Звольнілі магілёўскага зваршчыка, які паскардзіўся «Белсату» на нізкі заробак


Нагадаем, што сёлета на скрыню belsat.eu напісаў зваршчык, які ў адчаі распавёў пра дрэнныя ўмовы працы і заробак на ТАА «Протос».

За чэрвень яму налічылі Br 224, за ліпень – Br 207.

«Графік працы два дні праз два па 12 гадзінаў. Бывае, што і ў начныя змены просяць выйсці, нават не просяць, а ў добраахвотна-прымусовым парадку патрабуюць. У разліковым лісце, як бачыце, начных зменаў няма, малако за шкоднасць выдалі толькі 4 літры за 25 працоўных дзён на аднаго зваршчыка», – напісаў тры тыдні таму ў сваім лісце Віталь Сердзечны.

30 верасня Віталь паведаміў belsat.eu, што яго «папрасілі звольніцца».

«Кіраўніцтва адрэагавала на публікацыю і папрасіла звольніцца. Добра было б паглядзець на іхныя твары, калі яны гэта чыталі. Людзям адпускныя па тры месяцы не давалі, а пасля публікацыі артыкулу грошы адразу знайшліся. Цяпер я без працы, але не перажываю. Высокакваліфікаваныя зваршчыкі ўсюды патрэбныя. А на маім прадпрыемстве зноў сядзяць, кажуць металу няма, ну і, адпаведна, заробкаў не будзе», – напісаў Віталь Сердзечны.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў