Лукашэнка загадаў ствараць з былых вайскоўцаў лятучыя атрады для барацьбы з пратэстамі


Прызначаючы новых памочнікаў па Менску, Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях, Аляксандр Лукашэнка загадаў працаваць над стварэннем народных дружынаў для барацьбы з пратэстамі. Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба.

Нагадаем, сёння Лукашэнка прызначыў Валерыя Вакульчыка сваім памочнікам па Берасцейскай вобласці, Юрыя Караева – па Гарадзенскай вобласці, Аляксандра Барсукова – па Менску.

«Нам трэба не фармальнай зрабіць працу народных дружын. Яны пачалі працаваць, але яшчэ ў поўную сілу не разгарнуліся. Вы бачылі, як было ў Кыргызстане: хаос поўны, усе сілавікі разбегліся, няма каму абараняць краіну. Хто ўзяў на сябе адказнасць? Народныя дружыны. Яны падцягнулі міліцыянтаў, што паразбягаліся, яны спецслужбы падцягнулі да сябе і вайскоўцаў. І стварылі магутныя народныя дружыны. І на працягу сутак загасілі ўсе пажары», – адзначыў Лукашэнка.

«Таму народныя дружыны павінны працаваць. Яны ў рэшце рэштаў павінны схамянуцца і абараняць. Не трэба краіну, мы з вамі – генералы і іншыя людзі, амапаўцы, унутраныя войскі, армія – забяспечым абарону краіны. Няхай забяспечаць абарону сваіх дамоў», – сказаў ён.

Ён адзначыў, што ў мабільныя атрады варта прыцягваць былых вайскоўцаў.

«Паглядзіце, колькі зваротаў гэтых былых вайскоўцаў, афганцаў. Колькі мужыкоў, а жанчын…, яшчэ больш, чым мужыкоў: вазьміце нас, мы будзем у дружынах, мы будзем у атрадах, мы шмат што можам! Чаму не прыцягнуць нам, аж да ўзбраення, у гэтыя лятучыя атрады былых вайскоўцаў? Яны могуць нам выдатна дапамагчы. І трэба, каб кожны чалавек адчуў, што ён абараняе сваю сям’ю і сваю зямлю», – рэзюмаваў Лукашэнка.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў