Сяргей Філімонаў «Малефіцэнта: гаспадыня цемры». Рэцэнзія другой часткі сямейнага фэнтэзі

аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

Шмат хто чакаў вяртання Анджэліны на вялікі экран. Яно адбылося, а… ці будзе радасць новай сустрэчы? Анджэліна Джоўлі – яркая, таленавітая, выразная, харызматычная актрыса. Гэтая казка – яе чарговы бенефіс.

Першы фільм перайначваў знакаміты сюжэт пра «Спячую прыгажуню» на свой лад. Каб прыдумаць захапляльны працяг было цэлых пяць гадоў. Намаганні і таленты стваральнікаў новай казкі засяродзіліся на прыгажосці, а не сэнсах.

Ня ўсё тое «добрае», што здаецца «светлым»

Мая адмоўная рэцэнзія прысвечана сцэнарным правалам гэтага працягу. Новы сюжэт амаль паўтарае стары, з усімі поспехамі ды недахопамі. І выглядае другасным у параўнанні з большасцю вядомых фэнтэзі. Выхаванка Маліфіцэнты Аўрора прагне пабрацца шлюбам з прынцам, фея не згодная. Але чамусьці не ў стане скарыстацца чараўніцтвам, каб прадбачыць жудасныя наступствы свайго візіту ў каралеўскі замак. Сустрэча «бацькоў» жаніха і нявесты адбылася. Каралева задумала злое. Малефіцэнта з цяжкасцю бяжыць з «гасціннага палаца». Аўрора мусіць пабрацца шлюбам, але ўсё абяцае «крывавае вяселле», як у «Барацьбе тронаў».

Фота Disney

Параненую Малефіцэнту адшукалі сапляменнікі – «цёмныя эльфы». Сама яна аказваецца нашчадкам чароўнай птушкі Фенікс. А тусоўка ў вёсцы «цёмных эльфаў» да болю нагадвае тую частку фільма «Аватар», дзе гаворка ідзе пра тубыльцаў На-ві. Гэты каскад фантазіі і чараўніцтва мог бы гледача захапіць. Але чамусьці дзейсныя асобы казкі выглядаюць зусім дурнымі, вераць любым недарэчным рэплікам і бягуць неадэкватна рэагаваць на кожнае сумнеўнае слова. Гэта датычыцца і жыхароў Каралеўства Балот, і насельнікаў палаца, і эльфаў-сапляменнікаў Малефіцэнты.

На здымачнай пляцоўцы. Фота Disney

Фінал казкі пасыпаны патакай. Варта было нейтралізаваць злую каралеву, і ўсе неадкладна падабрэлі, вайна спынілася, а героі пачалі казаць палымяныя прамовы аб добрасуседстве і «сяброўстве назаўжды». Цукровая пудра перапоўніла малюнак і гукавую дарожку фільма. Памятаем, што рэйтынг фільма «6+». Мудрагелістыя сюжэтныя хады маглі б змарыць першаклашак, таму іх і няма. Але ў «Малефіцэнте: Гаспадыні цемры» шмат моцных бакоў. Таму ёсць сэнс напісаць і станоўчую частку рэцэнзіі.

Анджэліна Джоўлі яшчэ не страціла сваю харызму. У магутнасць яе гераіні верыш адразу і зусім. Мішэль Пфайфер таксама нагадвае пра сябе выбітным талентам. Абедзве каралевы перажылі цяжкія перыяды ў жыцці. Абедзве не грэбуюць спрэчнымі ўчынкамі. Але адна імкнецца да святла і дабра, а іншая ўпэўненая ва ўсёмагутнасці зла. Жанчыны з гэтай казкі кіруюць, як могуць, і ваююць паміж сабой за месца пад сонцам.

Анджэліна Джоўлі з дзецьмі на прэм’еры. Фота Disney

Эль Фанінг мілая. Але ў яе больш магчымасцяў паказаць свае таленты ў новым фільме Ўудзі Алена. Тут жа яна выступае ў амплуа «юнай дурніцы», якая наіўна верыць усім людзям і істотам. Увогуле, увесь акторскі склад казкі спраўляецца са сваёй працай добра.

Галоўная перавага «Малефіцэнты: Гаспадыні цемры» у надзвычай прыгожым кампутарным дызайне! Казачныя істоты, чароўныя кветкі, фантастычныя пейзажы… Ужо таму ёсць сэнс пайсці ў кінатэатр. Сусвет фільма насычаны вядзьмарствам, ператварэннямі, і, адпаведна, спец эфектамі вышэйшага гатунку.

Постэр стужкі. Фота Disney

Тры чвэрці фільма могуць захапіць і моцна ўразіць. Яшчэ адна чвэрць пасыпаная цукровай пудрай. Калі вы любіце занадта салодкія пірожныя ў кафетэрыі «Казачны замак», і нічога не маеце супраць моцна схуднелай Джоўлі, то і «Малефіцэнта» вам спадабаецца.

Мая ацэнка: для дарослых 5 з 10, для дзяцей 8 з 10.

Сяргей Філімонаў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары