:43 – Дарэчы, трэба нагадаць важны момант. Урочышча Курапаты з 1993 года ўнесенае ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Курапаты маюць афіцыйны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі. Гэта адпавядае катэгорыі найбольш унікальных каштоўнасцяў, вартасці якіх уяўляюць міжнародную цікавасць. Гэта цытаты з законаў, якія ў Беларусі пакуль ніхто не адмяняў і перад якімі павінны быць роўныя ўсе, нават тыя, хто мае пагоны або называе сябе прэзідэнтам. Пакуль жа ўлады едуць бульдозерам і па нашай памяці, і па законах нашай краіны – гістарычны экскурс у Курапаты, падрыхтаваны Юліяй Цяльпук.

12:20 – Дзіяна Серадзюк, журналістка «Новага часу»:

«Мне падаецца, пэўныя заклікі ўлада ўсё ж чуе. Недарэмна Лукашэнка ў сваёй «Вялікай размове» узняў тэму Курапатаў, значыць, яна да яго даходзіць. Але як гэта данесці – я не ведаю. Мне здаецца, што заклікаць да сумлення варта, але якім чынам мне складана адказаць. Я размаўляла і з міліцыянтамі, і з «іхтамнетамі» – такое адчуванне, што яны не разумеюць, што гэта за месца Курапаты, што гэта за злачынства ламаць там крыжы… Быццам гэта іншая рэальнасць…»

14:40 – Як да зносу курапацкіх крыжоў ставяцца простыя беларусы? З гэтым пытаннем «Белсат» выйшаў на вуліцы Менску.

16:28 – Зміцер Дашкевіч, абаронца Курапатаў:

«Гэта роспач, перад усім, я думаю. Калі я прыйшоў туды ўчора, ужо ўсе 70 крыжоў былі паваленыя і амаль усе вывезеныя. Галоўнае пачуццё, якое напаўняе, гэта роспач ад таго, што ты бяссільны нешта зрабіць з гэтым актам дзяржаўнага вандалізму. Зло заўсёды церпіць паразу, і тое, што яны зрабілі ўчора, – гэта жахлівы акт вандалізму без ніякіх юрыдычных прычынаў. Здавалася б, таталітарная дзяржава, у іх руках усё, яны могуць напісаць любы закон, любую пастанову – але нават пра гэта не патурбаваліся. Проста па-варварску прыслалі гэтую тэхніку і цягнулі крыжы трактарамі па глебе… Мы вернем крыжы. Мы паставім новыя ў свабоднай і незалежнай Беларусі…»

19:22 – Напярэдадні ўвечары больш за 200 асобаў прайшлі па Курапатах крыжовым шляхам, каб супольна памаліцца за бязвінных ахвяраў сталінскіх катаў. Разам з пратэстанцкім святаром Антоніем Бокунам людзі прачыталі малітвы на «Галгофе», а таксама заспявалі духоўны гімн «Магутны Божа». Вашай увазе – як гэта было.

21:05 – Каму і навошта спатрэбілася зносіць крыжы ў Курапатах? Нашая калега Любоў Лунёва запыталася ў грамадскага актывіста, сябра Сойму Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка:

«Гэтая акцыя спатрэбілася Маскве, і таму, выкарыстоўваючы страхі Лукашэнкі, што яго здымуць, праз яго быў дадзены загад знасіць гэтыя крыжы. Бо гэты чалавек ні разу ў Курапатах не быў і не будзе, думаю. Ён заўсёды адстойваў сістэмы, якія знішчалі беларусаў у 20 стагоддзі…»

25:11 – А вось яшчэ прыклад таго, як улады «шануюць сваё» ды як разумеюць, што ёсць «сваё». У Рэчыцы мясцовыя чыноўнікі выправілі «тэхнічную памылку», дапушчаную яшчэ 60 гадоў таму. Вуліцу паэта Адама Міцкевіча «выпраўляльнікі памылак» перайменавалі ў вуліцу чэкіста Яўгена Міцкевіча. Як распавялі Радыё Свабода ў мясцовым Савеце дэпутатаў, у 1959 годзе вуліцы называлі прозвішчамі людзей без імёнаў, і, называючы адную імем Міцкевіча, савецкія ўлады Рэчыцы нібы мелі на ўвазе не знакамітага паэта з Наваградчыны, а ганаровага чэкіста з Украіны, узнагароджанага за ліквідацыю антысавецкага беларускага падполля.

Вуліца і завулак Міцкевіча ў Рэчыцы – на ўскрайку гораду. Цяпер яны будуць насіць імя чэкіста Яўгена Міцкевіча. На гэтым тыдні стала вядома, што ўлады Слоніму адмовілі мясцовым жыхарам у перайменаванні плошчы Леніна ў плошчу Тэатральную. Слонімцы збіралі подпісы і даводзілі, што Ленін не мае аніякага дачынення да гораду. Паводле ж чыноўнікаў, анлайн-галасаванне на сайце дзяржаўнай газеты «Слонімскі веснік» паказала, што большасць тых, хто прагаласаваў, выказаліся за захаванне старой назвы. Шэраг іншых беларускіх вуліцаў носіць імёны катаў беларускага народу, аднак назвы застаюцца нязменныя.

Калі грамадзяне звяртаюцца да ўладаў з прапановаю вярнуць вуліцы гістарычную назву або назваць яе ў гонар выбітнага беларуса, то традыцыйны адказ гучыць прыкладна аднолькава: няма грошай, гэта вялікія выдаткі! Так і атрымліваецца, што грошы з нашай, а не чыноўніцкай кішэні на ўшанаванне катаў беларускага народу ёсць, а на нашых герояў – няма.

Такой была рэакцыя ў Фэйсбуку на перайменаванні вуліцы аднаго з кіраўнікоў Беларускага Дому ў Варшаве Уладзіміра Кобеца:

«Чаму не пачалі з перайменавання ўласна Рэчыцы? Напрыклад, у Гулаг, ці Сухадрышчынск? Дэградацыя розуму ў гэтых нікім не выбраных мудакоў дасягае нейкіх садамаза вышынь. Варта было б апублікаваць спіс тых, хто галасаваў, каб іх імёны не згубіліся ў архівах і выпадкова ў гонар каго-небудзь з гэтых аматараў НКВД не назвалі б нават задрыпаны завулак».

28:17 – Уладзімір Кобец, сустаршыня Беларускага Дому ў Варшаве і аўтар допісу ў «Студыі Белсат»:

«Мы бачым сёння хвалю НКВД-шнага самачыну па Беларусі. Крыжы, якія выкарчоўваюцца трактарамі – манумент гэтай уладзе. Крыж у лапах гэтага бульдозера. І я скажу, што рэакцыя ў свеце вельмі моцная. Мы зрабілі ўсё, каб тыя, хто стрыміў там – Франак Вячорка, Севярынец, Дашкевіч – каб гэта ўсё трапіла ў медыі… Крыжы валяць, як у 30-я гады валілі людзей…»

З нагоды падзеяў у Курапатах праваабарончыя арганізацыі Беларусі, у тым ліку Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека, праваабарончы цэнтр «Вясна» і «Прававая ініцыятыва» выступілі з супольнай заявай. Праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў Беларусі неадкладна спыніць працы па дэмантаванні крыжоў ва ўрочышчы, вярнуць іх на месца ды патлумачыць, хто і з якой мэтай іх дэмантаваў. А таксама забяспечыць ахову мемарыялу ад новых актаў вандалізму ды вызваліць усіх затрыманых абаронцаў Курапатаў.

Заява праваабарончых арганізацыяў з нагоды падзеяў у Курапатах:

«У Курапатах неаднаразова здараліся акты вандалізму, але вандалы ніколі не былі знойдзеныя і прыцягнутыя да адказнасці. Наступствы вандалізму ліквідуюцца людзьмі. Дзяржава не выконвае сваіх абавязкаў у ахове Курапатаў… Знос крыжоў мы расцэньваем як акт вандалізму з боку органаў улады. Гэта акт знішчэння народнай памяці».

32:50 – Учора ды сёння сілавікі ды ўмоўна невядомыя людзі ў цывільным без аніякіх тлумачэнняў і прад’яўлення дакументаў масава затрымлівалі абаронцаў Курапатаў, абураных зносам крыжоў. Часам нават папросту брутальна валаклі ў машыны за рукі-ногі. Толькі напярэдадні, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», былі затрыманыя 15 асобаў. Увечары людзей выпускалі з УУС Менскага раёну, склаўшы пратаколы за дробнае хуліганства.

34:40 – Ганна Канапацкая, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў:

«Калі мы гаворым аб абароне гісторыка-культурніцкіх каштоўнасцяў, то ўсе працы – будаўніцтва ці ўпарадкаванне – павінныя праводзіцца са згоды Міністэрства культуры. Гэта павінны быць зацверджаны план, узгоднены і зацверджаны. Пры любых працах павінныя быць дакументы, якія пацвярджаюць, хто заказчык, хто выканаўца, тэрмін, аб’ёмы, віды гэтых працаў. Мне як дэпутату на маё пытанне павінныя былі даць неадкладны адказ – я ніякага адказу не атрымала. У мяне ўзнікла пытанне да якасці гэтага чыноўніка».

Давайце прыгадаем, з чаго ўсё пачалося. Адмашкай для гэтай вакханаліі вакол Курапатаў сталася выказванне Аляксандра Лукашэнкі ў часе гэтак званай «Вялікай размовы» 1 сакавіка. Выканаўцы добра пачулі, што трэба рабіць. Дарэчы, з афіцыйнай старонкі кіраўніка дзяржавы акурат гэты фрагмент відэа з «Вялікае размовы» выдалілі. Але мы знайшлі гэтае выказванне Лукашэнкі. Давайце паслухаем.

«Крыжалом», як ужо ахрысцілі апошнія падзеі ў Курапатах, атрымаў шырокі розгалас не толькі ў Беларусі. Пра знішчэнне памятных крыжоў на месцы масавых сталінскіх расстрэлаў напісаў шэраг буйных замежных медыяў. Нашыя калегі, у прыватнасці BBC, нагадваюць сваім чытачам, што вялікі аматар савеччыны Лукашэнка – апошні дыктатар Еўропы, які ані пальцам не паварушыў, каб ушанаваць забітых у Курапатах.

Але гэта ацэнкі незалежных журналістаў. Што да тых, хто абслугоўвае Лукашэнку, там танальнасць зусім іншая. Гэтак газета адміністрацыі кіраўніка дзяржавы «СБ. Беларусь Сегодня», якая да нядаўняга часу называлася «Советской Белоруссией» (і гэта ў часы незалежнай Беларусі!) кінулася выбельваць свайго гаспадара. Ды так зацята, што скацілася да адкрытых абразаў і блюзнерства. Памятайце імя і прозвішча аўтара – Андрэй Мукавозчык:

«Ксяндзу Юрыю Санько чамусьці «вельмі шкада на гэта глядзець»… Калі ўтыркнуць чацвярцінку месяца ў суседскую градку, гэты сімвал таксама адразу ж стане сакральны, пра гэта боль? Не паблыталі б вы, свенты ойцец, божы дар з іншым… Каля сотні пяціметровых крыжоў, шчыра кажучы, шкада. З таго дрэва магло б атрымацца што-небудзь патрэбнае».

Нагадаем, аўтар – Андрэй Мукавозчык. Раптам хтосьці сустрэне яго на вуліцы ды зможа тады падзяліцца з ім сваім меркаваннем… Ну а мы тым часам выйшлі на вуліцы Менску ды запыталіся ў мінакоў, што яны думаюць пра гэты артыкул. І ці магло б з курапацкіх крыжоў атрымацца што-небудзь карыснае для людзей, як піша Мукавозчык?

Тым часам аўтар Радыё Свабода, медыяэксперт Франак Вячорка ў сваім профілі ў Фэйсбуку звяртае ўвагу на вельмі цікавае супадзенне:

«Вельмі паказальна, што зачыстка памяці пра Курапаты, кампанія супраць Каліноўскага (маўляў, ён аніякі не беларускі герой, паказальнае ігнараванне раскопак у Вільні) і мяккае зліццё шыльды БНР – усё гэта адбылося прыкладна ў адзін час. Гэта сведчыць пра тое, што барацьба за гісторыю трывае».

Завяршае ж свой допіс Вячорка высноваю: «Баюся, што гэта ўсё толькі пачатак, наперадзе шмат выпрабаванняў. І нам трэба бараніць сваё».

І яшчэ адна рэакцыя – ад нашых заходніх суседзяў. Партал «Znad Niemna.Pl» цытуе праз Польскае Радыё міністра замежных справаў Польшчы, які заклікаў улады Беларусі да годнага ўшанавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў:

«Шэф польскай дыпламатыі […] паведаміў, што акалічнасці прыбірання крыжоў высвятляюцца. Сярод іншага, гаворка вядзецца і пра тое, хто гэта ўчыніў. Яцэк Чапутовіч дадаў, што калі звесткі пацвердзяцца, «гэта быў бы дрэнны сігнал», бо «дзяржавы павінны памятаць пра смерці і ахвяры, у дадзеным выпадку, сталінскага рэжыму».

45:00 – Сяргей Навумчык, дэпутар Вярхоўнага Савету XII склікання:

«Знікненне палітычных апанентаў, разгон дэманстрацыяў можна спісаць на памылку ці палітычную барацьбу. І некаторыя нават гэта падтрымліваюць. Але тое, што адбылося ў Курапатах – тут галоўнае нават для большасці людзей, мне здаецца, нават не самыя Курапаты. Крыжы для людзей – гэта вельмі сакральная матэрыя. Я ўвогуле нават дзіўлюся, што Лукашэнка на гэта пайшоў. Але гэта такая рэч, якая потым адгукаецца ў пакаленнях…Мне шкада ягоных унукаў і праўнукаў, якія ў нічым не вінаватыя…»

Больш за 80 гадоў таму, у чорную ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, ва ўнутранай турме НКУС чэкісты знішчылі цвет беларускай нацыі, нашую нацыянальную эліту. Тады адным махам сталіністы расстралялі больш за сотню выбітных дзеячаў мастацтва, навукі і культуры. У 2017 годзе наш тэлеканал паказаў фільм рэжысёра Іллі Бажко «Зніклая паэзія» пра тыя трагічныя падзеі. Вашай увазе – невялікі фрагмент кінастужкі, у якім распавядаецца пра апошнія дні жыцця нашага суайчынніка, паэта Ізі Харыка.

А ў канцы выдання размаўляем з паэтам Уладзімірам Някляевым, які заклікае:

«Трэба скончыць з роспаччу і адправіць гэтую сатанінскую ўладу ў нябыт!»

У Студыі працаваў Валеры Руселік.

Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Што адбылося?

4 красавіка ва ўрочышчы Курапаты па загадзе ўладаў камунальнікі дэмантавалі 70 драўляных крыжоў, якія раней актывісты ўсталявалі на знак памяці ахвяраў сталінскіх расстрэлаў. Крыжы вырвалі з зямлі, паламалі і пагрузілі на трактар з нумарам, заматаным анучай. Афіцыйна гэта назвалі «добраўпарадкаваннем» урочышча.

Hавiны
Загалоўкі сусветных медыяў пра руйнаванне крыжоў у Курапатах
2019.04.05 12:35

5 красавіка ў Курапатах затрымалі актывістку Ніну Багінскую і палітыка Паўла Севярынца. 4 красавіка міліцыянты затрымалі 15 асобаў. Позна ўвечары іх выпусцілі.

Hавiны
«Лукашэнка, вы сатаніст»: інтэрнэт каментуе «добраўпарадкаванне» ў Курапатах
2019.04.04 20:45

Што адбылося ў Курапатах?

У 2018-м годзе споўнілася 30 год з моманту адкрыцця Курапатаў для Беларусі і ўсяго свету. Гэта лясны масіў за менскім Зялёным Лугам, проста на цяперашняй кальцавой дарозе. Там у 1937-41 гадах савецкія каты расстралялі дзясяткі тысяч невінаватых людзей, палюючы на «ворагаў народа».

Hавiны
Людзі крычалі і не разумелі, за што іх забіваюць. Сведка расстрэлаў у Курапатах узгадвае жудаснае відовішча
2018.09.27 13:00

 

Спецвыданне «Студыі Белсат» за 4 красавіка

belsat.eu

Стужка навінаў